Тое, што перажылі беларусы ў Вільні 22 лістапада падчас перапахаваньня Кастуся Каліноўскага, думаю, ніхто зь іх не забудзе да канца жыцьця. Гэта была неверагодная, містычная падзея, у якой, бясспрэчна, бралі ўдзел ня толькі людзі, але і нябёсы.
Падзяка Літве і беларусам
Велізарная падзяка і паклон у ногі належыцца ўладам Літвы. Цырымонія дзяржаўнага пахаваньня была зладжана на найвышэйшым арганізацыйным і эмацыйным узроўні.
Велічная багаслужба з шырокім выкарыстаньнем беларускай мовы, найвышэйшы склад удзельнікаў, беззаганны рытуал, маршыроўка ганаровай варты, вусьцішны барабанны дробат, калёна біскупаў і сьвятароў перад трунамі, тысячы беларусаў пад нацыянальнымі сьцягамі — усё гэта застанецца ў розумах і сэрцах людзей назаўжды. Дзякуй Літва!
І дзякуй беларусы! Вы, а не ўрад, уратавалі гонар Беларусі!
Тым больш прыкра, што ў гэтай аграмаднай бочцы зь мёдам знайшліся і чатыры маленькія лыжкі дзёгцю. Мова ідзе пра тэрміналёгію, выкарыстаную прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам падчас прамовы ў віленскай катэдры.
Першая недарэчнасьць
Гаворачы пра цудоўную сымфонію культур, якая гучала ў Рэчы Паспалітай на працягу 400 гадоў яе існаваньня, прэзыдэнт сказаў, што гэтую сымфонію было чуваць па-польску, па-літоўску, па-руску, на ідышы і на многіх іншых мовах — «słychać było mowę polską, litewską, ruską, jidysz i wiele innych».
Тут дзьве недакладнасьці. Па-першае, Рэч Паспалітая ўсё ж існавала крыху больш за 200 гадоў, а не 400. Пэрсанальную Крэўскую ўнію нельга лічыць пачаткам Рэчы Паспалітай. Па-другое, на месцы згадкі пра «рускую» мову ў ХХІ стагодзьдзі павінны былі стаяць «беларуская» і «ўкраінская».
У выніку на заўтра галоўнае інфармацыйнае агенцтва Польшчы — PAP — пераказваючы прамову Дуды, назвала згаданую Дудам у гэтым месцы «рускую» мову «расейскай»!
Другая недарэчнасьць
Падчас прамовы прэзыдэнт Польшчы агучыў лёзунг папярэдняга паўстаньня «За нашу і вашу свабоду» на трох мовах — па-польску, па-літоўску і па-беларуску (!). І тут жа недарэчна заявіў, што гэты ж лёзунг быў напісаны на штандарах і ў сэрцах герояў студзеньскага паўстаньня 1863 году па-польску, па-літоўску і па-руску — «To samo hasło na sztandarach i głęboko w sercach wypisane mieli wszyscy nasi bohaterscy bojownicy — po polsku, litewsku, rusku».
Дык па-руску ці па-беларуску?
Трэцяя недарэчнасьць
Згадваючы пра ўдзел татар-мусульман у супольнай барацьбе народаў былой Рэчы Паспалітай на тэрыторыі былога ВКЛ, прэзыдэнт Польшчы сказаў, што гэтая барацьба адбывалася на Літве і Русі — «w partiach powstańczych na Litwie i Rusi, obok chrześcijan, walczyli także Tatarzy, muzułmanie od stuleci pozostający w służbie Rzeczypospolitej».
Няма ніякай (апрача наўмысна палітычнай ці ненаўмысна недарэчнай) прычыны, выкарыстоўваць у ХХІ стагодзьдзі тэрміналёгію XIV-XVIII стагодзьдзяў, нават калі ў Польшчы некаторыя публіцысты называлі Беларусь «Русьсю» аж да пачатку ХХ стагодзьдзя.
Чацьвёртая недарэчнасьць
Нарэшце, характарызуючы двух лідэраў паўстаньня, труны якіх стаялі асобна ад рэшты герояў, прэзыдэнт Польшчы назваў Кастуся Каліноўскага лідэрам паўстанцаў Горадзеншчыны, будзіцелем беларускага народу да супольнай з палякамі і літоўцамі вайны за скідваньне маскоўскага ярма — «oraz Wincentego Konstantego Kalinowskiego — przywódcy powstańczej Grodzieńszczyzny, budziciela ludu białoruskiego do wspólnej z Polakami i Litwinami walki o zrzucenie moskiewskiego jarzma».
Тут, канечне, зьвяртае на сябе ўвагу фраза «лідэр паўстанцаў Горадзеншчыны». Гісторыя, аднак, сьведчыць пра іншае.
- Кастусь Каліноўскі ў кастрычніку 1862 году ўзначаліў Літоўскі правінцыйны камітэт.
- 1 лютага 1863 году Каліноўскі ўзначаліў Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі.
- У сакавіку 1863 году Каліноўскага адхілілі ад пасады «белыя» (кансэрватары, прыхільнікі шчыльнага саюзу з Польшчай) і накіравалі яго на пасаду рэвалюцыйнага камісара Горадзенскага ваяводзтва.
- У жніўні 1863 году Кастусь Каліноўскі вярнуўся да кіраўніцтва ўсёй узброенай барацьбой на тэрыторыі Літвы і Беларусі і стаў старшынём Выканаўчага аддзелу Літвы.
Выбраўшы кароткі пэрыяд знаходжаньня Каліноўскага на пасадзе рэвалюцыйнага кіраўніка Гарадзеншчыны, аўтары прамовы польскага прэзыдэнта зрабілі яму дрэнную паслугу.
Яны прынізілі ролю Каліноўскага ў паўстаньні і выклікалі падазрэньне, што зрабілі гэта наўмысна ў адказ на незалежніцкую рыторыку айца-заснавальніка мадэрнай Беларусі.
Падзяка Анджэю Дуду
Гістарычна беларускі і польскі народы зьвязаны тысячамі культурных і асабовых ніцяў, а многіх дзеячаў культуры ХІХ стагодзьдзя мы наогул называем беларуска-польскімі.
І сёньня Польшча аказвае велізарную дапамогу дэмакратычнай Беларусі — гэта і спрыяньне НДА, і студэнцкая праграма Каліноўскага, і тэлеканал Белсат, і шмат чаго іншага.
Я думаю, што зьяўленьне ў рыторыцы найвышэйшай афіцыйнай асобы Польшчы тэрміналёгіі XIV-XVIII стагодзьдзяў — гэта прыкрая недарэчнасьць, якую дапусьцілі аўтары прамовы. Тым больш, што прамова прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы была ў гэтым сэнсе бездакорнаю.
Але, нягледзячы на тэндэнцыйныя памылкі сьпічрайтэраў, прамова прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды ўсё роўна была прыхільнаю да Беларусі і беларусаў. Дзякуй яму за гэта!
А ці захоча ён пасьля паездкі ў Вільню зьмяніць аўтараў сваіх прамоваў — гэта ўжо яго асабістая справа як палітыка і як чалавека.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.