У Менску 2 лістапада адбыліся шэсьце і мітынг «памяці загінулых ад канабісу» (марыхуаны). Арганізатарамі мерапрыемства выступілі актывісты грамадзянскай ініцыятывы Legalize Belarus, якія ўваходзяць у склад нефармальнага аб’яднаньня кандыдатаў у дэпутаты «Маладзёжны блёк».
Акцыя «Канапляныя Дзяды» прайшла ў межах перадвыбарных пікетаў кандыдатаў. Шэсьць кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту далучыліся да працэсіі і падтрымалі неабходнасьць заканадаўчай рэформы.
Удзельнікі акцыі — прыблізна 20 чалавек — прайшлі па Кастрычніцкай вуліцы да плошчы Абʼяднаных Нацый. Яны несьлі пустыя партрэтныя рамкі з жалобнымі стужкамі і пахавальны вянок. Актывісты трымалі ў руках сьцяг з надпісам «End the drug war» і шыльдачкі з надпісамі: «Палілі дзяды, ня ведалі бяды», «Мы ня памятаем», «Мы ня смуткуем».
«Наш марш прысьвечаны ўсім загінулым ад канабісу. Але за ўсю вядомую нам гісторыю ад канабісу ніхто не загінуў. У Беларусі зараз праводзіцца вельмі жорсткая наркапалітыка, калі за марыхуану саджаюць на 10 гадоў. Мы выступаем за тое, каб не саджалі спажыўцоў. Лічым абсурдам, таму што гэта ўсё роўна што саджаць за марыхуану, усё роўна што саджаць за піва», — заявіў БелаПАН актывіст Станіслаў Шашок.
Пасьля шэсьця на плошчы Абʼяднаных Нацый адбыўся мітынг. «Мэта гэтай акцыі — данесьці абсурднасьць і неэфэктыўнасьць дзейнай наркапалітыкі ў Беларусі і запатрабаваць новы парлямэнт прыняць тыя папраўкі ў заканадаўства, якія былі распрацаваныя ў межах «Маладзёжнага блёка», — адзначыў Шашок.
«Мне не падабаецца, што ў Беларусі людзей саджаюць за канабіс, ён нашмат больш бясьпечны, чым алькаголь, які ў нас можна купіць свабодна. Я бачу, што пакараньне несувымернае шкодзе, якую канабіс прыносіць грамадзтву», — сказаў кандыдат у дэпутаты праграміст Аляксей Лазараў, які таксама выступае за адмену закона аб адтэрміноўцы ад службы ў арміі.
За маршам назіралі супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным, вялася відэаздымка. За мітынгам таксама назіраў старшыня Купалаўскай акруговай выбарчай камісіі.
У «Маладзёжны блёк» уваходзяць актывісты шэрагу маладзёжных ініцыятыў, у прыватнасьці #учебаважнее (выступае супраць закона аб адмене адтэрміновак ад службы ў войску), ЗБС (нефармальнае студэнцкае абʼяднаньне, выступае за адмену абавязковага разьмеркаваньня выпускнікоў) і Legalize Belarus (выступае за дэкрыміналізацыю і зьмякчэньне пакараньня па антынаркатычных артыкулах Крымінальнага кодэксу).
Сем актывістаў «Маладзёжнага блёка» былі вылучаныя кандыдатамі ад партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», яшчэ адзін актывіст быў вылучаны Беларускай партыяй «Зялёныя».