Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нанесьці ракетны ядзерны ўдар па Полацку». 9 фактаў пра раззбраеньне


30 гадоў таму, 27 кастрычніка 1989 года, на тэрыторыі Беларусі была зьнішчаная апошняя пускавая ўстаноўка ракетнага комплексу ОТР-23, што было прадугледжана Дамовай аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далечыні, падпісанай Міхаілам Гарбачовым і Рональдам Рэйганам.

Алесь Адамовіч: «Магутная ядзерная цывілізацыя, небясьпечная для ўсяго жывога»

У сярэдзіне 1980-х агульная колькасьць ядзерных боегаловак у сьвеце складала больш як 70 тысяч, найбольшым атамным патэнцыялам валодалі ЗША і СССР. У адным з інтэрвію пісьменьнік Алесь Адамовіч, які пасьлядоўна выступаў за ядзернае раззбраеньне, сказаў, што створаная «магутная ядзерная цывілізацыя, ужо небясьпечная для ўсяго жывога».

Алесь Адамовіч. Фота Яўгена Коктыша
Алесь Адамовіч. Фота Яўгена Коктыша

На тэрыторыі БССР былі разьмешчаныя стратэгічныя і тактычныя ракетныя комплексы

На тэрыторыі БССР дысляавалася чатыры ракетныя дывізіі, якія мелі на ўзбраеньні ракеты Р-12, Р-14 і РСД-10. Акрамя таго, кожная армія Беларускай Чырвонасьцяжнай вайсковай акругі мела ад адной да трох ракетных дывізіёнаў, якія мелі пускавыя ўстаноўкі тактычнага дзеяньня, г.зн., разьлічаныя на вырашэньне «мясцовых» баявых задачаў. Адлегласьць палёту ракеты ў іх складала да 130-150 км. Напрыклад, на манэўрах ракетнага дывізіёна, які дыслякаваўся пад Лепелем, вайскоўцы адпрацоўвалі задачу «Нанесьці ядзерны ўдар па г. Полацк, Беларуская ССР» (мелася на ўвазе, што горад ужо захоплены праціўнікам).

Сустрэча ў Рэйк’явіку была прарывам

Пытаньне аб скарачэньні ядзернага арсэналу абмяркоўвалася як на сустрэчах кіраўнікоў СССР і ЗША пачынаючы ад Хрушчова і Кенэдзі, бакі працягвалі нарошчваць ракетны патэнцыял. Важным крокам быў мараторый Гарбачова на разьмяшчэньне ракет ОТР-23 «Ака» у Чэхаславаччыне і ГДР летам 1985 года. Істотны прагрэс быў дасягнуты на сустрэчы Міхаіла Гарбачова і Рональда Рэйгана ў Рэйкʼявіку (Ісьляндыя) у кастрычніку 1986 года, калі бакі пагадзіліся разглядаць скарачэньне ядзерных ракет асобна ад праграмы Рэйгана «Стратэгічная абаронная ініцыятыва», якая ўключала элемэнты касьмічнага базаваньня (распаўсюджаны назоў — «зорныя войны»).

Рональд Рэйган з дарадцамі ў часе перамоваў у Рэйк'явіку
Рональд Рэйган з дарадцамі ў часе перамоваў у Рэйк'явіку

Дамова Гарбачова і Рэйгана закранала ракеты наземнага базаваньня

Дамова аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці была падпісаная генэральным сакратаром ЦК КПСС Міхаілам Гарбачовым і прэзыдэнтам ЗША Рональдам Рэйганам у Вашынгтоне 8 сьнежня 1989 года. Паводле яе, абодва бакі ўзялі на сабе абавязальніцтва зьнішчыць усе балістычныя і крылатыя ракеты сярэдняй (1000-5500 км) і меншай (500-1000 км) далёкасьці, якія базаваліся на зямлі.

Міхаіл Гарбачоў і Рональд Рэййган у Белым доме (Вашынгтон) падпісваюць Дамову, 8 сьнежня 1987
Міхаіл Гарбачоў і Рональд Рэййган у Белым доме (Вашынгтон) падпісваюць Дамову, 8 сьнежня 1987

Акадэмік Сахараў высока ацаніў Дамову

Хаця прадугледжанае Дамовай скарачэньне тычылася толькі 3% (трох адсоткаў) ядзернай зброі, яе падпісаньне было названае гістарычным крокам. Гэта «падзея вялізнага палітычнага, вайсковага і псыхалягічнага значэньня, рэальнае зьмяншэньне пагрозы, якая навісла над чалавецтвам. Бакі пагадзіліся на сапраўды эфэктыўны ўзаемны кантроль. Усё гэта — праява новага мысьленьня» — гэтак ацаніў падпісаньне Дамовы распрацоўшчык вадароднай бомбы, а пазьней дысыдэнт акадэмік Андрэй Сахараў.

Газэта "Московские новости", сьнежань 1987
Газэта "Московские новости", сьнежань 1987

Апошняя пускавая ўстаноўка, ліквідаваная паводле Дамовы, зьнішчалася на тэрыторыі Беларусі

Дамова ўступіла ў дзеяньне 1 чэрвеня 1988. А ўжо 27 кастрычніка 1989 года на базе ў Станькова ў Дзяржынскім раёне была дэмантаваная апошняя пускавая ўстаноўка комплексу ОТР-23 (SS-23 паводле міжнароднай клясыфікацыі), што паклала канец існаваньню ў СССР катэгорыі ядзернай зброі, зьнішчэньне якой было прадугледжана ў падпісанай Гарбачовым і Рэйганам Дамове. На базе Лясная ў Баранавіцкім раёне было ліквідавана 155 ракет Р-12 і Р-14, а таксама 72 пускавыя ўстаноўкі і адпаведная тэхніка абслугоўваньня. Усяго СССР зьнішчыў 1846 ракетныя комплексы, ЗША — 846 комплексы. Аднак ядзерная зброя ў Беларусі заставалася.

Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце прадугледжвала бяз’ядзерны статус

Пра намер зрабіць Беларусь бяз’ядзернай было заяўлена ў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР 27 ліпеня 1990 г. Летам 1993 Беларусь далучылася да Дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі. 13 жніўня 1993 пачаўся вывад з тэрыторыі Беларусі ракетных стратэгічных комплексаў «Топаль». Ядзернае ўзбраеньне выводзілася ў Расейскую Фэдэрацыю.

Апошняя ядзерная боегалоўка пакінула Беларусь у лістападзе 1996

Канчатковы вывад ядзернага ўзбраеньня з тэрыторыі Беларусі быў завершаны ў лістападзе 1996 і па часе супаў з вырашэньнем так званага «канстытуцыйнага крызісу», калі кіраўнікі Расеі (прэм’ер Чарнамырдзін, сьпікеры ніжняй і верхняй палатаў парлямэнтаў Селязьнёў і Строеў) дапамаглі Лукашэнку запазьбегчы імпічмэнту. Некаторыя аглядальнікі называлі вывад зброі платай за дапамогу (зброя была выведзеная ў Расею).

Дзеяньне дамовы спыненае са жніўня 2019

Першым пра магчымасьць выхаду з Дамовы заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін у чэрвені 2000 году; у 2013-м Пуцін назваў ацаніў рашэньне СССР падпісаць Дамову ў 1987 як «спрэчнае». У ліпеня 2014 прэзыдэнт ЗША Барак Абама ў звароце да Уладзімера Пуціна абвінаваціў Расею ў выпрабаваньнях крылатых ракет сярэдняй далёкасьці і, адпаведна, парушэньні Дамовы. 1 лютага 2019 прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў пра пачатак выхаду з Дамовы. На наступны дзень прэзыдэнт РФ Уладзімер Пуцін заявіў пра прыпыненьне ўдзелу Расеі ў выкананьні Дамовы. 2 жніўня 2019 ЗША і РФ выйшлі з Дамовы. 19 жніўня 2019 ЗША правялі выпрабаваньне ракеты сярэдняй даўніны дзеяньня; 23 жніўня на пасяджэньні Рады бясьпекі РФ Уладзімер Пуцін распарадзіўся распрацаваць адказ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG