Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яднаньне семʼяў і сваяцтва». Як Магілёўскі аблвыканкам патлумачыў інтэграцыю з Расеяй


Сьцягі Расеі і Беларусі на тле магілёўскай ратушы, архіўнае фота
Сьцягі Расеі і Беларусі на тле магілёўскай ратушы, архіўнае фота

Магілёўскі аблвыканкам разглядае інтэграцыю з Расеяй як «яднаньне семʼяў, сваяцтва, дзе сябруюць, любяць і гэтым ганарацца».

Магілёўскі актывіст кампаніі «Сьвежы вецер» Валадар Цурпанаў патрабуе ад чыноўнікаў «зрабіць дзейсныя захады процідзеяньня пагрозе страты незалежнасьці Беларусі» ды паінфармаваць мэдыя, што робіцца імі, каб гэтага не дапусьціць. Свае звароты ён накіраваў у Магілёўскі аблвыканкам, гарвыканкам, а таксама Палату прадстаўнікоў.

Што непарушна для Магілёўскага аблвыканкаму?

Першым адказаў Магілёўскі аблвыканкам. У лісьце намесьнік старшыні Валер Малашка адпісаў, што Магілёўская вобласьць зацікаўлена ў разьвіцьці эканамічных, культурных, чалавечых стасункаў з рэгіёнамі Расейскай Фэдэрацыі і што «мы цесна зьвязаны тысячамі каапэрацыйных сувязяў з прадпрыемствамі Расеі». Паводле чыноўніка, інтэграцыя зь ёю «накіраваная перш за ўсё на тое, каб зрабіць жыцьцё нашых народаў лепшым і камфортнейшым».

«Але самае галоўнае ў інтэграцыі нашых краін — гэта яднаньне семʼяў, сваяцтва, дзе сябруюць, любяць і гэтым ганарацца. Гэта непарушна», — даводзіць Валер Малашка.

Пра тое, што «сувэрэнітэт і незалежнасьць Рэспублікі Беларусь — канстытуцыйная норма, якая не падлягае сумненьню і ніякім зьменам», у аблвыканкаме запэўніваюць, спасылаючыся на выказваньні Лукашэнкі і ягонай прэсавай сакратаркі Натальлі Эйсмант.

«Высьветліў ступень уцягнутасьці чыноўнікаў у змову маўчаньня»

Валадар Цурпанаў
Валадар Цурпанаў

Перапіску з чыноўнікамі Цурпанаў тлумачыць «усьведамленьнем рэальнай пагрозы аншлюсу з Расеяй ды патрэбай інфармаваньня як мага большай колькасьці беларусаў пра такую небясьпеку». Акрамя таго, ён хоча высьветліць «ступень уцягнутасьці мясцовых чыноўнікаў у змову маўчаньня».

«Гэта спроба даведацца пра зьмест перамоваў афіцыйнага Менску з Расеяй пра інтэграцыю, які ўтойваецца ад усіх, — тлумачыць актывіст, — Што ёсьць прадметам гандлю і што пра гэта ведаюць мясцовыя чыноўнікі».

Пра кампанію «Сьвежы вецер»

  • Грамадзкую кампанію ў абарону незалежнасьці Беларусі ініцыяваў Сяргей Чыслаў, заснавальнік і былы старшыня патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён».
  • Да кампаніі далучыўся філёзаф і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч з сваімі паплечнікамі.
  • Супольнасьць у сацыяльных сетках называецца «Канстытуцыя. Бел».
  • Задача кампаніі — не дапусьціць зьменаў у Канстытуцыю, якія прызнаюць прыярытэт «саюзнай дзяржавы» над сувэрэнітэтам Беларусі. А таксама зрабіць, каб падобныя дзеяньні былі юрыдычна нікчэмнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG