Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дамаганьні, каханьне, улада. Чаму брутальнае забойства студэнткі расейскім гісторыкам важнае для Беларусі

абноўлена

Расейскі гісторык Алег Сакалоў
Расейскі гісторык Алег Сакалоў

Вядомы расейскі гісторык забіў і расчляніў былую студэнтку, зь якой жыў да забойства. Чаму навіна пра брутальнае забойства ў Расеі выклікала шырокую і супярэчлівую рэакцыю ў Беларусі? Наколькі шырока распаўсюджаныя нефармальныя адносіны ва ўнівэрсытэтах і акадэмічнай супольнасьці Беларусі? Ці часта не выносіцца сьмецьце з хаты праз карпаратыўную салідарнасьць? І як адрозьніць каханьне і заляцаньні ад злоўжываньня службовым становішчам? Абмяркоўваюць выкладчыца, культуроляг, пісьменьніца Юлія Чарняўская, кіраўніца кірунку «Гендэрныя дасьледаваньні» Эўрапейскага каледжу Liberal Arts у Беларусі Алена Агарэлышава, журналістка і блогерка Наста Захарэвіч.

Сьцісла:

  • Чарняўская: Гісторык Сакалоў нават у юныя гады мяне б ня ўразіў: тады мы цураліся пошласьці, а ён — яе ўвасабленьне.
  • Захарэвіч: Гэтая гісторыя пра хатні і гендэрны гвалт, ускладненая тым, што ў Сакалова было больш улады, бо ён — унівэрсытэцкі выкладчык, паважаная ў акадэмічных колах фігура.
  • Агарэлышава: Калі прафэсар праявіў «слабасьць» да мяне і я падзялілася зь сяброўкамі, мне сказалі: «Лена, welcome to the club, гэта здараецца з кожнай. Гэта кшталту ініцыяцыі — пасьвячэньня».


«Я кахала чалавека дарослага, вельмі разумнага і таленавітага»

Гучны выпадак жорсткага забойства пецярбурскім прафэсарам сваёй студэнткі спарадзіў шырокія дыскусіі ў Беларусі ня толькі пра забойства, асобу прафэсара, але і пра асабістыя адносіны ў акадэмічным асяродзьдзі і стаўленьне да іх. Рамантычныя адносіны паміж выкладчыкамі і студэнтамі справа ня рэдкая, багата прыкладаў у гісторыі, калі яны завяршаюцца шлюбам. А бываюць і зусім не рамантычныя з зусім не шчасьлівым канцом. Якія асацыяцыі, паралелі і роздумы выклікала ў вас пецярбурская гісторыя?

Юлія Чарняўская
Юлія Чарняўская

Юлія Чарняўская: Справа ня рэдкая, а натуральная. Як наогул адносіны людзей, зь якіх адзін больш дасьведчаны, сталы, а другі наіўна зачараваны. Можа быць, сярод суразмоўніц ёсьць хтосьці, хто ані разу не кахаў людзей нашмат старэйшых, нашмат разумнейшых, якія былі ярчэйшыя, больш таленавітыя за аднагодкаў. Некаторыя, бадай, усё жыцьцё атаясамліваюць сябе зь любімымі лялькамі, акцэнтуючы слова «любімая», «каханая». Я — ня зь іх ліку. Я кахала, праўда, не выкладчыка, але чалавека дарослага, сталага, вельмі разумнага і таленавітага. Я шмат у чым вырасла дзякуючы таму, што за ім цягнулася.

Праўда, гісторык Сакалоў нават у юныя гады мяне б ня ўразіў: тады мы цураліся пошласьці, а ён — яе ўвасабленьне. Адна мая студэнтка сказала, што ёй падабаўся выкладчык, і калі б не сацыяльныя ролі «выкладчык — студэнтка», і калі б ня розьніца ва ўзросьце (каля сарака гадоў), яна б магла падумаць пра адносіны зь ім.

«У любым выпадку адносіны выкладчыка і студэнткі — гэта адносіны ўлады»

Алена Агарэлышава
Алена Агарэлышава

Алена Агарэлышава: Сытуацыі, калі выкладчык ну вельмі ахвочы да студэнтак і выказвае свае жаданьні ў недапушчальных для акадэмічнага асяродзьдзя формах, я ведаю з уласнага досьведу і досьведу сваіх знаёмых. На жаль, такія дасьледаваньні ў Беларусі не праводзяцца, таму цяжка ўявіць маштаб праблемы. У 2017 годзе я праводзіла дасьледаваньне пра гендэрныя стэрэатыпы сярод студэнтаў беларускіх ВНУ, у тым ліку прапаноўвала адно з пытаньняў, ці былі ў студэнтаў і студэнтак выпадкі, калі да іх выказваў сымпатыі выкладчык ці выкладчыца, і як гэта выглядала. На гэта кіраўніцтва ўнівэрсытэтаў адказвала, што ў іх такіх выпадкаў няма, адпаведна такое пытаньне ня мае сэнсу ўключаць у анкету.

Гэткія адносіны знаходзяцца ў так званай шэрай зоне, калі ўсе пра іх ведаюць, але пра гэта не прынята гаварыць. У выніку мы атрымліваем тое, што атрымліваем. Добра, калі зьяўляюцца шчасьлівыя адносіны, але трэба разумець, што ў любым выпадку адносіны выкладчыка і студэнткі — гэта адносіны ўлады, бо выкладчык статусна вышэйшы, чым студэнт ці студэнтка. У гэтым сэнсе ёсьць болей магчымасьцяў злоўжываць сваім становішчам ці праціснуць свой пункт гледжаньня. Важнае пытаньне з такой сытуацыі: ці можа студэнтка адмовіць выкладчыку, ці можа яна сказаць «не», не баючыся, што за гэтым будуць пэўныя санкцыі ў дачыненьні да яе.

«Атрымалася клясычная гісторыя ў стылі „заб’юць, тады і прыходзьце“. Ён і забіў»

Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Наста Захарэвіч: Першыя асацыяцыі, якія ў мяне ўзьніклі — два іншыя гучныя злачынствы ў Расеі. Гэта гісторыя забойства Ірыны Кабанавай, якую ў 2013 годзе забіў і расчляніў муж Аляксей Кабанаў, і гісторыя катаваньня Маргарыты Грачовай (ёй у 2017 годзе Дзьмітры Грачоў, яе муж, адсек рукі сякерай). Таксама мне згадваецца, як у 2013 годзе былы муж забіў і расчляніў беларускую лучніцу Ганну Сардэчкіну. А яшчэ гэта супала з навіной з Баранавіч, дзе мужчына забіў цяжарную жонку, у якой яшчэ раней адбіраў пашпарт, каб яна не падавала на развод, і яму прысудзілі толькі тры гады зьняволеньня, бо ён нібыта дзейнічаў у стане афэкту, а афэкт быў, бо на забойцу ціснула інфармацыя, што ў жанчыны зьявіўся новы каханы.

У гісторыі з Сакаловым мы шмат кажам пра структурную ўладу і канцэнтруемся на дапушчальнасьці ці недапушчальнасьці рамантычных стасункаў паміж выкладчыкамі і іх студэнткамі. Гэта важныя акцэнты, і я рада, што гэтае пытаньне ўздымаецца. Але ў гэтым злачынстве я найперш бачу гендэрны складнік. Было б крывадушна ігнараваць той факт, што гэта мужчына забіў жанчыну, зь якой ён быў у стасунках. Больш за тое, гэтага мужчыну раней ужо абвінавачвалі ў катаваньнях і замаху на забойства, але заява яго былой жанчыны (якая таксама калісьці была яго студэнткай) была проста праігнараваная. Атрымалася клясычная гісторыя ў стылі «заб’юць, тады і прыходзьце». Ён і забіў.

Гэта гісторыя пра хатні і гендэрны гвалт, ускладненая тым, што ў Сакалова было больш улады яшчэ і праз тое, што ён — унівэрсытэцкі выкладчык і паважаная ў акадэмічных колах фігура.

«Я наўпрост сказала ўплывоваму чалавеку, які хварэў на нетрыманьне рук, што я думаю пра яго паводзіны»

— Я вучылася на журфаку, дзе, як і шмат дзе, былі выкладчыкі, якія дапускалі сэксісцкія заўвагі кшталту «для жанчыны галоўнае нарадзіць дзіця, астатняе няважна». Усе студэнткі ведалі, якія выкладчыкі «няроўна дыхаюць» на маладых дзяўчат, з кім трэба быць асьцярожнымі і стрыманымі. Пра норавы некаторых выкладчыкаў ведалі ўсе, але гэта заўсёды была інфармацыя для ўнутранага абмеркаваньня. Ці ў вашай практыцы, у вашым атачэньні былі падобныя выпадкі, ці калі-небудзь яны станавіліся галоснымі?

Юлія Чарняўская: Былі. Не, галоснымі не былі. Трэба было самой знаходзіць выйсьце. У свой час я наўпрост сказала даволі ўплывоваму чалавеку, які хварэў на нетрыманьне рук, што я думаю пра яго тактыку паводзінаў. Нічым не пагражала, а чым тады можна было прыстрашыць? Управы не было ніякай. Нават сацсетак. Але ён адразу здзьмуўся. Ён, дарэчы, Ганна, і ў вас на журфаку выкладаў... Маглі зь ім сутыкнуцца.

Часам проста трэба называць рэчы сваімі імёнамі, гэта ўжо аказвае эфэкт. Я спыталася ў сваіх студэнтак, ці сутыкаліся яны з заляцаньнямі да іх з боку выкладчыкаў. Некаторыя адказалі: так. Чаму вы нікому ня скардзіліся? Гэта было ня трэба, мы самі разабраліся. Было б нешта сур’ёзнае — паскардзіліся б. Кажуць так.

«Я падзялілася зь сяброўкамі перажываньнямі, і мне адказалі:
„Welcome to the club, гэта здараецца з кожнай“»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Алена Агарэлышава: На жаль, такія гісторыі былі. Калі я вучылася ва ўнівэрсытэце, на шчасьце, у нас было толькі некалькі выкладчыкаў, якія празьмерна рэагавалі на дзяўчат, прасілі, каб дзяўчаты прыходзілі ў пэўным выглядзе, у пэўным адзеньні. Наколькі я ведаю ад знаёмых дзяўчат, якія вучыліся на іншых спэцыяльнасьцях, там выкладчыкі наўпрост казалі, што вы павінны прыйсьці на іспыт у пэўным выглядзе і здаваць іспыт адзін на адзін у аўдыторыі, каб была асабістая размова. Адміністрацыя ведала, але асноўны пасыл быў такі — трэба ставіцца з разуменьнем да паводзінаў амбітнага настаўніка. Такіх прыкладаў з хлопцамі я ніколі ня чула. Ці праз тое, што яны адзінкавыя, ці таму што хлопцы рэдка пра такое кажуць.

У мяне асабіста быў такі выпадак на першым месцы працы. Адзін з прафэсараў няроўна дыхаў на маладых дзяўчат. Калі я ўладкоўвалася на працу, мяне папярэдзілі, што калі нешта такое здарыцца, ты не палохайся, таму што ў яго ёсьць такая слабасьць. Маўляў, усё нармальна. І для мяне гэта вельмі паказальна, што мы, грамадзтва, можам дазволіць яму мець гэткую слабасьць.

І калі прафэсар праявіў «слабасьць» да мяне і я падзялілася зь сяброўкамі сваімі перажываньнямі, мне сказалі: «Лена, welcome to the club, гэта здараецца з кожнай. Проста прымі гэта. Дзіўна, што гэта здарылася ўпершыню, калі ты пачала працаваць, таму што ў дзяўчат гэта адбываецца раней. Гэта кшталту ініцыяцыі — пасьвячэньня, здараецца з кожнай. Магчыма, ты недастаткова прыгожая». Пакуль гэткія рэчы са знакам плюс існуюць у грамадзтве, з гэтым нешта трэба рабіць, прынамсі не замоўчваць.

Наста Захарэвіч: Я памятаю некарэктныя паводзіны і з боку прафэсарак ва ўнівэрсытэце, але гэта ўсё было інакш. Гэта не былі падкрэсьлена сэксуальныя паводзіны. Гэта не было нешта рамантычнае, флірт, але гэта былі ў цэлым некарэктныя паводзіны. Я ня памятаю, каб хлопцы баяліся ісьці да прафэсаркі здаваць сам-насам залік або на кансультацыю.

У сваім блогу на Свабодзе я апісала рэальную гісторыю з часоў свайго навучаньня — дзяўчаты з аддзяленьня сацыялёгіі баяліся хадзіць па адной на кансультацыі да аднаго выкладчыка, бо ён на гэтых кансультацыях любіў цалаваць студэнтак у вусны. На жаль, я ня памятаю яго імя і ня ведаю, ці працягвае ён працаваць ва ўнівэрсытэце.

Я вучылася на аддзяленьні філязофіі. У нас таксама хапала сэксісцкіх жартаў. Выкладчыкі асноўных профільных дысцыплін паводзілі сябе прыстойна, але на парах па другасных прадметах было шмат недапушчальных жартаў. Напрыклад, выкладчык курсу Асноваў вышэйшай матэматыкі хіба ня большую частку сваіх лекцый прысьвячаў сэксісцкім жартам і абсалютна недапушчальным камэнтарам. Пра яго паводзіны ўсе ведалі, але аніякіх санкцый да яго не прымянялі. Расказваюць, што празь некалькі гадоў маладая выкладчыца ўсё ж учыніла скандал з гэтай нагоды, і было вырашана, што ён больш ня будзе выкладаць на філязофскім аддзяленьні. Ня ведаю, наколькі гэта праўда...

«Прычына піцерскага забойства — рэўнасьць уласьніка-мужчыны, зь якога маладая жанчына стала „вырастаць“»

— Наста Захарэвіч у блогу на сайце Свабоды з нагоды пецярбурскага забойства напісала, што «студэнткі ведаюць, што скардзіцца на недапушчальныя дзеяньні выкладчыка бессэнсоўна — яму нічога ня будзе, а вось на яе рэпутацыі гэта адаб’ецца сур’ёзна». Ці вы згодныя? Наколькі моцная тут карпаратыўная салідарнасьць?

Затрыманы гісторык Сакалоў
Затрыманы гісторык Сакалоў

Юлія Чарняўская: Карпаратыўная салідарнасьць і залежнасьць дзяўчыны ад абʼюзэра — толькі адзін момант. Ёсьць і іншыя. Справа ня толькі ў тым, што ёсьць злачынец, у дадзеным выпадку, чалавек з абцяжараным комплексам Напалеона, садыст з трызьненьнем велічы, але і ў тым, што дзяўчына была сурʼёзна ў яго закаханая... Па-першае, адносіны завязаныя на асяродзьдзі. А яно акадэмічнае. Замкнёнае кола. Яны — суаўтары. Яна — асьпірантка, падпарадкаваная яму. Ён уплывовы чалавек. Асяродзьдзе вузкае: ён — цэнтар яе карʼеры, яе жыцьця. Яна ў гэтую сытуацыю ўвязалася дзяўчынкай, а цяпер страшна ўсё страціць. Гэта момант прагматычны.

Па-другое, момант псыхалягічны. Тут ужо ня толькі пытаньне ўлады і падпарадкаваньня, але і пытаньне нейкага міталягізаванага вобразу: мудры таленавіты загадкавы мужчына, які вышэйшы за сваё атачэньне, яго не разумеюць, цкуюць — я яго разумею і выратую. Гэтая дзявочая ахвярнасьць — тэма многіх клясычных раманаў: толькі там усё канчаецца добра. Тая самая Джэйн Эйр, напрыклад. Бывае, што гэта нават падымае самаацэнку некаторых дзяўчат: толькі я здольная яго ацаніць.

Даволі часта гэтыя дзяўчаты ўпэўненыя ў тым, што калі яны першапачаткова не прынясуць такую ахвяру, іх любіць няма за што. Яны спадзяюцца, што ім забясьпечаная вечная падзяка каханага. А потым яны вырастаюць, хоць і ня ўсе. Ня сумняваюся, што прычына піцерскага забойства — рэўнасьць уласьніка-мужчыны, зь якога маладая жанчына стала «вырастаць». Так што ў гэтай сытуацыі гаворка ня толькі аб карпаратыўнай салідарнасьці, але і пра тое, як безабароннай бывае кніжная «клясычная» дзяўчына. На іншым узроўні тую самую мадэль паводзінаў трансьліруюць сайты, СМІ, папулярная псыхалёгія, рэкляма і г. д.

Ці пачнецца #metoo у акадэмічным асяродзьдзі?

— Сівы прафэсар, які заляцаецца да студэнтак, раней мог быць прадметам паблажлівых жартаў як у штодзённым жыцьці, так і ў літаратуры і кіно. У сучасным сьвеце маладыя жанчыны сэксісцкія жарты не талеруюць, тады як усё яшчэ працуе старое пакаленьне выкладчыкаў, выхаваных у іншых традыцыях. Наста, як вы прагназуеце, ці можа ўзьнікнуць пасьля пецярбурскага выпадку нешта кшталту руху #metoo у акадэмічным асяродзьдзі?

Наста Захарэвіч: Мне здаецца, нешта падобнае ў сацсетках пачынаецца ўжо цяпер. За апошнія некалькі дзён я прачытала шмат гісторый заляцаньняў ад выкладчыкаў, гісторыі раманаў зь імі. Жанчыны апісваюць, як яны хацелі спыніць стасункі, а былы каханы ім помсьціў, і гэта адбівалася на навучаньні.

І я ўжо некалькі разоў бачыла, як жанчыны адкрыта пішуць, што галоснасьць і мэдыйнасьць гісторыі з забойствам Анастасіі Ешчанка дае ім шанец зьвярнуць увагу на свае гісторыі і чагосьці дабіцца ад кіраўніцтва сваіх факультэтаў і ўнівэрсытэтаў. Яны ня вераць, што ў звычайнай сытуацыі іх пачуюць, але спадзяюцца, што цяпер на хвалі гэтай гісторыі іх ня стануць ігнараваць.

«Каханьня ніколі не прадугледзіш»

— Ці павінны вышэйшыя навучальныя ўстановы, акадэмічныя інстытуты мець свой этычны кодэкс для выкладчыкаў, студэнтаў, асьпірантаў? І як у ім маюць быць прапісаныя правілы, што да нефармальных адносінаў? І як быць з каханьнем, якое цалкам натуральна можа ўзьнікнуць у гэтым асяродку?

Юлія Чарняўская: Кодэкс патрэбны, але ў правілах усяго, на жаль, не прадугледзіш. І галоўнага не прадугледзіш — каханьня. Але яго ніколі не прадугледзіш...

«Хто хоць раз не хацеў „забіць“ сваю жанчыну?»

Наста Захарэвіч: Такі этычны кодэкс неабходны. Перш за ўсё ён мусіць абараняць слабейшых у сыстэме — студэнтак. Раман з выкладчыкам — гэта не стасункі дзьвюх роўных асобаў. У такой пары адзін чалавек мае вялікую ўладу над другім, і гэта дужа небясьпечна. Калі ў людзей напраўду ўзьнікла вялікае каханьне, яны могуць пачакаць, пакуль зьнікнуць гэтыя стасункі ўлады. А калі гэта жарсьць і жаданьне прыгодаў, дык іх лепей шукаць у іншых месцах. Вельмі важна, каб санкцыі за парушэньне этычнага кодэксу дзейнічалі толькі ў дачыненьні да тых, хто надзелены ўладай.

Зараз у сеціве зьявілася заява клюбу гістарычнай рэканструкцыі «Вільгельм» з апраўданьнем Сакалова і нібыта рытарычным пытаньнем «Хто хоць раз не хацеў „забіць“ сваю жанчыну?». Магчыма, гэта фэйк, але па камэнтарах бачна, што ёсьць людзі, якія гэта падтрымліваюць. У элітарных закрытых супольнасьцях, як бачна, узьнікаюць пытаньні нават з разуменьнем крымінальнага кодэксу, ня тое, што этычных правілаў. Гэта ўсё вельмі прыкра.

«Важна, каб у чалавека, які табе падабаецца, была магчымасьць сказаць „не“»

— Як вы мяркуеце, ці гісторыя з Сакаловым нейкім чынам парушыць гэтую карпаратыўную салідарнасьць? Ці шырокая дыскусія можа дапамагчы зьмене сытуацыі?

Алена Агарэлышава: У Расеі ў шэрагу ўнівэрсытэтаў, асабліва ў вялікіх гарадах, Маскве і Пецярбургу, гэта можа нешта ўскалыхнуць. Ужо 78 тысяч чалавек падпісала пэтыцыю з прэтэнзіямі да кіраўніцтва ВНУ, дзе працаваў Сакалоў, бо яно ведала пра раманы Сакалова са студэнткамі і бязьдзейнічала.

Наконт Беларусі ў мяне дастаткова крытычны прагноз. Часткова я згодная зь Юліяй Чарняўскай, што гэта ня толькі праблема ўнівэрсытэтаў як такіх, гэта агульная праблема ўсяго грамадзтва, выхаваньня, каштоўнасьцяў. Што да карпаратыўных этычных кодэксаў, гэта сапраўды можа дапамагчы спыніць сэксісцкія жарты, існаваньне выкладчыкаў, якія запрашаюць студэнтак адных у кабінэт.

Калі інстытуцыя зробіць выснову, што адсутнасьць талерантнасьці да такіх рэчаў важнейшая, чым рэгаліі асобных прафэсараў, то праблему можна неяк вырашаць. Правесьці з выкладчыкамі размову пра недапушчальнасьць сэксізму ў аўдыторыях, пра тое, што пэўныя рэчы павінны адбывацца толькі з узаемнай згоды. Важна, каб у чалавека, які табе падабаецца, была магчымасьць сказаць «не». Калі ёсьць адносіны «падначалены і начальнік», дзяўчаты проста баяцца сказаць «не», баяцца карных санкцый. Калі адміністрацыя выразна акрэсьліць сваю пазыцыю, гэта дапаможа студэнтам адчуць, што ў іх ёсьць абарона, ёсьць да каго прыйсьці з гэтай праблемай у такой сытуацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG