Актывісты кампаніі Legalize Belarus, якая выступае за зьмякчэньне пакараньняў за «нарказлачынствы» і легалізацыю марыхуаны, правялі акцыю салідарнасьці з пакаранымі за «экстрэмізм». Фота пікету разьмясьцілі на Facebook-старонцы кампаніі.
Увечары 14 сакавіка актывісты фатаграфаваліся ў лесе з плякатамі, у якіх прыводзіліся цытаты зь беларускага сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў.
У Беларусі караецца, напрыклад, распаўсюд графічных файлаў «Vr3pVg67J8c» і «mPQGJNVPBbw» і відэа «Без названия» — але што за выявы ў гэтых файлах, невядома.
Адзін з актывістаў трымаў плякат з надпісам «Изображение размером 594x840мм…» — наўпроставую цытату з апісаньнем аднаго з экстрэмісцкіх матэрыялаў. Мяркуецца, што так апісваецца фота акцыі мастака Алеся Пушкіна, які ў 1999 годзе вываліў тачку гною да рэзыдэнцыі прэзыдэнта.
Таксама актывісты трымалі плякаты з «экстрэмісцкімі» надпісамі «перавернутымі» люстэркава.
За шапку з адным з такіх, які перакладаецца як «клясавая вайна» (забароненая фраза на ангельскай мове), двойчы штрафавалі анархіста Вячаслава Касінерава (шапка належыць яму), ягоную жонку і ягонага сябра (яны не насілі шапку, толькі разьмясьцілі фота парушальніка).
За другую абрэвіятуру, якую расшыфроўваюць як «усе міліцыянты — кепскія людзі» (або ў жарт — «усе каты́ прыгожыя»), быў пакараны анархіст і журналіст Мікола Дзядок (пасьля суду яго затрымалі яшчэ на два дні і пасьля «даштрафавалі» за пікет). Пасьля актывіст сфатаграфаваўся на ўваходзе ў бізнэс-цэнтар «Красавік» — з той часткай надпісу, літары якой нагадваюць «экстрэмісцкую» абрэвіятуру, ягонае фота сталі паўтараць іншыя.