Праграміст Глеб Пятроў стварыў старонку Kalinouski.me, дзе разьмясьціў падрабязны расклад мерапрыемстваў на 22–24 лістапада з нагоды перапахаваньня паўстанцаў 1863–64 гадоў у Вільні.
Адзін робіць сайты для ініцыятываў
Падобныя праекты Пятроў робіць з уласнай ініцыятывы не ўпершыню. Летам праграміст зрабіў сайт кампаніі супраць закону аб адтэрміноўках protestby.live. Цяпер сайт не працуе, бо ініцыятыва сябе вычарпала.
«Я актыўна назіраю за любымі ініцыятывамі, і калі бачу, што магу зрабіць нейкі свой унёсак, то прапаную дапамогу. Я вэб-распрацоўшчык і найбольш эфэктыўна магу дапамагаць у гэтай галіне».
Зараз у фокусе ўвагі Пятрова — перапахаваньне Каліноўскага і праект для выяўленьня фальсыфікацый на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году.
7 пытаньняў і адказаў пра Кастуся Каліноўскага
💸Сайт каштаваў 4 эўра.
⏰Распрацоўка заняла 4 гадзіны.
Пятроў называе сайт Kalinouski.me «неверагодна простым праектам». Па сутнасьці, гэта статычны аднастаронкавы лэндзінг. Каб зрабіць такую старонку, спатрэбілася 4 гадзіны, уключна з купляй дамэну і хостынгам.
Для сайту Пятроў выкарыстоўваў свой уласны сэрвэр, на якім можна разьмясьціць каля дзясятка такіх сайтаў. Адзіны грашовы выдатак — набыцьцё дамэну за 4 эўра.
Пятроў ня ўпэўнены, што сайт будзе абнаўляцца пасьля перапахаваньня Кастуся Каліноўскага, бо ня ведае, як можна разьвіваць праект далей. Але калі нехта мае ідэі наконт разьвіцьця сайта, Пятроў абяцае іх разгледзець і просіць пісаць яму ў фэйсбук.
Перапахаваньне паўстанцаў — на Свабодзе
Свабода будзе весьці жывую відэатрансьляцыю з цырымоніі перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага 22 лістапада ў Вільні. Сачыце за далейшымі абвесткамі на svaboda.org і ў нашых сацсетках.
Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага
Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.
- Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
- У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
- У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
- У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
- Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
- Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
- У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
- У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.
Публікацыі на тэму
- Што важна ведаць пра Кастуся Каліноўскага
- Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі
- Як расейцы пахавалі Кастуся Каліноўскага: рукі зьвязаныя за сьпінай, цела засыпанае вапнай. ФОТА
- «Гэта страшная праўда». Як шукалі і «знайшлі» магілу брата Кастуся Каліноўскага
- 40 мясьцінаў у Беларусі, дзе можна ўшанаваць паўстанцаў Каліноўскага. МАПА