Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Гусак: Сёньня зруйнаваная манаполія расейскага рынку збыту нафты


Сёньня адбудзецца першае пробнае перапампоўваньне нафты для Беларусі праз нафтаправод Адэса-Броды. Плянуецца перапампаваць 80 тысяч тон нафты. Пра гэта ў гутарцы з госьцем ранішняга эфіру “Свабоды” экспэртам у энэргетычнай галіне, аўтарам ідэі Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара Станіславам Гусакам.

Ганна Соўсь: Якія магчымасьці гэта дае Беларусі для зьмяншэньня залежнасьці ад расейскіх паставак нафты?

Станіслаў Гусак:
Тое, што адбудзецца сёньня, гэта падзея больш чым проста факт. Гэта мяняе ўсю сытуацыю на рынку Міжмор'я, дзяржаваў Балтачарнаморскага рэгіёну ў тым сэнсе, што сёньня будзе зруйнаваная манаполія расейскага рынку збыту нафты і паліва цалкам.

Соўсь: Прэзыдэнт Януковіч, калі абвяшчаў пра магчымасьць пампаваньня вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь, падкрэсьліў, што гэта не робіцца супраць Расеі. Ці чакаецца адмоўная рэакцыя Расеі?

Я так думаю, што Расеі трэба будзе, як кажуць, паджаць хвост, таму што скончылася манаполька
Гусак:
Рэакцыя ўжо была. Гэта ўсё чакалася. Проста так гэта не прайшло сёньня для Беларусі, і тое пагаршэньне адносінаў паміж Беларусьсю і Расеяй, ужо ёсьць. Ня ведаю, што далей Расея будзе прыдумляць. Але сёньня адбылося нешта рэвалюцыйнае на гэтай тэрыторыі, таму што гэта прыклад таго, што нельга усе свае адносіны ў энэргетычнай незалежнасьці складаць з адной дзяржавай.

Нельга сказаць, што Беларусь – першая дзяржава, якая зрабіла такі крок, але вось той факт, што Беларусь першая скарыстала гэтую транснацыянальную інжынэрную канструкцыю, якая называецца "Адэса-Броды", то гэта ёсьць часткай таго, што калісьці Беларускі народны фронт распрацоўваў як Балтачарнаморскі нафтавы калектар. Гэта вельмі моцна.

Соўсь: Такім чынам цяпер у Беларусь праз “Адэса-Броды” можа паступаць ня толькі вэнэсуэльская нафта. А яшчэ адкуль?

Гусак: Гэта можа быць любая нафта. І Вэнэсуэла, і Казахстан, і Азэрбайджан. У той час, калі мы ўсё гэта разглядалі і рабілі праект, разглядалася, што ў басэйн Чорнага мора павінна была прыйсьці і арабская нафта.

Соўсь: Наколькі гэта будзе для Беларусі эканамічна выгадна?

Плюс-мінус 5% – гэта тыя грошы, пра якія можна гаварыць, калі вырашаецца пытаньне незалежнасьці дзяржавы
Гусак:
Калі існуе рынак на паліва, гэта заўжды выгадна, таму што гэта заўжды незалежнасьць. І вельмі цяжка гаварыць пра тое, які кошт гэтай незалежнасьці. Я так думаю, што Расеі трэба будзе, як кажуць, паджаць хвост, таму што скончылася манаполька. І дзяржавы змогуць выбіраць паліва там, дзе няма дыктату да палітычнай волі гэтых дзяржаваў і да гэтых народаў. І вось гэта галоўнае.

Дарэчы і ў 1992 годзе, калі мы рабілі праект, мы таксама разьлічвалі на тое, што можа прыйсьці і вэнэсуэльская нафта, і пра гэта мы гаварылі нават з былым дырэктарам цеплаэнэргетычнага інстытуту Малочкам. Мы разам рабілі падлікі, колькі будзе каштаваць нафта з Вэнэсуэлы. І, дарэчы, гэта было магчыма, таму што плюс-мінус 5% – гэта тыя грошы, пра якія можна гаварыць, калі вырашаецца пытаньне незалежнасьці дзяржавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG