Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пагрозы і выклікі маюць назву — Пуцін і Расея». Прадстаўніца Зяленскага пра перавагі Балтыйска-Чарнаморскага альянсу


Ірына Верашчук.
Ірына Верашчук.

Зьнешняя палітыка прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага неаднойчы выклікала вострую крытыку ягоных апанэнтаў. Найперш, з пункту гледжаньня галоўнага для Ўкраіны пытаньня — дасягненьня міру на Данбасе і вяртаньня анэксаваных Расеяй тэрыторый.

Да гэтай мэты Ўладзімір Зяленскі ідзе адразу некалькімі шляхамі, і адзін зь іх — праз кантакты зь лідэрамі краінаў, якія ўваходзяць у так званую Балтыйска-Чарнаморскую вось. Пачынаючы зь верасьня, прэзыдэнт Украіны правёў сустрэчы з калегамі з Грузіі, Літвы, Вугоршчыны, Эстоніі, Польшчы, Беларусі, а анансуючы візыт у Латвію, які адбыўся 16 кастрычніка, офіс украінскага прэзыдэнта наўпрост анансаваў абмеркаваньне праекту «трох мораў».

Ідэя Балтыйска-Чарнаморскай садружнасьці, якую актыўна абмяркоўвалі напачатку 90-х гадоў, ад 2014-га пачала папулярызавацца ва Ўкраіне. Прасоўваньнем гэтай ініцыятывы па чарзе займаліся адразу некалькі палітычных і грамадзкіх арганізацый — Украінская рэспубліканская партыя, Кангрэс украінскіх нацыяналістаў, кіраўнік добраахвотніцкага батальёну «Азоў» Андрэй Білецкі.

Найбольш актыўна ў гэтым кірунку працавала стваральніца і кіраўніца Міжнароднага цэнтру Балтыйска-Чарнаморскіх дасьледаваньняў і кансэнсусных практык Ірына Верашчук.

Цяпер яна працуе ў камандзе Ўладзіміра Зяленскага — Ірына Верашчук абрана ў Вярхоўную Раду Ўкраіны паводле сьпісу партыі «Слуга народу». У парлямэнце яна ўзначальвае падкамітэт па дзяржаўнай бясьпецы і абароне і ўваходзіць у так званыя «групы дружбы» з парлямэнтамі Польшчы і Літвы.

«Балтыйска-Чарнаморская ініцыятыва не адмаўляе задэкляраванага Ўкраінай эўраінтэграцыйнага шляху, яна толькі ўмацоўвае сувязі паміж суседнімі постсавецкімі краінамі і былога сацыялістычнага лягеру», — сказала Свабодзе Ірына Верашчук.

Паводле яе, краіны Балтыйска-Чарнаморскай восі ёсьць поясам бясьпекі Ўкраіны, і менавіта гэтым абумоўленыя першыя міжнародныя кантакты новага прэзыдэнта.

«Адбылася перазагрузка адносінаў з нашымі суседзямі. У часе візыту прэзыдэнта Зяленскага ў Польшчу абмяркоўваліся некаторыя шляхі супрацоўніцтва, у тым ліку праект „Беларусь-Украіна-Польшча“ (аднаўленьне воднага шляху Е 40 — РС), а таксама трохкутнік „Амэрыка-Польшча-Украіна“, калі мы гаворым пра энэргетычную незалежнасьць. Уласна цяпер вымалёўваецца новая канфігурацыя і ідэя Балтыйска-Чарнаморскага альянсу, альбо „трохмор’я“, як яго бачыць Польшча ці „міжмор’я“, як мы яго часам называем. Але гэта тая самая ідэя ў пляне сувязяў, праектаў, пошуку агульных пазыцый, што робіць нас мацнейшымі. Мяркую, што прэзыдэнт Зяленскі бачыць такую пэрспэктыву», — перакананая Ірына Верашчук.

У той жа час яна лічыць, што пэўнае збліжэньне Ўкраіны з краінамі-суседзямі будзе выклікаць раздражненьне з боку Расеі. Дэпутатка Вярхоўнай Рады Ўкраіны мяркуе, што Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ў Жытоміры прадэманстраваў прыхільнасьць да Ўладзіміра Зяленскага:

«Мяркую, што яны знайшлі агульную мову, улічваючы мэнтальнае падабенства. Аднак сёньня ў нас даволі складаная сытуацыя з Беларусьсю, бо яна ня ёсьць цалкам адкрытай для Ўкраіны. Мы таксама ня можам гаварыць пра дэмакратыю як пра пануючую ў Беларусі. Але Лукашэнка, ва ўмовах ціску Расеі, можа разгледзець пазыцыі па збліжэньні з Украінай і такім чынам паспрабаваць выйсьці з татальнага кантролю і поўнага навязваньня Расеяю парадку дня для Беларусі».

«Мы ня можам быць ворагамі зь беларусамі, і ня можам глядзець на Беларусь як на людзей Пуціна. Я перакананая, што грамадзяне Беларусі шчыра хвалююцца і спачуваюць нам. Я бачыла гэта і ведаю, наколькі гэта важна для іх эмацыйна. Мы вельмі падобныя — і ў мове, і ў мэнталітэце, па ўнутранай дабрыні і адкрытасьці. Нам няма чаго дзяліць, але мы павінны разумець, што ёсьць пагрозьлівыя моманты, і трэба іх вырашаць. Калі прэзыдэнт Лукашэнка гаворыць пра дапамогу, мы мусім разумець, што ня ўсё залежыць ад яго, бо ў Беларусі шмат супольных дагавораў з Расеяй, у тым ліку ў галіне абароны. Мы павінны гэта ўлічваць, бо гэта наша нацыянальная бясьпека», — дадала Ірына Верашчук.

Прадстаўніца парлямэнцкай фракцыі «Слуга народу» падкрэсьліла, што рэалізацыя плённых эканамічных праектаў з краінамі Балтыйска-Чарнаморскай восі ёсьць падмуркам бясьпекі ў рэгіёне.

«Нам варта разьвіваць такія эканамічныя праекты, якія дадаюць эканамічнай незалежнасьці, у тым ліку і Беларусі. У нас някепскія гандлёвыя сувязі, але мне хацелася б, каб мы размаўлялі пра больш глябальныя праекты, напрыклад, памежнага супрацоўніцтва. У нас зь Беларусьсю ёсьць агульная бурштынавая жылка і можна было б стварыць супольную беларуска-ўкраінскую бурштынавую біржу і разам гандляваць зь Кітаем. Нам ня трэба быць трывіяльнымі і хадзіць пракладзенымі дарогамі ва ўзаемадзеяньні. Бясьпека — вельмі важны аспэкт, яле яе вызначае эканоміка. Калі мы зарабляем і зарабляюць нашыя партнэры, гэта заўсёды дадае ўпэўненасьці, што бясьпека будзе надзейнай і мы разам будзем адбіваць пагрозы і выклікі, якія сёньня маюць назву — Пуцін і Расейская Фэдэрацыя», — перакананая Ірына Верашчук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG