Сяргей Лаўрыненка, IT-мэнэджэр, блогер, аўтар Telegram-каналу «Калонка дэкодэра» аптымістычна адстойвае ідэю ІТ-краіны і тлумачыць, чаму ўсім нельга даць такія ж ільготы, як ІТ-шнікам.
- Сьцісла:
- Чым больш будзе ІТ-шнікаў, тым болей будзе людзей з грашыма.
- Я ня ведаю галіны бізнэсу ў Беларусі, якая б ня мела прэфэрэнцый з боку дзяржавы.
- Чаму ўсім ІТ-шнікам не даць ільготы? Дык тады заўтра палова краіны запішацца ў ІТ-шнікі.
Чым болей будзе людзей з грашыма, ускосна гэта можа на ўсё паўплываць
— Усе зараз абмяркоўваюць тыя прапановы ў сфэры ІТ-адукацыі і ўвогуле разьвіцьця гэтай сфэры, якія вылучыў вядомы беларускі прадпрымальнік Віктар Пракапеня, натхнёны пасьля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы. Якое ў вас уражаньне? Ці гэта проста летуценьні, ці гэтыя ідэі падаюцца вам дастаткова рэалістычнымі, такімі, якія могуць знайсьці сваё ўвасабленьне нават у рамках цяперашняй беларускай эканомікі?
— Гэта ня новыя прапановы. Ідэі пра крэдытаваньне ІТ-навучаньня былі вылучаныя самім Віктарам яшчэ некалькі тыдняў таму ў фэйсбуку, тады іх мала хто заўважыў. Да гэтага даўно існаваў праект, які прапагандавалі прадпрымальнік Ігар Мамоненка і старшыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Ўладзімер Карагін. Ён называўся «ІТ-краіна». Ідэя была — давайце гэтыя тысячы бухгальтараў, якіх так шмат не патрэбна, зробім ІТ-шнікамі. І зараз Пракапеня, можна сказаць, падхапіў гэтую ідэю, але насыціў яе сваімі думкамі наконт тых самых крэдытаў. Што тычыцца пытаньня, ці рэалістычна гэта. Сучасная эканоміка — такая складаная рэч, што нейкія зьявы могуць існаваць паралельна. Таму тое, што тычыцца гэтай канкрэтнай ІТ-галіны — то ўсё гэта цалкам рэалістычна. Што да таго, ці будуць ад гэтага паляпшэньні ў цэлым — то чым больш будзе ІТ-шнікаў, тым болей будзе людзей з грашыма, і ўскосна гэта можа на ўсё паўплываць.
— Але наколькі «гумовы» ІТ-сэктар, ці можа ён абсарбаваць у сябе шмат людзей зь іншых галінаў? Ня могуць жа ўсе 9 мільёнаў беларусаў там працаваць.
— ІТ-сэктар у нейкім сэнсе акурат «гумовы». Усё, што там робіць Беларусь, — гэта некалькі працэнтаў ад таго, што робіць Індыя. Мы займаем вельмі малую долю рынку, і таму ёсьць куды расьці. Галоўнае пытаньне — як перавучыць такую колькасьць людзей. Гэта вялікі адукацыйны выклік.
9 мільёнаў праграмістаў у Беларусі ня будзе. Але нават калі будзе мільён — то гэта будзе зусім іншая краіна. Гэта будзе мільён людзей, які атрымлівае нармальны заробак, яны будуць будаваць кватэры, купляць машыны — і па ланцугу эканоміка будзе раскручвацца.
— Ці не атрымліваецца, што ў Беларусі ІТ-сэктар — гэта «остров везения» ў акіяне стагнацыі і стабільнасьці бяз росту?
— Гэта ня толькі беларуская зьява. Ва ўсіх краінах сьвету праграмісты зарабляюць вышэй за сярэдні ўзровень. Проста ў нас яны значна больш за сярэдні атрымліваюць. Ва Ўкраіне таксама вельмі хутка разьвіваецца ІТ-сэктар, паводле выручкі на чалавека ў Беларусі ў два разы больш, але там болей цікавых стартапаў. У Баўгарыі таксама робяць стаўку на ІТ-сэктар, і знаходжаньне ў Эўразьвязе робіць іх прывабнымі для інвэстараў.
Таму гэта не ўнікальны выпадак. Гэта хутчэй тыповы выпадак для краінаў ня вельмі разьвітых, але з пэўнай тэхнічнай базай. І ў якіх няма іншых сфэраў, у якіх людзям плацяць такія ж добрыя заробкі.
— Калі гэта такі прагрэсіўны і пасьпяховы сэктар — чаму ж яны ўвесь час патрабуюць сабе ільготы і падатковыя паслабленьні?
— Я ня ведаю галіны бізнэсу ў Беларусі, якая б ня мела прэфэрэнцый з боку дзяржавы. Дзяржаўныя прадпрыемствы проста атрымліваюць грошы зь бюджэту — і гэта камень на шыі беларускай эканомікі.
ІТ-шнікі атрымліваюць падатковыя льготы. Але ж першае правіла збору падаткаў — «чым меншыя падаткі, тым больш людзей іх плацяць». Калі мераць Беларусь прывабнасьцю жыцьця для ІТ-шніка, то прывабным пунктам будзе тое, што шмат грошай застаецца ў кішэні. І яны ўсё роўна пойдуць у эканоміку.
Тыя ІТ-шнікі, што жывуць у Эўропе і плацяць там даволі вялікія падаткі, — то частка зь іх нават вяртаецца ў Беларусь. Калі ў нас зараз мэханічна падняць падаткі, а ўмовы жыцьця застануцца вельмі далёкія ад эўрапейскіх, — то гэтым людзям будзе нязручна ў Беларусі жыць. Тады яны альбо пойдуць у пэўныя схемы, як ва Ўкраіне (і тады дзяржава атрымае ад іх яшчэ меней), альбо проста зьедуць зь Беларусі.
Ці можна ўзаемавыгадную калябарацыю з уладай называць палітыкай?
— Калі раней абмяркоўвалі дэкрэт пра ІТ у 2017 годзе, то можна было заўважыць нэгатыўныя камэнтары тых ІТ-спэцыялістаў, якія працуюць у гэтай сфэры, але не працуюць у Парку высокіх тэхналёгій. Чаму дзяржава дае льготы толькі ПВТ, а ня ўсім працаўнікам гэтага сэктару? Чаму ствараецца астравок для абраных?
— Ёсьць дзьве пазыцыі. Па-першае, пытаньне кантролю і рэгуляцыі, ПВТ гэта ажыцьцяўляе. Па-другое, зараз ПВТ стварае такія ўмовы, каб лягчэй было рэгістравацца новым чальцам. Цяпер нашмат прасьцей малой фірме трапіць у Парк, ён цяпер больш адкрыты.
Чаму ўсім ІТ-шнікам ня даць ільготы? Дык тады заўтра палова краіны запішацца ў ІТ-шнікі.
— Дык што ў гэтым кепскага? Гэта ж і ёсьць ідэя Пракапені, каб як мага больш людзей стала працаваць у гэтым сэктары.
— Кепска будзе, калі льготы атрымаюць тыя, хто не зьяўляецца ІТ-шнікамі і хто не працуе з высокімі тэхналёгіямі.
—Прыхільнікі асаблівых умоваў для ПВТ кажуць, што карпаратыўныя інтарэсы гэтай галіны могуць пацягнуць наперад усю краіну. Але за гэты час нейкага грандыёзнага плёну, зьменаў у эканоміцы мы не пабачылі. І цяпер ужо нават самыя зацятыя аптымісты не сьцьвярджаюць, што Лукашэнка будзе праводзіць эканамічныя рэформы. Сам ІТ-сэктар расьце, але ніякім істотным лякаматывам для ўсёй эканомікі ён ня стаў.
— ІТ-шнікі вельмі добра растуць і добра цягнуць эканамічнае навакольле. ПВТ зьявіўся яшчэ ў 2005 годзе. І калі тады яшчэ ніхто ня ведаў, хто такія ІТ-шнікі — то цяпер усе ведаюць, хто такія ІТ-шнікі (прынамсі ў Менску). Усе мараць ісьці працаваць у ІТ.
Можа, гэта пакуль невялікі кавалак адносна астатняй эканомікі, але ён вельмі хутка расьце. Пры тым, што астатняя эканоміка вельмі залежыць ад коштаў на энэргарэсурсы, ІТ-сфэра сапраўды выглядае астраўком стабільнасьці.
— Некаторыя палітычныя аналітыкі заяўляюць, што лабіраваньне інтарэсаў ІТ-сфэры — гэта пачатак рэальнай палітыкі ў Беларусі. Ці лічыце вы, што ІТ-шнікі могуць патэнцыйна стаць палітычнай сілай, якая можа ня толькі зарабляць грошы, але і неяк шырэй уплываць на Беларусь?
— Пункт нумар нуль — ніводзін прадпрымальнік у Беларусі ня скажа, што ён мае пэўныя палітычныя амбіцыі і хоча змагацца за ўладу. Гэта немагчыма ў рамках цяперашняй беларускай палітычнай мадэлі. ІТ-шнікі гэта добра ведаюць — і таму робяць стаўку на калябарацыю.
Ці можна ўзаемавыгадную калябарацыю з уладай называць палітыкай? Гэта складанае пытаньне, якое залежыць ад фармулёвак. Ёсьць нейкі працэс, створаны пэўныя мэханізмы зваротнай сувязі з цэнтрам прыманьня рашэньняў, прыманьня нейкіх нарматыўных актаў. У парлямэнцкай кампаніі ІТ-шнікі ня ўдзельнічаюць, законы ў парлямэнце ня пішуць — але прыходзяць куды трэба і адразу ствараюць патрэбную ім рэдакцыю заканадаўчых зьменаў.
Нельга казаць, што яны робяць гэта без узгадненьня — вядома, усё ўзгадняецца. Але гэта такі вельмі цікавы паралельны інстытут. Ня ведаю, ці можна яго назваць палітычным — але гэта пэўны мэханізм самарэгуляваньня галіны.