Суполка Dissident.by паведаміла аб прысудзе актывісту Сяргею Спарышу, паплечніку Міколы Статкевіча, за «непадпарадкаваньне законным патрабаваньням службовай асобы» (арт. 23.4 КаАП РБ).
Сьцьвярджаецца, што Сяргея Спарыша асудзілі на 15 сутак яшчэ 18 кастрычніка, у час другога дня суду над анархістам Зьмітром Паліенкам.
Падчас першага дня таго суду ў наведнікаў працэсу адбыўся канфлікт зь «людзьмі ў цывільным». Паліенка на пачатку працэсу спрабаваў ускрыць вены на знак пратэсту супраць закрытага суду. Пасьля гэтага наведнікаў выгналі з залі і адмаўляліся паведамляць нейкую інфармацыю пра падсуднага або пра працяг працэсу, іх сталі хапаць «людзі ў цывільным», у калідоры адключылася сьвятло.
Праз гадзіну пасьля здарэньня працэс аднавілі і зрабілі адкрытым, а пракурор адмовіўся ад ад усіх абвінавачаньняў на адрас Паліенкі, акрамя асабліва злоснага хуліганства.
Гвалт тады ўжывалі ня толькі адносна Спарыша. Пацярпелі таксама актывісты Максім Вінярскі, Ніна Багінская, Вячаслаў Касінераў. Актывісты казалі, што будуць здымаць пабоі.
На наступны дзень Спарыш спрабаваў трапіць на суд Паліенкі, але яго адмовіліся пускаць у залю, бо судзьдзя забараніў яму прысутнасьць. Міліцыянты вывелі яго з будынку, далейшы яго лёс ня быў вядомы да панядзелка.
Што важна ведаць пра справу Паліенкі
Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка за тое, што ён распыліў газавы балёнчык у твар мужчыну, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне на лесьвічнай пляцоўцы (сам Паліенка казаў, што скарыстаў балёнчык у мэтах самаабароны — толькі тады, калі на яго напаў п'яны мужчына).
Пазьней сьледчыя прадʼявілі яму яшчэ некалькі крымінальных абвінавачаньняў:
- «Псаваньне маёмасьці ў грамадзкім месцы» — за графіці на Ахоцкай вуліцы ў Менску (арт. 341).
- «Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» — за словы на адрас былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча (арт. 369).
- «Асабліва злоснае хуліганства» — за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Менску (ч. 3 арт. 339).
- «Распальваньне сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130).