Аўтаматызацыя і разьвіцьцё штучнага інтэлекту мяняюць сьвет — ужо прайшлі тыя дні, калі людзі шукалі працу з разьлікам, што гэта да канца жыцьця або прынамсі да выхаду на пэнсію. Да працы больш ня вядзе прамы шлях і ў будучыні шмат каму стане цяжэй адаптавацца на працоўным рынку — піша амэрыканская газэта The New York Times.
Даволі часта бацькі запісваюць дзяцей на дадатковыя заняткі па дакладных навуках, матэматыцы і праграмаваньні, спрабуючы даць ім патрэбныя ў сёньняшніх рэаліях навыкі. Але яны часта не заўважаюць яшчэ адзін элемэнт зь якога складаецца якасная адукацыя — выканальніцкія (ці сцэнічныя, тэатральна-эстрадныя) віды мастацтва.
Звычайна пад выканальніцкімі маюць на ўвазе тыя формы мастацтва, у якіх акторы на сцэне выкарыстоўваюць свае галасы, свае целы альбо неадушаўлёныя прадметы — гэта можа быць тэатральны ці музычны выступ альбо танцы.
Магчыма гэта гучыць дзіўна — што можа быць агульнага ў, напрыклад, IT з танцамі?
Ужо сёньня характар працы становіцца менш індывідуалісцкім і не настолькі вузка спэцыялізаваным — таму ў хуткім часе працадаўцы пачнуць шукаць людзей з вельмі розным наборам навыкаў і рысамі характару.
Экспэрты лічаць, што выканальніцкія віды мастацтва могуць даць добры старт для маладых людзей на іх шляху да пасьпяховай прафэсійнай кар’еры.
На працы зьявіцца большы фокус на супрацоўніцтве
Паводле апытаньня McKinsey, праведзенага ў ЗША ў 2017 годзе, праца ў будучыні стане больш «праектна-арыентаванай». Таму каманды працаўнікоў будуць складацца з разнастайных спэцыялістаў зь вельмі розным досьведам працы і жыцьцёвым вопытам наогул — і склад гэтых камандаў будзе мяняцца ў залежнасьці ад кожнага праекту.
Каб палепшыць працаздольнасьць індывіда ў такой камандзе, трэба каб з малых гадоў чалавек разьвіваў эмпатыю. Навукоўцы кажуць, што вывучэньне выканальніцкіх відаў мастацтву (кшталту тэатру, танцаў або музыкі) моцна ў гэтым дапамагае.
«Як толькі дзеці крыху падрастаюць, можна заўважыць, што музыка робіць на іх уплыў — гэты ўплыў можна нават вымераць лічбамі», — кажа доктар Джон Мэдына, біёляг, што вывучае малекулярнае разьвіцьцё і ў асаблівасьці займаецца вывучэньнем мозгу.
Як ён кажа, калі дзіця пачне рана вучыцца граць на музычным інструмэнце, то ўжо ў пачатковай школе яго навык «чытаць» эмацыйную інфармацыю з выразу твару ці з голасу, павялічваецца на 50 адсоткаў.
Ён дадае, што разьвіцьцё эмпатыі прыводзіць і да разьвіцьця іншых рысаў чалавека — да лепшай памяці і да лепшага размоўнага слоўнага запасу як у роднай мове, так і ў вывучаных мовах.
Стэфані Пуа — дырэктарка сынгапурскага агенцтва Duo Studio, што спэцыялізуецца на сацыяльных сетках. Раней яна займалася танцамі і кажа, што эмпатыя ня толькі зьяўляецца карыснай для стварэньня каманды — на ёй будуецца ўся бізнэс-мадэль агенцтва Пуа.
«Плянаваць кампанію ў сацыяльных сетках гэта як танчыць» — кажа яна. «Фактычны, абедзьве працы пра ўсталяваньне эмацыйнай сувязі з людзьмі».
Амаль любая праца будзе патрабаваць больш творчага падыходу
Паводле Алекса Бірда, аўтара кнігі «Прыроджаныя навучэнцы», у якой дасьледуецца тое, як працэс навучэньня мяняецца ў 21 стагодзьдзі, штучны інтэлект ня можа замяніць чалавечую крэатыўнасьць. Таму ў маладога пакаленьня будзе фактычна адзін выбар — або прыстасавацца і атрымліваць навыкі ў галіне сучасных тэхналёгій, або разьвіваць тыя навыкі, якія штучны інтэлект ня ў стане засвоіць.
«Вам трэба разьвіваць творчы падыход, каб мець магчымасьць працаваць з сучаснымі тэхналёгіямі наватарскім і цікавым чынам» — кажа ён.
Праяўляецца творчасьць таксама і ў імправізацыі, якая становіцца ўсё больш запатрабаванай у сьвеце — разьвіць імправізацыю дапамагаюць заняткі выканальніцкімі відамі мастацтва.
Адукацыя, якая ўключае ў сябе мастацтва, таксама дапамагае з дзяцінства выхоўваць устойлівую цікаўнасьць. У кнізе «Арыгіналы» Адам Грант адзначае, што навукоўцы-ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі з большай на 22% імавернасьцю маюць нейкае творчае хобі, калі параўноўваць іх са звычайнымі навукоўцамі. Ён зьвязвае гэты трэнд з уласьцівасьцю мастацкіх хобі разьвіваць творчы падыход.
Мэтады прыняцьця на працу будуць мяняцца
У будучыні адзнакі за іспыты і добра падрыхтаванае рэзюмэ будуць значыць значна меней, чым цяпер. Працадаўца будучыні хутчэй за ўсё будзе зьвяртацца да псыхамэтрычных тэстаў і аўтаматызаванага працаўладкаваньня.
«Тыя рысы характару, якія цяжка вымяраць, як напрыклад хуткасьць апрацоўкі інфармацыі, гнуткасьць розуму, памяць, эмпатыя, эфэктыўнасьць плянаваньня і г. д. — усё гэта ў будучыні будзе ў прыярытэце», — кажа доктарка Фрыда Польлі, дырэктарка кампаніі «Пімэтрыкс».
Гэтай кампаніі належыць плятформа, якая з дапамогаю нэўранавукі і штучнага інтэлекту аблягчае працадаўцам працэс найму спэцыялістаў.
Шлях да працы ў IT-гіганце праходзіў праз тэатар
Хлоя Кондан — былая акторка і сьпявачка, якая стала распрацоўніцай «воблачных» сэрвісаў для Майкрасофт. Яе творчае выхаваньня пераканала кадравікоў, што ў яе ёсьць перавага над прафэсіяналамі ў тэхнічных галінах.
«Мой мозг думае інакш, чым іх (маюцца на ўвазе працаўнікі ў тэхнічных галінах — РС)», — кажа выпускніца тэатральнага факультэту, дадаўшы пры гэтым, што менавіта навыкі, атрыманыя падчас тэатральнай адукацыі, дапамаглі ёй заняць гэту пасаду.
Кондан адказная за тое, каб прыдумляць і разьвіваць наватарскія рашэньні на плятформе Microsoft Azure. Гэта стала магчымым дзякуючы яе мастацкай адукацыі. Кондан канцэнтруецца на кагнітыўных паслугах, выпускае аплікацыі, вэб-сайты і ботаў з разумнымі альгарытмамі для інтэрпрэтацыі натуральнай мовы. Яе глыбокае разуменьне таго, як людзі паводзяць сябе і як яны падтрымліваюць стасункі — вынік доўгага стажу тэатральнай практыкі — аказалася запатрабаваным у гэтай галіне.
Што тычыцца будучай працы — толькі час пакажа, якія працоўныя месцы застануцца, а якія зьнікнуць. Але сёньняшняя тэндэнцыя паказвае, што маладому пакаленьню добра прыдасца адукацыя, багатая на выканальніцкае мастацтва. Ва ўмовах непрадказальнасьці сёньняшняга працоўнага рынку менавіта выпускнікі з кірункаў сцэнічнага мастацтва ведаюць, як з упэўненасьцю і праз творчы падыход адаптавацца ў новых абставінах.