Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Парыжы разбураецца магіла Валенція Ваньковіча. Што можна зрабіць?


Помнік Валенцію Ваньковічу ў Менску
Помнік Валенцію Ваньковічу ў Менску

У Парыжы на могілках Манмартр-дэ-Сэн-Дэні пад пагрозай разбурэньня надмагільле выбітнага беларускага мастака Валенція Ваньковіча.

Пра гэта напісаў у фэйсбуку пісьменьнік Анатоль Сьцебурака. Свабода разьбіралася, хто можа дапамагчы аднавіць помнік Ваньковічу і наагул, хто даглядае помнікі славутых беларусаў, што пахаваныя за межамі краіны.

«Крыж з помніку зваліўся і ляжаў на зямлі, сам помнік трэснуў»

Анатоль Сьцебурака, які цяпер на навуковай стажыроўцы ў Парыжы, днямі наведаў магілу славутага беларускага мастака Валенція Ваньковіча на могілках Манмартр-дэ-Сэн-Дэні. Ён узгадаў адкрыты ліст Андрэя Горвата да міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея з просьбай, калі той будзе ў Парыжы ўвосень, зрэзаць ружы ў вазоне. І паведаміў, што тэма ружаў ужо неактуальная, бо паўстала іншая праблема — помнік разбураецца.

«Літаральна два дні таму я пасьпеў забегчы на гэты нэкропаль, каб зірнуць на тыя ружы. Кветкі падразаць ня трэба — ад іх і знаку няма. Застаў перагорнуты да гары белы гаршчок ад ружаў з аблупленым на 99% надпісам. Але гэты дробязі. Блага іншае: крыж з помніка зваліўся і ляжаў на зямлі побач, цуд, што яго ня выкінулі руплівыя прыбіральшчыкі. Карацей, тут ужо трэба рабіць паўнавартасныя захады, каб уратаваць сам помнік, які, да ўсяго, яшчэ і трэснуў уверсе. ...Я прыхаваў адламаны крыж, можа, яго не пасьпеюць выкінуць у бліжэйшым часе», — піша Анатоль Сьцебурака.

Спадар Сьцебурака непакоіцца, што помнікі, за якімі не глядзяць і якія разбураюцца, могуць быць ліквідаваныя — на могілках паўсюль разьвешаныя абвесткі.

«І гэта не пустыя пагрозы. Каб упэўніцца ў сур’ёзнасьці намераў адміністрацыі, дастаткова проста прайсьці па алеях і палічыць колькасьць сьвежых пустых пляцовак, якія імкліва запаўняюцца новымі пахаваньнямі багатых і славутых...», — скрушна дадае ён.

Анатоль Сьцебурака кажа, што Манмартр-дэ-Сэн-Дэні — самы вялікі нэкропаль у Парыжы, дзе пахаваныя выхадцы з былой Рэчы Паспалітай. Да прыкладу, там ёсьць колішняя магіла польскага паэта Юліюша Славацкага, якая знаходзіцца амаль насупраць Ваньковіча, і ў вельмі дагледжаным стане. І наагул, палякі даглядаюць месцы пахаваньняў сваіх землякоў ва ўсім сьвеце.

Мінкульт: «Пішыце запыт, будзем разьбірацца»

Нямала славутых беларусаў пахаваныя не на сваёй Бацькаўшчыне. Максім Багдановіч — у Ялце. Дарэчы, у 2003 годзе беларуская дзяржава прафінансавала новы помнік паэту на ягонай магіле ў Крыме, быў абвешчаны конкурс, які выйгралі скульптары Леў і Сяргей Гумілеўскія. Ігнат Дамейка пахаваны ў далёкім Чылі. Натальля Арсеньнева — у ЗША. Аляксандар Надсан — у Вялікай Брытаніі. Барыс Кіт — у Нямеччыне. Хто павінен даглядаць іх магілы?

Прэс-сакратарка Міністэрства культуры Ілона Немава адразу адказу не дала — маўляў, тут трэба разьбірацца, чыя гэта сфэра адказнасьці — Міністэрства замежных спраў ці Міністэрства культуры.

«Трэба разьбірацца, неабходна, каб нашы юрысты паглядзелі, чыя тут сфэра адказнасьці, які мэханізм выдзяленьня сродкаў. Павінны паглядзець нашы юрысты разам з супрацоўніцай Мінкультуры Марыяй Нецьвятаевай, якая спэцыялізуецца на манумэнтальным мастацтве. Але гэта не зусім той выпадак, бо тут ідзе гаворка ідзе пра надмагільныя помнікі», — сказала Ілона Немава.

І параіла зьвярнуцца ў Мінкульт з афіцыйным запытам.

МЗС: «Гэта ж наша, беларускае — не чужое»

Намесьнік начальніка ўпраўленьня інфармацыі і лічбавай дыпляматыі МЗС Андрэй Шупляк запэўніў, што супрацоўнікі беларускай амбасады ў Францыі бываюць на могілках, прыбіралі і парадкавалі месца пахаваньня Валенція Ваньковіча ўвесну, перад Радаўніцай. І праблема з помнікам на магіле Валенція Ваньковіча будзе абавязкова пад кантролем МЗС.

«На дадзены момант амбасады працуюць па меры сваіх магчымасьцяў. Пабачыўшы гэтую інфармацыю пра пагрозу разбурэньня помніка Ваньковічу, я занатаваў сабе літаральна сёньня абавязкова зьвязацца з амбасадай Беларусі ў Парыжы. У межах сваіх магчымасьцяў мы абавязкова будзем дапамагаць, каб магілы нашых славутых землякоў знаходзіліся ў належным стане. Гэта ж наша, беларускае — не чужое», — запэўніў Свабоду афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Шупляк.

Спадар Шупляк нагадаў пра выпадак з помнікам Тадэвушу Касьцюшку ў Швайцарыі, калі МЗС працавала разам са Згуртаваньнем беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

ЗБС «Бацькаўшчына»: «Многае, канечне, залежыць ад амбасадара»

Старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская кажа, што ў самога грамадзкага аб’яднаньня няма сродкаў, а дзяржаўная праграма «Культура» на 2016–2020 гады, у якой ёсьць разьдзел «Беларусы ў сьвеце», таксама вельмі абмежаваная ў фінансах.

«Зараз мы рыхтуем прапановы ў новую дзяржаўную праграму, якая пачнецца з 2021 году. Нам вельмі хочацца, каб дзяржаўная палітыка ў гэтым кірунку памянялася на ўзор іншых краінаў, той жа Польшчы, якая клапоціцца пра свае помнікі. Аднак многае, канечне, залежыць ад амбасадара», — кажа Алена Макоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG