Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як гісторык кажу». Лукашэнка назваў ленінградцаў «народам», які быў «пад акупацыяй»


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным 18 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу Аляксандар Лукашэнка выказаўся пра гісторыю Другой усясьветнай вайны. Відэа ягонага выказваньня апублікаваў у Telegram карэспандэнт расейскага РИА Новости.

«Мушу вам сказаць як гісторык, няхай не пакрыўдзяцца на мяне іншыя народы, але я лічу, што беларусы і ленінградцы пацярпелі ў гады Вялікай Айчыннай вайны больш за любыя народы, — казаў Лукашэнка. — Мы больш за каго-небудзь разам зь ленінградцамі знаходзіліся пад акупацыяй».

«Калі нас на Захадзе крытыкуюць — раней больш, цяпер трошкі менш, але гэта не таму, што ў іх сумленьня больш зьявілася, — я ім кажу: вы яшчэ з намі не разьлічыліся за тую апошнюю вайну, якая спароджаная была вамі на нашай тэрыторыі, — перадае БелаПАН іншую заяву Лукашэнкі з той прамовы. — А мы яшчэ ад той цяжкай вайны за гэтыя сем дзесяцігодзьдзяў не аднавіліся. Таму вы акуратней з правамі чалавека, дэмакратыяй і іншай крытыкай, якую мы чуем, часам неабгрунтавана, у наш адрас».

Тэрыторыя Беларусі была пад нямецкай акупацыяй амаль з самага пачатку вайны паміж СССР і Нямеччынай: нацысты пачалі наступ 22 чэрвеня 1941 году, 28-га ўзялі Менск, у ліпені ўжо ішлі на Смаленск. Саветы цалкам выгналі нацыстаў з тэрыторыі БССР у жніўні 1944 году. Афіцыйны Дзень незалежнасьці Беларусі адзначаецца 3 ліпеня ў гонар вызваленьня Менску саветамі ад нацыстаў. Страты Беларусі ў Другой усясьветнай вайне ацэньваюцца прыблізна ў 3 млн чалавек — раней сьцьвярджалася, што загінуў кожны чацьвёрты, цяпер кажуць нават, што кожны трэці.

Ленінград — цяперашні Санкт-Пецярбург — ня быў акупаваны немцамі, але быў у блякадзе, якая трывала ад 8 верасьня 1941 году да 27 студзеня 1944-га. У баях тады загінулі больш за 300 тысяч савецкіх вайскоўцаў, а больш за 600 тысяч цывільных жыхароў трохмільённага гораду памерлі ад голаду.

Зрэшты, пад чыёй акупацыяй знаходзіліся ленінградцы, Лукашэнка не ўдакладніў. Праўдападобна, меў на ўвазе, што пад нацысцкай.

Значных заяваў пра існаваньне «ленінградзкага народу» не гучала, хоць прыхільнікі незалежнасьці Санкт-Пецярбургу існуюць, называюць сябе інгерманляндцамі і маюць свой сьцяг. У 2014 годзе нават падавалі заяўку на рэфэрэндум аб аддзяленьні гораду ад Расеі, але ня столькі з надзеяй на незалежнасьць, колькі з мэтай паказаць немагчымасьць рэфэрэндумаў у Расеі.

Раней за Лукашэнкам заўважалі і іншыя памылковыя гістарычныя заявы — пра Скарыну, які жыў і тварыў у Піцеры, і пра вершы Васіля Быкава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG