Кіраўнік Таджыкістану Эмамалі Рахмон выставіў на слуханьні ніжняй палаты парлямэнту праект закону аб амністыі, прымеркаваны да 25-годзьдзя Канстытуцыі, якое будзе адзначацца 6 лістапада, расказвае «Настоящее время».
Паводле праекту, амністуюць больш як 20 тысяч зьняволеных, чые справы ўжо цяпер разглядаюцца ў судах. Гэта рэкордна вялікая амністыя для 9-мільённага Таджыкістану, дзе з 1991 году іх было ўжо 15. Але ў 2016 годзе там праводзілася амністыя, якая закранула 12 тысяч чалавек.
На ўтрыманьне аднаго зьняволенага ў Таджыкістане трацяць усяго каля даляра на дзень, але для тамтэйшых уладаў гэта шмат: амністыю, як сьцьвярджаецца, праводзяць, каб разгрузіць турмы.
Таксама ўлады кажуць, што вызваленыя прынясуць грамадзтву больш карысьці на волі — амністуюць тых, хто сядзіць за няцяжкія злачынствы і чые тэрміны зьняволеньня сканчаюцца. Тых, каго цяпер судзяць і каму пагражае да 5 гадоў зьняволеньня, вызваляць, калі яны пакаяцца.
Палітычных зьняволеных амністыя не закране — яна ня дзейнічае на тых, хто асуджаны за «экстрэмізм».
У Беларусі тым часам абвешчаная амністыя, пад якую трапяць каля 6000 чалавек.
У іх ліку 1600 асуджаных паводле «наркатычнага» артыкулу — але іх ня вызваляць, а скароцяць тэрміны зьняволеньня на год (непаўналетнім на два).