Днямі кіраўнік дзяржавы дапоўніў слоўнік тэрмінаў, неабходных для эфэктыўнага кіраваньня. Цяпер уладная вэртыкаль абавязана іх пераняць і правільна ўжываць. Разьбяром іх па парадку.
1. Мудак
Я дал распоряжение милиции, чтобы они жёстко пресекали подобные случаи. (…) Жёстко — это значит если какой-то, извините меня, мудак или придурок начинает бросаться на избирателей, — чтоб ему вставили мозги так, чтобы ему больше этого не хотелось. Вы понимаете, о чём я говорю? Вы знаете, как это умеют милиционеры делать.
Высокае ўказаньне прагучала па-расейску, але з узорным беларускім вымаўленьнем. Што азначае слова „мудак“? Яго ж няма ў слоўніках беларускай і расейскай літаратурных моваў.
Вы зьдзівіцеся, але ў беларускай і расейскай слова гэтае мае розныя значэньні і розны статус!
1-а. Мудак беларускі
Нашыя гаворкі ведаюць слова мудак у значэньні ‘павольны, нерашучы чалавек’ — так яго запісаў каля Азярышча на Віцебшчыне Мікола Касьпяровіч у 1920-я гады. На паўночным захадзе (ад Браслава да Дзятлава) гэта проста крыўднае слова — тое самае, што ‘дурань’. „Вот дзе мудак, гаворыць абы-што“ (Сьвянцяны).
Паходзіць ад дзеяслова мудзíць ‘марудзіць’, які стаў азначаць таксама ‘гаварыць недарэчнасьці’. Падобны дзеяслоў ведаюць практычна ўсе іншыя славянскія мовы. Наш праставаты і крыху замаруджаны мудак этымалягічна ніяк не зьвязаны з мудáмі і мудазвонамі.
1-б. М...(пі-і-іп)...к расейскі
А вось расейскі мудак куды больш калярытны. У дыялектах гэта ‘племянны самец авечкі’ і ‘мужчына, які вядзе бязладнае асабістае жыцьцё’, ‘хлус’ (запісана на Пскоўшчыне). Слова яўна зьвязана з „мудями“, ад іх і паходзіць.
Натуральна, „мудака“ ведае і расейскае крымінальнае арго. Першае значэньне — ‘membrum virile’. Другое і трэцяе — пра чалавека: ‘нікчэмнасьць, наіўны, прасьцяк’ (відавочна, тут паўплывала беларуская мова). Гэта паводле культавага „Словаря тюремно-лагерно-блатного жаргона“ (Балдаев Д. С., Белко В. К., Исупов И. М.; Москва, 1992.)
Служыць гэты выраз у крымінальным сьвеце і ўнівэрсальнай абразай (гл. 1-е значэньне). Таму невыпадкова ў расейскіх літаратурных і выдавецкіх колах рэгулярна ўзнаўляецца пытаньне пра статус слова — ці лічыць яго прымальным у публікацыях, ці шыфраваць кропачкамі: м...к.
Вось жа наша слова „мудак“ куды больш нэўтральнае і „цэнзурнае“, чым адпаведнае расейскае. Але ньюзмэйкер, кажучы, што „нейкі мудак ... пачынае кідацца на выбарнікаў“, яўна ўжывае яго не ў беларускім народным (пра замаруджанага), а ў расейскім крымінальным значэньні. Таварышы вэртыкаль, гэтае тлумачэньне для вас, каб не папуталі рамсы. (Што? Ня ведаеце, што значыць „путаць рамсы“? Значыць, рана вам кіраваць народам.)
2. На храна
Нам каждый год подсовывают новые условия. И в результате мы постоянно в экономике что-то теряем. Извините меня, на хрена нужен кому такой союз? Я уже вам говорю по-деревенски, по-крестьянски, по-мужицки.
Заўвага: калі аб’ект нашага моўнага аналізу ўводзіць новае слова ў афіцыйную практыку, ён яго меціць прабачэньнямі або тлумачэньнямі („по-деревенски“). Як правіла, уведзеныя раней стратэгічныя словы (наклонить, париться) ён ужо не пазначае такімі прабачальнымі маркерамі.
Разьбяром выраз „на хренá“. Слова „хрэн“ ужыта ў дзіўнай граматычнай форме і зь дзіўным націскам. Што ж гэта за форма „на хренá“? Адказ дае „Словарь русского арго“ Ўладзіміра Елістратава:
хрен, -а, м. 1. пренебр. Любой человек. 2. Мужской половой орган.
Так, гэта эўфэмізм да абсцэннага слова на той самы гук Х (падобнае адбылося зь нічым не вінаватаю назваю кірылічнай літары „хер“) і да вядомага ўстойлівага выраза з прыназоўнікам „на“. Таму такі канчатак і націск.
Значыць, выраз „на хрэна“ зусім не „деревенский, крестьянский, мужицкий“, а ўзяты з расейскага крымінальнага арго.
Як бачым, і „мудак“, і „хрен“ у мове расейскай турмы бываюць поўнымі сынонімамі — у значэньні ‘membrum virile’. Тут не выпадае аналізаваць прычыны такіх лексычных прэфэрэнцыяў аўтара выказваньняў. Нагадаю толькі, што адрасатам выказваньня пра „інтэграцыю“, патрэбную для нейкага „хрена“, быў лідэр суседняй краіны, які мае шмат тытулаў, эпітэтаў і мэтафарычных найменьняў. Магчыма, гэта паўплывала на выбар слова.
3. Што рабіць зь няправільнымі мазгамі
Асобная важная інструкцыя адпаведным органам — „вставить мозги“ (відаць, вышэйзгаданым „мудакам“).
Расейскаму „вправить мозги“ па-беларуску адпавядае фразэма „мухі выгнаць“ [з галавы], на маю думку, не агрэсіўная і больш адпаведная нашаму мэнталітэту. Але афіцыйныя слоўнікі даюць таксама і „ўставіць мазгі“. Г. зн. аўтар выказваньня выбраў даволі беларускую форму (невыпадкова яна была навіной для расейскай мэдыяпрасторы, якая жыва абмяркоўвае менскія лексычныя вынаходкі.) Адпаведна спэцслужбы і міліцыя цяпер мусяць прапісаць альгарытм „Устаўляньне [правільных] мазгоў мудакам“ па-беларуску. І напісаць гэта на дручках.