Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыёляг Вардамацкі: Да прыхiльнiкаў ЭЗ дадалася яшчэ адна ўзроставая группа – 25-34 гадоў


Андрэй Вардамацкі
Андрэй Вардамацкі

Наколькі і чаму беларусы разьлюбілі Расею? Ці па-рознаму матывуецца геапалітычны выбар на карысьць Расеі і Эўропы? Як гэты выбар залежыць ад узросту і рэгіёну?

З такімі пытаньнямі Свабода зьвярнулася да вядомага сацыёляга, прафэсара Андрэя Вардамацкага, кіраўніка Беларускай аналітычнай майстэрні (BAW, Варшава).

Сьцісла:

  • Геапалітычны выбар на карысьць Расеі матываваны іррацыянальна, «расейцы — свае»
  • Геапалітычны выбар на карысьць Эўропы матываваны рацыянальна, матэрыяльнымі перавагамі, якія асацыююцца з ЭЗ
  • За год доля прыхільнікаў саюзу з Расеяй зьнізілася на 9 адсоткавых пунктаў, але прыхільнікі гэтага саюзу застаюцца ў большасьці
  • Упершыню прыхільнікі эўрапейскага выбару пераважаюць прыхільнікаў саюзу з РФ ня толькі ва ўзроставай групе 18-24 гады, але і ў групе 25-34 гады
  • Памяць пра Другую ўсясьветную вайну — важны чыньнік прарасейскай арыентацыі
  • Найменш арыентаваны на саюз з Расеяй рэгіён — Менск, найбольш прарасейскі — Віцебшчына
  • Найбольш праэўрапейскі рэгіён краіны — Горадзеншчына

Каштоўнасьці супраць дабротаў

— Андрэй, вы нядаўна выступілі на кангрэсе беларусістаў з дакладам «Расейскія каштоўнасьці і эўрапейскія даброты». Наколькі я ведаю, асноўная тэза вашага дакладу: прарасейскі геапалітычны выбар матывуецца пераважна каштоўнасьцямі і культурнай блізкасьцю, у той жа час як выбар на карысьць Эўропы мае больш прагматычную матывацыю.
Якія новая вынікі дасьледаваньняў прымусілі вас прыйсьці да гэтай высновы?

— Мы спрабавалі выявіць матывацыю арыентацыі людзей, якія зрабілі падчас апытаньня свой геапалітычны выбар на карысьць Эўропы альбо Расеі. Тых, хто зрабіў гэты выбар на карысьць Расеі, мы прасілі ацаніць па 9-бальнай шкале «вагу», важнасьць для рэспандэнтаў кожнага з набору фактараў, меркаваньняў. Ацэнка ў 1 бал азначала — зусім няважна, неістотна, ацэнка ў 9 балаў — надзвычай важна.

Дык вось самай распаўсюджанай, самай моцнай матывацыяй у гэтай групе была — «У нас агульныя славянскія каштоўнасьці». Сярэдні бал па групе — 8.25. Іншымі словамі, гэтую пазыцыю выбралі як самую важную амаль усе пагалоўна ў гэтай групе.

Другой паводле важнасьці для гэтай групы аказалася матывацыя — «Расейцы для нас нашыя, свае» (сярэдні бал — 8.24).
Пры гэтым чыньнікі, зьвязаныя з матэрыяльнымі каштоўнасьцямі, аказаліся ў гіерархіі значна ніжэй. Напрыклад, пазыцыя «Саюз з РФ прывядзе да эканамічнага росквіту Беларусі» набрала сярэдні бал 7.37.

А сярод тых, хто зрабіў свой выбар на карысьць Эўропы, выказаўся за ўступленьне Беларусі ў ЭЗ, структура адказаў была іншай. Пазыцыя «У нас агульныя каштоўнасьці з Эўропай» таксама па 9-бальнай шкале атрымала ў групе тых, хто зрабіў выбар на карысьць ЭЗ, сярэдні бал 5.87. Адпаведна варыянт адказу «Эўрапейцы для нас нашыя, свае» атрымаў у гэтай групе паводле важнасьці, важкасьці сярэдні бал 5.65.

І ў групе эўрапейскага геапалітычнага выбару гэтыя дзьве пазыцыі аказаліся найменш важнымі, найменш уплывовымі, яны трапілі ў самы ніз гіерархіі.

«Расейцы — свае, а эўрапейцы — чужыя»

— А што паказаў аналіз праз фокус-групы, больш паглыбленае вывучэньне ўстановак, матывацыяў?

— Фокус-групы паказалі, што арыентацыя на Расею мае іррацыянальную матывацыю. Чалавека пытаесься — што для вас азначае Расея? І ён часта называе цэлы стос адмоўных характарыстык - кепскую інфраструктуру, дрэнныя дарогі, нізкі ўзровень дабрабыту.
Але на пытаньне, дык які ж ваш канчатковы выбар, чалавек адказвае — За Расею. І пры гэта ён можа даваць шмат станоўчых ацэнак Эўропе — там і дабрабыт высокі, і інфраструктура добрая. Але выбар — Расея.
І на фокус-групах было асабліва бачная, што адносна Расеі працуе дыхатамія «свае-чужыя». Расейцы — свае, а эўрапейцы — чужыя.

— А ў тых, хто робіць праэўрапейскі выбар, вы не фіксавалі адваротную супярэчлівасьць? Ці многія зь іх адказвалі: мы за Эўропу, але свае для нас расейцы?

— Не, такога не было. Арыентацыя на Эўропу носіць больш факталягічны, прагматычны, рацыянальны характар. Калі яны аргумэнтуюць свой выбар, яны прыводзяць шмат фактаў.
У кожнай фокус-групе адбываліся спрэчкі паміж людзьмі прарасейскі і праэўрапейскі арыентаванымі. І аргумэнтацыя прыхільнікаў эўрапейскага выбару была больш рацыянальная. Яны ў дыскусіі былі больш пераканаўчыя. Але гэта не азначае, што яны былі здольныя пераканаць сваіх апанэнтаў, пераадолець іх іррацыянальную матывацыю.

Другая ўсясьветная вайна і геапалітычны выбар

— Зараз разгарэлася дыскусія вакол выказваньня Аляксандра Лукашэнкі наконт таго, што войны ХІХ-ХХ стагодзьдзя — расейска-француская 1812 году, Першая і Другая ўсясьветныя — усе яны былі для беларусаў не свае, чужыя. А якая на гэты конт грамадзкая думка?

— У межах гэтага дасьледаваньня мы ўскосна высьвятлялі, наколькі для рэспандэнтаў важная Другая ўсясьветная вайна. Я ўжо казаў, мы прапаноўвалі рэспандэнтам ацаніць па 9-бальнай шкале важнасьць розных чыньнікаў іх геапалітычнага выбару. Сярод набору чыньнікаў, вагу якіх мы прапаноўвалі ацаніць людзям з прарасейскім выбарам, быў такі: «Сумесная барацьба і нягоды ў гады Другой усясьветнай вайны». І гэтая пазыцыя набрала сярэдні бал 8.04. Гэта была шостая з 18-ці пазыцыя паводле важнасьці ў гэтай групе. Іншымі словамі, гэта даволі істотны, важны матыў.

Але іншы чыньнік «Сумеснае жыцьцё ў адной дзяржаве СССР» атрымаў яшчэ большы сярэдні бал — 8.23. Гэты чыньнік атрымаўся больш вагомым, чым вайна.
Гэта натуральна, сумесная барацьба і ваенныя нагоды на памяці людзей ужо вельмі сталага веку. А СССР памятае большая доля насельніцтва.

— А наколькі Другая ўсясьветная вайна аказалася важнай для тых, хто робіць праэўрапейскі выбар? Вы гэта не высьвятлялі?

— Не, не высьвятлялі.

Чаму і наколькі беларусы разьлюбілі Расею?

— Самыя сэнсацыйныя дадзеныя сёлетняга жнівеньскага апытаньня, якія вы агучылі падчас кангрэсу беларусістаў у Вільні — што доля тых, хто выбраў саюз з Расеяй у пытаньні аб геапалітычным выбары (54.5%), істотна, на 10 пунктаў, паменшылася ў параўнаньні з апытаньнямі гадавой даўніны, а доля тых, хто выбраў далучэньне да ЭЗ (25%), павялічылася. З чым, на ваш погляд, гэта зьвязана?

— Дакладней, зьмены адбыліся ў памерах 9 адсоткавых пунктаў.
Я б назваў тры прычыны гэтых даволі істотных зьменаў.
Першая — гэта пэўная зьмена рыторыкі беларускіх мэдыя. Вобраз Расеі падаецца ў беларускіх мэдыя ня так пазытыўна, як раней. Гэта ў меншай ступені тычыцца дзяржаўных СМІ, у большай — недзяржаўных.
Гэтая зьмена танальнасьці адбылася пасьля вядомых падзеяў і заяваў на мяжы 2018-2019 гадоў. Я маю на ўвазе заяваў кіраўнікоў дзяржаваў, пачынаючы зь вядомай заявы прэм’ера Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева ў Берасьці ў сьнежні летась.

Другая прычына — адбываецца паступовае асэнсаваньне шэраговымі грамадзянамі краіны зьменаў, якія адбываюцца на палітычным «версе». Я ўжо казаў пра палітычныя зьмены, якія адбыліся паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расеі, паміж палітычнымі элітамі дзьвюх краінаў. Але грамадзкая думка гэтыя зьмены адрэфлексавала крыху пазьней.

Яшчэ ўвесну 2019 году мы рабілі фокус-групы, на якіх пыталіся, ці адчуваюць людзі нейкія зьмены ў адносінах Беларусі і Расеі. Тады адказы былі пераважна — не, нічога надзвычайнага не адбываецца, і раней бывалі «трэнія», «іскрэньне» паміж кіраўнікамі, Лукашэнка штосьці прыдумае і выкруціцца.

І толькі напрыканцы траўня асэнсаваньне новай сытуацыі ў двухбаковых адносінах адбылася. Быў такі часовы лаг паміж падзеяў на ўзроўні элітаў і рэакцыяй на іх грамадзкай думкі.

І трэцяя прычына наступная. Часам гаворыцца, што вобраз Расеі ў сьвядомасьці беларусаў ствараюць пераважна расейскія мэдыя. Гэта ня ёсьць у чыстым выглядзе ўплыў расейскіх мэдыя. Гэта ўзаемадзеяньне, перапляценьне двух мэдыя-патокаў — расейскага і беларускага. І менавіта гэтае ўзаемадзеяньне, часам сутыкненьне, спараджае наяўную структуру геапалітычных арыентацыяў беларусаў.

— Вы таксама прывялі дадзеныя па пытаньні аб пажаданых варыянтах адносінаў з Расеяй — як з замежнай дзяржавай (4.9%), існы саюз (75.6%), паглыбленьне інтэграцыі (15.6%), уключэньне РБ у РФ (1.4%). І тут лічбы адказаў у параўнаньні з папярэднімі практычна не зьмяніліся. А ў адказах на пытаньне ў выглядзе дылемы — РФ ці ЭЗ — зьмяніліся. Чаму так атрымалася?

— У гэтым пытаньні, дзе чатыры варыянты адносінаў з Расеяй, насамрэч амаль не зьмянілася доля тых, хто выбараў уступленьне Беларусі ў РФ. Там доля адказаў вагаецца вакол 3-4%, апошнім разам было 1.4%. Але гэтыя ваганьні — у межам даверчага інтэрвалу выбаркі ў 3%. Па іншых пазыцыях некаторыя зрухі назіраюцца, але сапраўды невялікія.

Размова ідзе пра тое, што ідэнтычнасьць ужо сфармаваная і формула яе «Супрацоўніцтву — так, уваходжаньню ў Расею — не». Ну і за супрацу — істотная большасьць, прарасейская дамінанта відавочная.

Зьмена геапалітычных арыентацыяў: ваганьні ці новы трэнд?

— У апошнім вашым апытаньні, як і ўва многіх іншых, пытаньне пра геапалітычны выбар задавалася ў тым ліку і ў дыхатамічнай форме — альбо саюз з РФ альбо ўступленьне ў ЭЗ. Апытаныя маглі адмовіцца ад адказу па самых розных прычынах, у тым ліку і таму, што супраць любых саюзаў для Беларусі. Але асобны такі варыянт адказу ім не прапаноўваўся. Як вы мяркуеце, калі б да двух варыянтаў — саюз з РФ і ўступленьне ў ЭЗ — дадалася ў анкеце яўная, экспліцытна сфармуляваная опцыя адказу «Па-за любымі саюзамі», як бы гэта паўплывала на адказы?

— Такі яўна сфармуляваны варыянт «пацягнуў» бы на сябе шмат адказаў, я мяркую.

— А магла б гэтая пазыцыя «Па-за любымі саюзамі» набраць больш, чым саюз з Расеяй?

— Я б не хацеў займацца гаданьнямі. Паўтару, варыянт «Па-за любымі саюзамі» набраў бы шмат. Я хачу дадаць да папярэдняга, што зьмяншэньне ўзроўню прарасейскіх настрояў на 9 адсоткавых пунктаў з пачатку 2018 году да восені 2019 году — гэта рэч беспрэцэдэнтная за ўвесь пэрыяд нашых дасьледаваньняў.

Але я павінен быць абʼектыўным. Я не магу сказаць, ці гэтае зьніжэньне мае сталы, неабарачальны характар, як гэта мае месца ва Ўкраіне, ці гэта ваганьні, флюктуацыі. Гэта пакажуць толькі далейшыя дасьледаваньні.

— Адказы на пытаньне пра геапалітычны выбар у вашым апошнім апытаньні фактычна вярнуліся на той узровень, на якім былі ў 2013 годзе, у апошні перадкрымскі год. А калі паглядзець на адказы на пытаньне аб геапалітычным выбары на вялікім прамежку часу, скажам, з пачатку стагодзьдзя — ці можна вызначыць доўгатэрміновую тэндэнцыю? Ці паказьнікі адно вагаюцца?

— Напачатку вымярэньняў, да 2004 году, быў пэўны парытэт, прыкладна 40% за саюз з Расеяй, і каля 40% — за ўступленьне Беларусі ў ЭЗ. Але пасьля пашырэньня ЭЗ у 2004 годзе пайшло ўзмацненьне арыентацыі на Расею. Гэта ў чыстым выглядзе быў мэдыйны эфэкт. Потым сапраўды былі флюктуацыі. І я раней заўсёды падкрэсьліваў гэтую флюктуатыўнасьць, валатыльнасьць геапалітычных арыентацый беларусаў.

Але, як я сказаў, з пачатку 2018 году мы назіраем зьніжэньне прарасейскіх настрояў. Гэта ўжо не флюктуацыя, гэта працягваецца больш за 1.5 гады. Але ці стала гэта трэндам — я ня ведаю. Што тычыцца «крымскага сындрому» — я не лічу яго адзіным ці самым моцным чыньнікам пры тлумачэньні геапалітычных арыентацыяў беларусаў. Гэта толькі адзін з чыньнікаў.

Тут больш істотны чыньнік — гэта характар апісаньня Расеі і яе зьнешняй палітыкі сродкамі масавай інфармацыі Беларусі, як дзяржаўнымі, гэта і недзяржаўнымі. Прычым, розьніца паміж апісаньнямі Расеі ў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ Беларусі меншая, чым у ацэнках унутранай эканамічнай сытуацыі. Іх карціны Расеі бліжэй адна да адной, чым іх карціны Беларусі.

Што выбірае беларуская моладзь?

— Ці зьмяніўся ў вашым апошнім апытаньні ў адказах на пытаньне пра геапалітычны выбар характар сувязі з узростам?
І ці былі зафіксаваныя рэгіянальныя адрозьненьні ў адказах на геапалітычныя пытаньні? Ва Ўкраіне, скажам, гэтыя адрозьненьні былі заўсёды вельмі значныя, Усход і Поўдзень былі больш прарасейскія і менш праэўрапейскія, а Захад быў у найменшай ступені прарасейскі і ў найбольшы праэўрапейскі. Адрозьненьні часам былі люстэркавыя, на дзясяткі адсоткавых пунктаў. А ў Беларусі?

— Ва Ўкраіне ў геапалітычным сэнсе мы бачым дзьве мэнтальна розныя краіны. У Беларусі гэта ня так. Рэгіянальныя адрозьненьні ёсьць, але яны не фундамэнтальныя. Традыцыйна, як гэта і было раней, найбольшыя паказьнікі праэўрапейскай арыентацыі даюць Горадзенская і Берасьцейская вобласьці. Але яна і там не даміноўная. І там адносная ці нават абсалютная большасьць — за Расею. Што тычыцца Менску, то тут зьявіўся новы фэномэн. Сталіца зараз — у найменшай ступені прарасейскі рэгіён краіны.

Па Менску — гэта новы момант. Раней Менск быў значна больш прарасейскім, чым зараз, за кошт таго, што ў сталіцы працуе шмат вялікіх прадпрыемстваў, якія працуюць пераважна на расейскі рынак — МАЗ, МТЗ, іншыя. Зараз гэтая арыентацыя ў Менску нават менш, чым на Горадзеншчыне і на Берасьцейшчыне. Але праэўрапейскія арыентацыі ў Горадзеншчыне мацней, чым у Менску. Гарадзеншчына — самы праэўрапейскі рэгіён краіны.

— І дадзеныя папярэдняга перапісу, і вынікі папярэдніх апытаньняў іншых дасьледчых цэнтраў дазваляюць выказаць гіпотэзу, што з усіх вобласьцяў самая прарасейская — Віцебская. Гэта пацьвердзіла вашае апытаньне?

— Так, менавіта. Яна больш прарасейская, чым нават Магілёўшчына і Гомельшчына і адрозьненьні заўважальныя, на Віцебшчыне доля прарасейскіх настрояў прыкладна на 9 адсоткавых пунктаў вышэй.

Хіба ня самы цікавы вынік, які мы атрымалі ў апошнім апытаньні — гэта пэўная зьмена характару сувязі геапалітычных арыентацыяў з узростам.
Раней эўрапейская дамінанта назіралася толькі ў групе самых маладых рэспандэнтаў — 18-24 гадоў. Зараз упершыню за ўвесь пэрыяд вымярэньняў дадалася наступная ўзроставая група — 25-34 гадоў, у якой праэўрапейская арыентацыя пераважае прарасейскую. І гэта фундамэнтальны зрух.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG