Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Поўны абсурд». Лукашэнка выказаў прэтэнзіі Расеі за сытуацыю на беларуска-расейскай мяжы


Ілюстрацыйнае фота. На беларуска-расейскай мяжы @Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота. На беларуска-расейскай мяжы @Shutterstock

14 лістапада Аляксандар Лукашэнка прыняў з дакладам аб узаемадзеяньні Беларусі і Расеі ў памежных пытаньнях старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоля Лапо і дзяржсакратара Савету бясьпекі Станіслава Зася, паведамляе БЕЛТА.

Падчас гэтай сустрэчы Лукашэнка падкрэсьліў, што Беларусь на 100% выконвае свае абавязаньні ў ахове беларуска-расейскай мяжы і «проста ў разы больш эфэктыўна працуе на сумесных межах», але цяпер ва ўзаемадзеяньні памежных ведамстваў Беларусі і Расеі існуюць пэўныя праблемы.

Пра перасоўваньне замежнікаў празь беларуска-расейскую мяжу

Напрыклад, ня ўсе грамадзяне трэціх краінаў бесьперашкодна праяжджаюць беларуска-расейскую мяжу: калі грамадзянін Эўразьвязу заехаў празь мяжу пад Берасьцем, то, паводле Лукашэнкі, «яго могуць пад Смаленскам не прапусьціць нават з расейскай візай».

«Яго вяртаюць назад: давай заедзь праз латвійска-расейскую мяжу ці ж праз (дзіўна!) украінска-расейскую. Гэта што такое? Быццам бы ўсё добра, але гэта пытаньне, — выказаў зьдзіўленьне Лукашэнка тым, што адбываецца. — Агульная прастора Беларусі і Расеі. Не, кажуць: «Вяртайся назад і заяжджай праз Латвію. Што гэта за абсурд? І гэтае пытаньне з расейцамі трэба вырашаць».

«Навошта? Лішнія хабары?» Пра чэргі і праверкі грузавікоў

Яшчэ адной праблемай Лукашэнка назваў чэргі грузавога транспарту на беларуска-расейскай мяжы, якія «пэрыядычна дасягаюць 10 км і больш».

«Грузавікі, якія едуць празь Беларусь у Расею, выстройваюцца для надгляду, і ня толькі памежнага: і мытнага, і фітасанітарнага, і іншага. Як так? Агульная мяжа, дамовіліся... Пад Берасьцем гэтую машыну вывернулі навыварат — ведаем, куды ідзе, што вязе. Перадалі інфармацыю РФ. Яны зноў спыняюць гэтыя аўтамабілі пад Смаленскам, Псковам, Бранскам і пачынаюць назад выварочваць. Гэта ненармальна. Мы, вядома, вытрываем, выцерпім. Але тады ня трэба ад нас чагосьці патрабаваць», — заявіў Лукашэнка, назваўшы сытуацыю «поўным абсурдам».

«Навошта? Лішнія хабары? Мы ж ведаем, як яны працуюць, я прэзыдэнта Расеі інфармаваў пра гэта», — дадаў ён.

«Трэба палічыць, чаго нам каштуе абарона сумеснай мяжы»

Паводле Лукашэнкі, між памежнікамі Беларусі і Расеі, паміж вайскоўцамі і транспартнікамі праблем няма, але «калі ўсе пытаньні выводзяцца на ўрадавы ўзровень, раптам зьяўляецца куча пытаньняў».

«Як вынік, нас пастаянна папракаюць: „Мы ледзь не ўтрымліваем Беларусь. Яна абрынецца, калі мы яе ня будзем датаваць, утрымліваць“. Трэба палічыць, чаго нам каштуе абарона сумеснай мяжы», — абурыўся Лукашэнка.

Ён нагадаў, што цяпер Беларусь і Расея вядуць перамовы па паглыбленьні інтэграцыі. Паводле яго, усе пытаньні, якія ўзьнікаюць, неабходна «зьвесьці, пакласьці на стол і паказаць: старэйшыя браты-расейцы, вы паглядзіце, якія паслугі мы вам аказваем, і гэта нятанна».

«Ня трэба вякаць у сродках масавай інфармацыі і нават ужо на дзяржаўным узроўні, што беларусы — гіра на нагах», — заявіў Лукашэнка. Паводле яго, трэба, каб расейскае грамадзтва ведала, што «ніякія беларусы не нахлебнікі, што рускаму чалавеку, расейцу, у Беларусі ня горш, чым у Расеі». «Давайце прама казаць: лепш, чым у Расеі», — дадаў Лукашэнка.

«Таму, калі расейскае кіраўніцтва гатовае ў гэтым кірунку дзейнічаць, тады давайце будзем зь імі заключаць новую дамову па абароне нашых межаў. Калі расейцы ня хочуць гэтага, тады нам трэба быць гатовымі, як мы і робім цяпер, дзейнічаць, абараняючы свае інтарэсы ад імя Рэспублікі Беларусь, у адзіночку». — заключыў Лукашэнка.

***

У 1995 годзе Беларусь і Расея падпісалі дамову аб сумесных намаганьнях у ахове вонкавай мяжы Саюзнай дзяржавы. Яе аўтаматычна падаўжаюць кожныя пяць гадоў, і ў лістападзе зноў заканчваецца тэрмін дзеяньня гэтага дакумэнту. Беларускія і расейскія памежнікі ўзаемадзейнічаюць у некалькіх кірунках: сумесна супрацьстаяць незаконнай міграцыі, выяўляюць датычных да экстрэмізму, перарываюць каналы паставак наркотыкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG