Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пахабнік, шантажыст, кат: Ён шмат значыць для навукі, а яна хто такая?


Дацэнт Пецярбурскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Алег Сакалоў, які прызнаўся ў забойстве сваёй 24-гадовай студэнткі
Дацэнт Пецярбурскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Алег Сакалоў, які прызнаўся ў забойстве сваёй 24-гадовай студэнткі

Калі я вучылася ў магістратуры БДУ, дзяўчаты з аддзяленьня сацыялёгіі расказвалі, як на кансультацыі да аднаго выкладчыка хадзілі мінімум па двое. Каб той ня лез цалавацца ў вусны.

У гэтым расповедзе нават не было вялікай драмы — ягоныя паводзіны ўспрымаліся прыблізна як халодны восеньскі дождж: непрыемна і нават агідна, але што паробіш. Ці ведалі іншыя выкладчыцы і выкладчыкі пра недапушчальныя паводзіны калегі? Безумоўна. Што яны з гэтым рабілі? Нічога.

Я ўзгадала гэтую гісторыю, калі прачытала ў навінах, што ў Санкт-Пецярбургу дацэнт унівэрсытэту забіў і расчляніў сваю былую студэнтку, зь якой жыў да забойства. Разам з гэтай навіной ўсплыла інфармацыя, што іншая былая студэнтка Алега Сакалова, зь якой у яго таксама калісьці быў раман, даўно ўжо заяўляла пра пагрозы забойствам і катаваньні. Але яе заяву праігнаравалі, крымінальнай справы не пачалі, на кар’еры Сакалова гэтая гісторыя ніяк не адбілася.

Мне цяжка меркаваць, ці пачалі б у аналягічных абставінах крымінальную справу ў Беларусі, а вось што тычыцца рэакцыі прафэсійнай супольнасьці, дык тут у мяне няма аніякіх ілюзій. Нават калі асобныя людзі паверылі б дзяўчыне і паспрабавалі яе падтрымаць, абаронцаў выкладчыка было б значна больш. У яго ж рэгаліі! Ён жа шмат значыць для навукі! А яна хто такая? Юная дзяўчына, якая, верагодна, пакрыўдзілася на нешта і помсьціць?

Для большай яскравасьці можна яшчэ згадаць рух Me too і пашкадаваць выкладчыкаў-мужчын, бо ім так цяжка жыць у сьвеце сучаснага фэмінісцкага фашызму! Ні пафліртаваць са студэнткай, ні раман завесьці — адразу адусюль выганяць, ад супрацы ў сумесных праектах будуць адмаўляцца, а суд прызначыць вялізны штраф, дзеля выплаты якога давядзецца прадаць усю маёмасьць і стаць бяздомным.

Толькі вось у рэальнасьці ўсё наадварот. Студэнткі ведаюць, што скардзіцца на недапушчальныя дзеяньні выкладчыка бессэнсоўна — яму нічога не будзе, а вось на яе рэпутацыі гэта адаб’ецца сур’ёзна.

І няважна, што менавіта робіць выкладчык: фліртуе, робіць пахабныя камплімэнты, кліча на піва ў бліжэйшы бар, пагражае праблемамі ў выпадку, калі дзяўчына адмовіцца ад сэксу, спрабуе цалаваць у вусны ці прывязвае да крэсла, падносіць да твару распалены прас і доўга зьбівае, пагражаючы забіць.

Сыстэма заўжды абараняе мацнейшага і таго, каго лічыць сваім.

Мне пашанцавала — ніхто з маіх выкладчыкаў не пераходзіў да фізычных заляцаньняў. Але ж былі і пахабныя жарты, і недарэчныя прыватныя пытаньні, і проста сэксісцкія камэнтары. Усе вакол ведалі, што гэтыя выкладчыкі так сябе паводзяць, і ніхто нічога з гэтым не рабіў. «Ну, вы ж самі ўсё разумееце».

Так, я цудоўна ўсё разумею. Я разумею, што бясьпека мяне і маіх аднагрупніц для унівэрсытэцкага кіраўніцтва ніколі нічога не значыла, разумею, што мы былі найніжэйшым зьвяном герархічнага ланцужку, разумею, што ўсе ўладныя мэханізмы ў структуры працавалі супраць нас.

І як бы абсурдна гэта ні гучала, таксама я разумею, што нам вельмі пашанцавала. Мы дагэтуль жывыя. Нашы рукі не вылоўлівалі ў Сьвіслачы, нас не расчлянялі тыя, каму Сыстэма дала бязьмежную ўладу. Наколькі я ведаю, нікога з нас выкладчыкі нават не гвалцілі (але адназначна сьцьвярджаць, вядома ж, не магу). А ў параўнаньні з катаваньнямі і забойствам, заляцаньні на словах і непрыстойныя пытаньні — гэта так, зусім драбяза. І ўвогуле, нам не звыкаць.

Толькі ведаеце, калі заходзіць гаворка пра вельмі прагрэсіўнае і адкрытае сучаснае грамадзтва, мне заўжды хочацца дадаць, што гэта для мужчын яно такое казачнае. Мы жывем быццам побач, але цалкам у розных рэальнасьцях. Прынамсі, я не ведаю гісторый, каб хлопцы баяліся заставацца з выкладчыцамі сам-насам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG