Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«І Беларусь — наша». У Расеі адказалі на «наш Калінінград» Лукашэнкі


Губэрнатар Калінінградзкай вобласьці Антон Аліханаў
Губэрнатар Калінінградзкай вобласьці Антон Аліханаў

Губэрнатар Калінінградзкай вобласьці Расеі Антон Аліханаў вечарам 25 лістапада пракамэнтаваў расейскаму выданьню РБК заяву Аляксандра Лукашэнкі пра «беларускі Калініград».

«Нічога дрэннага Аляксандр Рыгоравіч ня меў на ўвазе, — перакананы Антон Аліханаў. — Досыць вялікая колькасьць беларусаў у свой час пераяжджала жыць і працаваць у Калінінград, цяпер у нас добрыя сувязі і на чалавечым узроўні, і на ўзроўні прадпрымальнікаў».

Ён дадаў, што са свайго боку можа сказаць, «што і Беларусь таксама „нашая“ ў тым сэнсе, што гэта братні народ», а «браты адзін аднаго ж не называюць чужымі» і «мы адказваем адзін за аднаго».

25 лістапада Аліханаў сустракаўся з Лукашэнкам у Менску. Сярод іншага Лукашэнка назваў Калінінградзкую вобласьць гістарычна блізкай да Беларусі. ​

«Я і Ельцыну, і Ўладзіміру Ўладзіміравічу [Пуціну] часта казаў, калі абмяркоўвалі нейкія праблемы: Калінінград — гэта наша вобласьць, мы за яе адказвалі і адказваем перш за ўсё, а не Расея, — казаў тады Аляксандар Лукашэнка. — Пуцін кажа: „Я ня супраць“. А ў гэтым вялікая гісторыя. Яшчэ ў савецкія часы, калі была адзіная краіна, шмат было размоваў на найвышэйшым узроўні аб тым, каб далучыць Калінінградзкую вобласьць да Беларусі. Тады было ўсё роўна.

Можа, добра, што не зрабілі, бо Крым далучылі да Ўкраіны — выявілася, што „няправільна“ зрабілі. Тым ня менш такіх размоваў было шмат, і фактычна мы ў Беларусі былі па шматлікім пытаньнях адказныя за Калінінградзкую вобласьць, бо былі найбліжэйшымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG