Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка расчараваны Расеяй: «На храна патрэбен такі саюз?»


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Падчас сустрэчы з журналістамі на выбарчым участку Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў пэрспэктывы пагадненьня аб паглыбленьні інтэграцыі з Расеяй — адпаведныя дакумэнты бакі маюць падпісаць 8 сьнежня.

«Ніводзін дакумэнт мною ня будзе зацьверджаны і падпісаны, калі ён будзе супярэчыць Канстытуцыі і фундамэнтальным прынцыпам нашага грамадзтва, — запэўніў кіраўнік Беларусі. — А самы галоўны прынцып — гэта сувэрэнітэт і незалежнасьць дзяржавы. Таму ня трэба ніякай кансьпіралёгіі, усё робіцца адкрыта. І калі ня будуць вырашаны прынцыповыя моманты — пастаўка вуглевадародаў, адкрыцьцё рынкаў для нашых тавараў, зьняцьцё гандлёвых бар’ераў — ніякія дарожныя мапы ня могуць быць падпісаныя».

Лукашэнка паўтарыў, што Беларусь не зьбіраецца быць нахлебніцай у Расеі. І прывёў прыклад ЗША, якія распачалі эканамічную вайну з Кітаем, бо ўтварыўся велізарны дэфіцыт у гандлёвым балянсе. Тое ж і ў стасунках Беларусі з Расеяй — паводле яго падлікаў, на кантрактах, найперш вуглевадародных, беларускі бок у мінусе на 9 мільяраў даляраў штогод.

«Гэтыя грошы нам трэба недзе зарабіць, найперш на расейскім рынку. А яны нам выбудавалі бар’еры, не пускаюць туды па цэлым шэрагу тавараў, — абурыўся Лукашэнка. — Бо калі ты ўступаеш у нейкае аб’яднаньне, на што разьлічваеш? Што з кожным месяцам, годам будзе лепей. Што маем? Нам кожны раз падсоваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем. Прабачце, на храна патрэбен такі саюз? Я адкрыта гэта магу і Пуціну сказаць: дзе нам узяць 9 мільярдаў, каб пакрыць дэфіцыт у гандлі? Мы іх пакрываем за кошт іншых рынкаў!»

Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што будзе пасьлядоўна патрабаваць ад Масквы роўных умоваў для суб’ектаў гаспадараньня дзьвюх краінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG