17 кастрычніка акруговыя камісіі рэгістравалі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Каго камісіі зьнялі зь перадвыбарчай гонкі? Хто ня змог стаць кандыдатам? А каго зацьвердзілі кандыдатам? Свабода выбрала самыя адметныя рашэньні камісій.
Каго зьнялі з выбарчай кампаніі
Лідэр інвалідаў-вазочнікаў
Яўген Шаўко, старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў.
Ужо 20 гадоў ён перамяшчаецца на вазку. Апошні раз быў дэпутатам беларускага парлямэнту некалькі дзесяцігодзьдзяў таму. Па словах Яўгена, ён хоча прыцягнуць больш увагі да праблемаў людзей з інваліднасьцю.
Блогер, адзін зь лідэраў пратэстаў супраць акумулятарнага заводу
Аляксандар Кабанаў, сябра АГП, блогер зь Бярозы.
Браў удзел у пратэстах супраць антыдармаедзкага дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі, стаў адным зь лідэраў пратэстаў супраць пабудовы ў Берасьці акумулятарнага заводу. Шмат разоў міліцыя яго затрымлівала, а суды каралі адміністрацыйнымі арыштамі і вялікімі штрафамі. Зьбіраў подпісы за адстаўку кіраўніцтва Берасьцейшчыны.
Журналістка, раней вязень сумленьня
Ірына Халіп, вядомая журналістка, жонка былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Яна распачала сваю журналісцкую карʼеру ў канцы 1980-х. Працавала ў шэрагу незалежных СМІ, узначальвала газэту «Имя», была намесьніцай галоўнага рэдактара «БДГ». Зь сярэдзіны 2000-х — уласная карэспандэнтка расейскай «Новой газеты» ў Беларусі. У 2010 годзе трапіла за краты па «справе Плошчы» і была прызнаная вязьнем сумленьня.
«Маці 328»
Натальля Шарыпа, індывідуальная прадпрымальніца.
Удзельніца галадоўкі актывістак руху «Маці 328», якія патрабавалі зьмякчэньня пакараньняў па «наркатычным» артыкуле 328 КК, а таксама сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Актывіст, які адседзеў больш за 420 сутак за пратэсты
Максім Вінярскі — часова не працуе, вылучаўся ад Партыі БНФ, прадстаўнік «Эўрапейскай Беларусі». Адзін з удзельнікаў пікетаваньня рэстарацыі «Поедем поедим» каля Курапатаў. У мінулым годзе за гэта быў пакараны 10 суткамі арышту. Агулам за пратэсты ў мінулым годзе адседзеў 50 сутак, а за ўвесь час — 424 сутак.
Лідэр «Руси молодой»
Сяргей Лушч, прарасейскі актывіст, лідэр грамадзкага аб’яднаньня «Русь молодая» (Румол).
«Румол» падтрымліваюць фонд Гарчакова і «Россотрудничество». Прапагандуе ідэі саюзу Беларусі і Расеі.
Лідэр «Гражданского согласия»
Арцём Агафонаў, прарасейскі актывіст, старшыня грамадзкага руху «Гражданское согласие», дырэктар асьветніцкай установы «Согласие-Медиа».
Падпісаў зварот з просьбай забараніць дэманстрацыю бел-чырвона-белага сьцяга як «сьцяга паліцаяў» і прыраўняць яго на заканадаўчым узроўні да нацысцкай сымболікі і прыняць «георгіеўскую стужку» ў якасьці афіцыйнага сымбалю сьвяткаваньня Дня Перамогі.
Генэрал-памежнік
Васіль Гедзько, генэрал-маёр, былы кіраўнік Інстытуту памежнай службы, беспартыйны, жыве ў Менску.
Праціўніца будаўніцтва АЭС
Ірына Сухій, сябра Беларускай партыі «Зялёныя».
Фрылансэр, кансультант па мэнэджмэнце экалягічных праектаў, уваходзіць у грамадзкую раду грамадзкага аб’яднаньня «Экадом». Выступае супраць пабудовы АЭС у Беларусі.
Абаронца Курапатаў
Леанід Кулакоў, актывіст «Эўрапейскай Беларусі», беспрацоўны.
Адзін з актыўных удзельнікаў варты абаронцаў Курапатаў каля рэстарацыі «Поедем поедим». Быў траўмаваны падчас варты, калі на яго наехаў аўтамабіль аднаго з наведнікаў. Адсудзіў тады 500 рублёў. Леанід Кулакоў працаваў таксістам. Яго шмат разоў затрымлівалі на акцыях пратэсту, саджалі на суткі ці штрафавалі на вялікія сумы.
Каго зарэгістравалі кандыдатамі
Аўтарка акцый салідарнасьці з Украінай
Вольга Нікалайчык, рэжысэрка, сябра Партыі БНФ, прадстаўніца «Эўрапейскай Беларусі».
Аўтарка дакумэнтальнага фільму «Я — голас Курапатаў». У 2017 годзе падчас абароны Курапатаў амаль усе дні і ночы прысутнічала ў лягеры абаронцаў. Актыўная ўдзельніца акцыі пратэсту супраць рэстарану «Поедем поедим» каля Курапатаў, за гэта яе арыштоўвалі і штрафавалі. Аўтарка акцый салідарнасьці з Украінай і пратэстаў супраць мотапрабегу «Начных ваўкоў» у Беларусі, за вулічную пратэставую актыўнасьць узнагароджаная памятным знакам імя Віктара Івашкевіча.
Праціўнік акумулятарнага заводу
Уладзімер Мароз, праціўнік будаўніцтва акумулятарнага заводу каля Берасьця.
Індывідуальны прадпрымальнік, хатні майстар з Кобрыні. У выбарчую кампанію ўступіў, каб прыцягнуць увагу да заводу. Сябра АГП.
«Міс Беларусь — 2018»
Марыя Васілевіч. У 2018 годзе яна перамагла ў конкурсе прыгажосьці «Міс Беларусь».
Дзяўчына часта суправаджае ў паездках Аляксандра Лукашэнку. Раней Лукашэнка прапаноўваў Марыі Васілевіч узначаліць калгас, а Лідзія Ярмошына сказала, што «ў парлямэнт павінны ісьці людзі больш сталыя». Цяпер Марыі 21 год, гэтага дастаткова, каб быць дэпутаткай. Зьбіраць подпісы за «Міс Беларусь» дапамагаў БРСМ.
Функцыянэр БРСМ, які біўся са Зьмітром Дашкевічам
Сяргей Клішэвіч, першы сакратар Менскага гаркаму БРСМ.
У 2016 годзе ён вырваў плякат і ўступіў у бойку са Зьмітром Дашкевічам на адкрыцьці помніка Леніну.
Экс-міністарка, якая ўхваліла фільм пра справу «Белага легіёну»
Лілія Ананіч узначальвала Міністэрства інфармацыі ў 2014–2017 гадах.
Ухваліла прапагандысцкі фільм пра справу «Белага легіёну», лічыла, што выданьне кніг Сьвятланы Алексіевіч «неактуальнае ў сьвятле нацыянальнага кнігавыданьня».
Многія незалежныя выданьні пры яе кіраўніцтве атрымлівалі папярэджаньні і нават блякаваліся. У 2015-м папярэджаньні атрымалі «Газета Слонімская», Intex-Press, «Ганцавіцкі час». У 2017-м — «Наша Ніва» і Tut.by, а партал kyky.org заблякавалі на некаторы час.
Актывістка, якая лічыць, што беларусы — гэта рускія
Эльвіра Мірсалімава, прарасейская актывістка, намесьніца старшыні грамадзкага руху «Грамадзянская згода», сябра Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці.
У сваіх публікацыях сьцьвярджае, што «Беларусь — пераважна рускамоўная краіна», а ў інтэрвію, што беларусы — гэта рускія.
Актывіст ЛГБТ, які абскардзіў гамафобныя публікацыі ў «Вячэрнім Магілёве»
Валянцін Цішко з Маладэчна, дыякан Грэцкай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Амэрыкі і Канады.
Ён прасіў Міністэрства інфармацыі праверыць на экстрэмізм газэту «Вячэрні Магілёў» і даслаў у міністэрства 14 матэрыялаў, у якіх угледзеў гамафобныя выказваньні. У дзьвюх з гэтых публікацый экспэрты выявілі прыкметы экстрэмізму, і міністэрства зьвярнулася ў міліцыю, каб тая прыцягнула газэту да адказнасьці.
Былы кіраўнік тэлеканалу Аджарыі
Тэнгіз Думбадзэ, прадусар выканаўчай дырэкцыі інфармацыйнага вяшчаньня ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал», беспартыйны. У 2003–2004 гадах узначальваў тэлеканал Аджарыі. Казаў, што яму як грузіну крыўдна, што Расея прызнала незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.
21-гадовы блогер
Яўген Каравулаў, адзін з самых маладых кандыдатаў, вылучаўся ад палітычнай партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада. Актывіст «Гавары праўду». Часова не працуе. Студэнтам эканамічнага факультэта БДУ браў удзел у мясцовых выбарах.
Фэрмэр, які прыехаў на пікет на трактары
Юры Ганцэвіч, фэрмэр-блогер, «суб’ект агратурызму сядзіба „На вадзе“» (так значыцца ў дакумэнтах), беспартыйны, жыве ў аграгарадку Пакалюбічы, гадуе коз, кароў і авечак. На Youtube-канале ён займеў нечаканы посьпех з ролікам пра дарожны збор. Вылучаецца па Гомельскай Юбілейнай акрузе № 31. На апошні свой пікет прыехаў на трактары з плякатам «Я — фэрмэр. Не душыце мяне падаткамі — да пэнсіі не дажыву».