А трэцяй гадзіне ночы 24 верасьня менская мэтэастанцыя зафіксавала тэмпэратуру паветра –2,5°С. Гэта на 1,1 градуса халадней за тэмпэратурны «антырэкорд» 1956 году паводле зьвестак за 112 гадоў.
На тэрыторыі Беларусі ў гэтую ноч былі і халаднейшыя месцы: напрыклад, у Ганцавічах а 3-й зафіксавалі –3,5°С, у Брагіне –3,8°С.
Гістарычны «антырэкорд» усёй краіны — аж –4,3°С у Лынтупах у 2002 годзе і ў Полацку ў 1956 годзе.
Абноўлена. У Брагіне а 6-й раніцы зафіксавалі рэкордную мінімальную тэмпэратуру — мінус 5,7°С. У Менску ў той час мінімальная тэмпэратура была –3°С.
Найцяплей у гэты дзень у Менску было ў 2015 годзе — тады фіксавалі +25,9°С. У тым жа годзе быў пастаўлены рэкорд для ўсёй Беларусі — у Гомлі было +29,2°С. Летась у гэты дзень фіксавалі таксама рэкордны аб’ём ападкаў — 39,5 мм выпала ў Ваўкавыску.
Яшчэ паўтара тыдня таму надвор’е ў Беларусі біла рэкорды па цеплыні, цяпер жа фіксуецца небывалая халадэча. Ад гэтага рэкордна рана пачаўся ацяпляльны сэзон — 24 верасьня ацяпленьне пачнуць уключаць у жылых дамах.