Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета на бабіна лета. Алена Макоўская: «Часам у роспачы думаецца, што Беларусь — краіна замкнутага цыклю»


Алена Макоўская
Алена Макоўская

У восеньскім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Наша сёньняшняя рэспандэнтка — Алена Макоўская.

Хто гэта?

Кіраўніца Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» — арганізацыі, у якую прыйшла працаваць на пасаду сакратара-рэфэрэнта ў 1992 годзе, адразу пасьля заканчэньня Лінгвістычнага ўнівэрсытэту. У 1997-м завочна скончыла Акадэмію кіраваньня, юрыдычны факультэт. Працавала і ў іншых недзяржаўных арганізацыях, але заўжды была зьвязаная з «Бацькаўшчынай». У 2008 стала адной з каардынатарак грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» У 2019 годзе з рэкамэндацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў была выбраная ў Эўрапейскую пісьменьніцкую раду.

1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?

Я ня мераю сваё шчасьце лінейкай. Імкнуся ставіцца да таго, што адбываецца ў маім жыцьці, з удзячнасьцю, а гэта дае шмат нагод для радасьці і шчасьця. Радуюся свайму сыну, сямʼі і сяброўству, сваёй справе і яе паплечнікам, свайму дому і кветкам на клюмбе.

2. Які ваш найбольшы страх?

У розныя пэрыяды жыцьця страхі розныя. Думаю, мае не вылучаюцца арыгінальнасьцю. Баюся за родных і блізкіх, баюся за будучыню сваёй краіны, баюся расчараваць тых, хто ў мяне верыць ці на мяне спадзяецца.

3. Які ваш самы раньні ўспамін?

Мама дахаты прынесла ў сумцы шчаня. Разумныя дарослыя разам са старэйшым братам прапанавалі мне засунуць руку ў торбу, нібыта там мяне чакае сюрпрыз. Сюрпрыз радасна ўчапіўся мне ў руку... Таму першае знаёмства з сабакам да мяне прыйшло праз усьведамленьне, што ён можа зрабіць балюча. Але гэта не зашкодзіла нам праз пэўны час пасябраваць, нават марыла прытулак для сабак адкрыць. Дзіцячую мару ня зьдзейсьніла, але сабак люблю дагэтуль.

4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?

Самаедзтва і схільнасьць крытычна аналізаваць усё вакол, але найперш сябе. Часам цынізм.

5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?

Нарцысізм і эгаізм, калі ў чалавека атрафіруецца магчымасьць прымаць сыгналы ад тых, хто навокал. Толькі з космасу.

6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?

Мне здаецца, што пэрыяд максымалізму ў маім жыцьці ўжо пройдзены. Таму пытаньні пра «самае-самае» цяпер болей выклікаюць самаіронію, чым настройваюць на сурʼёзныя развагі. Зразумела, няёмкія сытуацыі здараюцца. Вось на мінулым тыдні зазявалася і парушыла правілы руху, было няёмка-сорамна. Добра, што нічога кепскага ня здарылася. А літаральна дзень таму было няёмка-сьмешна, калі заехала ў краму, бо вельмі захацелася марожанага. Разгарнула яго проста ў краме і ела, відаць, з такім задавальненьнем, што 2 чалавекі падышлі і запыталі марку. Для сябе вырашыла, што калі раптам што, магу працаваць у рэкляме марожанага.

7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?

Гэта мой дом — маленькі і вялікі, як і ўсё тое і ўсе тыя, каго можна да яго аднесьці.

8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?

Напэўна, лекаваць. А яшчэ перамяшчацца ў часе. Лётаць. Ператварацца ў невідзімку. А часам нават у ваўкалака, але такога строгага і справядлівага.

9. Што робіць вас няшчаснай?

Адчуваньне бясьсільля, боль, пакуты блізкіх, грубасьць і гвалт.

10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?

Доўга думаць.

11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?

Мне падабаецца смачная ежа... А далей, спадзяюся, вы самі ўсё разумееце. Таму я ў стане «пастаянна худзею з наступнага панядзелка».

12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?

Ва ўсіх, каго пакрыўдзіла, наўмысна ці міжволі.

13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?

Гэта той, якога чакаеш.

14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?

Вельмі маруднае нашае высьпяваньне, сталеньне як нацыі. Проста баюся, што гэты яшчэ недабудаваны дом можа абрушыцца пад навалай суседзяў з усходу, і ўсё давядзецца пачынаць занава, як было ўжо ня раз у гісторыі. Часам у роспачы думаецца, што Беларусь — краіна замкнутага цыклю.

А яшчэ расчараваньне — малая колькасьць прафэсіяналаў на добрых пасадах.

15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?

Ну вось я толькі навучылася жыць з сабой у ладах, а вы пытаеце, што б зьмяніла. Я б шмат што зьмяніла, але гэта б сёньня ўжо была ня я. А «ня я» відаць, інакш адказвала б на гэтае пытаньне.

16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?

Мяне крыху палохае антысанітарыя і ня вельмі добры ўзровень мэдыцынскіх паслуг. Таму — толькі будучыня!

17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?

Была некалькі разоў, але можа пра гэта лепш не ўспамінаць. Зрэшты, ці можам мы ведаць, блізка мы ад яе ці далёка?..

18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?

Вольная, незалежная дэмакратычная Беларусь, у якой шануюцца беларуская мова і культура, вельмі гэтаму паспрыяла б.

19. Ваша найбольшае дасягненьне?

Яшчэ наперадзе.

20. Што вам не дае спаць па начах?

Часам камары і сабачкі суседзкія, а часам сны і думкі ўсялякія. Па-рознаму бывае.

21. Што вам запомнілася зь мінулага лета?

Шмат працы, як, у прынцыпе, і заўжды. Успаміны пра ўсе мінулыя леты прыблізна аднолькавыя.

22. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?

Ну каб добрага было болей, чым чаго іншага. Дый наогул, каб памяталі, то ўжо б няблага было б. Хаця, падазраю, што на той момант мяне гэта ўжо ня будзе турбаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG