На мэтэастанцыях ва ўсіх абласьцях Беларусі, апроч Берасьцейскай, 14 кастрычніка былі зафісаваныя тэмпэратурныя рэкорды, адзначае БелаПАН.
У Менску такой цеплыні 14 кастрычніка не было за 103 гады назіраньняў — максымальная тэмпэратура паветра дасягнула +22,4°С. Папярэдні рэкорд фіксавалі ў 1993 годзе — тады было +20,5°С.
У Гомлі і Магілёве новыя рэкорды адпаведна +23,7°С і +22,8°С (у 1993-м было +23,5 і +19,8), у Горадні — +21,5°С (у 2000-м было 20,5), у Віцебску — +21,5°С (у 2018-м было +17,8).
Найцяплей у краіне ў гэты дзень у 2019 годзе было ў Брагіне — аж 24,8°С. Але там рэкорд не пабіты: у 1993 годзе 14 кастрычніка там адзначалі 24,9°С. У цэлым па краіне рэкорд цеплыні ў гэты дзень — 26,4°С у Лельчыцах у 1993 годзе.
Найхаладней жа па краіне было ў Лынтупах — толькі 19,5°С. Але рэкорд цяпла там усталяваны — раней у гэты дзень цяплей за ўсё было ў 2018-м з 18,5°С.
У мінулым месяцы надвор’е спачатку (у першай дэкадзе) біла рэкорды цеплыні, пасьля (у трэцяй дэкадзе) — холаду.