Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея зробіць міжнародны пункт пропуску на мяжы зь Беларусьсю дзеля зручнасьці іншаземцаў


Ілюстрацыйнае фота. На беларуска-расейскай мяжы, каля вёскі Завольша
Ілюстрацыйнае фота. На беларуска-расейскай мяжы, каля вёскі Завольша

Расея ініцыюе арганізацыю міжнароднага пункту пропуску на мяжы Смаленскай вобласьці і Беларусі ў пасёлку Красная Горка. Як паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе абласной адміністрацыі, гэтае пытаньне падчас сустрэчы 14 лістапада ў Маскве абмяркоўвалі прэм’ер-міністар Дзьмітрый Мядзьведзеў і губэрнатар Аляксей Астроўскі.

Цана пытаньня — 800-кілямэтровы «крук»

Згодна з нарматывамі, замежныя грамадзяне ня могуць заехаць зь Беларусі на тэрыторыю Расеі праз Смаленскую вобласьць. Паводле абласной адміністрацыі, гэта адмоўна адбіваецца на турыстычнай галіне і прыцягненьні інвэстыцый у рэгіён.

Красная Горка — гэта пераход толькі для расейцаў і беларусаў, а каб трапіць у Смаленск, іншаземцу неабходна зрабіць «крук» у 800 кілямэтраў — праз Гомель і адтуль на міжнародны пункт пропуску «Новыя Юркавічы».

Пры тым, што праз Смаленшчыну праходзяць 75% грузаў з Эўропы ў Расею і 35% расейскіх грузаў, на беларускай мяжы са Смаленшчынай і Пскоўшчынай міжнародных пунктаў пропуску няма ўвогуле. Найбліжэйшы — згаданыя «Новыя Юркавічы» ў Бранскай вобласьці — месьціцца на сутыку беларускай, расейскай і ўкраінскай межаў. На Браншчыне ёсьць яшчэ два памежныя пераходы на ўкраінска-расейскім памежжы — «Погар» і «Траябортнае». Таксама можна скарыстацца міжнароднымі пунктамі пропуску на мяжы з краінамі Балтыі.

Як адзначылі ў смаленскай адміністрацыі, цяпер разглядаецца магчымасьць унясеньня адпаведных зьменаў у нацыянальную праграму «Міжнародная каапэрацыя і экспарт», дзе сярод іншага прапісана арганізацыя міжнароднага пункту пропуску «Красная горка» на тэрыторыі вобласьці.

Пункт пропуску «Красная Горка»
Пункт пропуску «Красная Горка»

Інвэстары і прадстаўнікі турыстычнага бізнэсу даўно выказваюць нараканьне, што расейскія памежнікі не прапускаюць грамадзянаў Эўразьвязу на пунктах пропуску на мяжы Беларусі і Расеі. Асновапаложным дакумэнтам — артыкул № 4 дамовы паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь ад 1995 году наконт забароны на праезд грамадзянаў трэціх краін.

Апошняя кропля — 80 бязьвізавых краінаў

Адмову прапускаць іншаземцаў расейскія службоўцы тлумачаць адсутнасьцю абсталяваньня для праверкі пашпартоў і немагчымасьцю рабіць адзнакі аб перасячэньні мяжы. Гэта натуральна: паміж Расеяй і Беларусьсю мяжы фактычна няма, і на двухбаковых пунктах пропуску можна сустрэць хіба мабільныя брыгады мытнікаў або транспартнай інспэкцыі.

Ілюстрацыйнае фота. На беларуска-расейскай мяжы
Ілюстрацыйнае фота. На беларуска-расейскай мяжы

Заставалася нявырашаным пытаньне, што рабіць замежнікам, калі тыя прыехалі да сваякоў у Беларусь цягніком, а потым вырашылі зьезьдзіць у Расею. На беларускай мяжы яны атрымліваюць пячатку ў пашпарце, аднак незразумела, дзе атрымаць адзнаку наконт перасячэньня расейскай мяжы. Калі кіравацца нарматывамі, дзеля гэтага, зноў жа, трэба ехаць ці ў Гомельскую вобласьць, ці на мяжу з краінамі Балтыі.

Праблема яшчэ больш абвастрылася пасьля таго, як Беларусь абвясьціла пра бязьвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краін. Фактычна Расея абсталявала памежную зону ў Бранскай, Смаленскай і Пскоўскай абласьцях уздоўж мяжы зь Беларусьсю. У расейскім ФСБ спасылаліся на тое, што гэта накіравана на выяўленьне незаконнай міграцыі, наркатрафіку і таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў.

Выглядае, што ў Расеі тым часам зразумелі: прасьцей абсталяваць паўнавартасны міжнародны пункт пропуску, чым «паляваць» за замежнымі грамадзянамі, якія спрабуюць скарыстацца беларускім транзытам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG