На тэрыторыі Расеі заблякаваная суполка «УКантакце» праекту Legalize Belarus. У паведамленьні на старонцы суполкі спасылаюцца на рашэньне Міністэрства ўнутраных справаў Расеі №2018-07-16-1011 ад 13 верасьня.
Чым менавіта беларуская суполка не спадабалася расейскім праваахоўнікам, невядома.
Пры гэтым з Расеі застаюцца даступнымі сайты Legalizebelarus.org і Legalize.by — першы дасяжны і ў Беларусі, другі быў заблякаваны ў траўні («за кампанію» выпадкова заблякавалі сайт пра беларускую мову на спажывецкім рынку і сайт руху «Дзея»). Суполкі праекту ў сацсетках застаюцца ў Беларусі дасягальнымі.
На блякаваньні сайту Legalize.by у Беларусі настойвала МУС — прычынай называлі прапаганду марыхуаны, забароненай у Беларусі, нягледзячы на пэтыцыі за дэкрыміналізацыю.
У Беларусі марыхуана лічыцца наркатычным сродкам і яе ўжываньне забароненае, а за продаж жорстка караюць, але ў шэрагу краінаў сьвету дазволена мэдыцынскае выкарыстаньне марыхуаны (яна сапраўды можа дапамагаць пры пэўных хваробах, выпісваецца лекарамі), а ў некаторых краінах дазволена і «рэкрэацыйнае» ўжываньне — для адпачынку. Паводле некаторых дасьледаваньняў (напрыклад, гэтага або гэтага) марыхуана нібыта менш шкодная за алькаголь ці тытунь, але яе ўжываньне сапраўды мяняе паводзіны людзей. Але мэдыкі таксама сьцьвярджаюць, што з марыхуаны людзі пераходзяць і на больш цяжкія наркотыкі.