У Беларусі ўсталявалася сьпёка, максымальная тэмпэратура паветра дасягнула 33 градусаў. Якія робяцца захады ў краіне, каб абараніць людзей на працоўных месцах ад анамальнай сьпёкі?
У Беларусі дзейнічаюць санітарныя нормы і правілы «Патрабаваньні да мікраклімату працоўных месцаў у вытворчых і офісных памяшканьнях», а таксама гігіенічны нарматыў «Паказчыкі мікраклімату вытворчых і офісных памяшканьняў».
Згодна з гэтымі правіламі, калі на прадпрыемстве няма тэхнічных сродкаў, каб захаваць дапушчальны тэмпэратурны рэжым, то працягласьць працоўнага дня павінна скарачацца.
Праца дзеліцца на тры катэгорыі: зьвязаную зь сядзеньнем (офісныя работнікі); праца на вытворчасьці, калі людзі пастаянна рухаюцца, перамяшчаюць невялікія грузы; праца зь перамяшчэньнем вялікіх цяжараў.
Пры тэмпэратуры 26,5 градуса для работнікаў трэцяй катэгорыі працягласьць працоўнага дня можа скарачацца на гадзіну. Для другой катэгорыі скарачэньне пачынаецца з 27,5 градуса.
Пры тэмпэратуры 29 градусаў знаходжаньне ў офісе — 6 гадзін, на вытворчасьцях зь меншымі выдаткамі энэргіі — 5 гадзін, а на цяжкіх вытворчасьцях — толькі 3 гадзіны. Напрыклад, пры тэмпэратуры 32,5 градуса працягласьць працы ў офісах павінна складаць адну гадзіну.
ФПБ: санітарныя нормы маюць «рэкамэндацыйны характар»
Чаму на практыцы працоўны дзень звычайна не скарачаецца і ці можа работнік самастойна пакінуць працу раней? Галоўны тэхнічны інспэктар працы Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Павал Манько сказаў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што санітарныя нормы і правілы адносна мікраклімату маюць «рэкамэндацыйны характар».
«Калі ў арганізацыі, у вытворчых памяшканьнях тэмпэратура перавышае дапушчальны паказьнік, наймальніку ці ўласьніку нічога не перашкаджае ўнесьці ў калектыўную дамову альбо ў сваю сацыяльную палітыку нормы, якія будуць дазваляць работнікам скараціць працоўны дзень, рэглямэнтаваць перапынкі. Але ў той жа час СанПіН мае рэкамэндацыйны характар. Але калі гэтыя нормы не выконваюцца, то працоўнае месца будзе лічыцца са шкоднымі ўмовамі працы».
Калі, напрыклад, тэмпэратура ў офісе перавышае 30 градусаў, то работнік ня можа самастойна пайсьці дахаты, бо, паводле Паўла Манько, ён павінен выконваць правілы ўнутранага працоўнага распарадку.
«Спачатку трэба зьвярнуцца да непасрэднага кіраўніка, наймальніка з пытаньнем, што вельмі горача, нязручна працаваць. То бок наймальнік павінен прыняць нейкія меры, каб ухіліць гэтыя нязручныя ўмовы працы».
Аднак гэтыя санітарныя нормы не распаўсюджваюцца на тых, хто працуе на адкрытым паветры.
Павал Манько распавёў, што, напрыклад, будаўнікі маюць тарыфнае пагадненьне, якім пры тэмпэратуры вышэй за 27 градусаў працоўны дзень скарачаецца, рэглямэнтуюцца перапынкі, з 12 да 15 робіцца перапынак, каб у самую сьпёку людзі не працавалі на паветры.
«То бок гэта ўсё залежыць ад наймальніка, калі ён клапоціцца пра падначаленых, хоча стварыць здаровыя, бясьпечныя ўмовы працы, то ён пойдзе на ўсё: скароціць ці зьменіць графік, створыць умовы, тыя ж кандыцыянэры, навесы, кулеры з вадой і гэтак далей».
Паводле Паўла Манько, работнікі, калі загорача, могуць паскардзіцца на ўмовы працы ў ФПБ на «гарачую лінію».
«Людзі зусім ня ведаюць сваіх правоў»
У незалежным прафсаюзе РЭП лічаць, што невыкананьне санітарна-гігіенічных правілаў прыраўноўваецца да парушэньня працоўнага заканадаўства. За невыкананьне тэмпэратурнага рэжыму наймальнік можа атрымаць штраф.
Былы шматгадовы кіраўнік РЭП, а цяпер дарадца дзейнай кіраўніцы Генадзь Фядыніч кажа, што незалежныя прафсаюзы і ўзімку, і ўлетку тлумачаць правы работнікаў пры анамальных тэмпэратурах.
«Бо людзі зусім ня ведаюць сваіх правоў. Былі нават сьмяротныя выпадкі, гады тры таму на „Атлянце“ ў сьпёку. Ёсьць нормы, але на іх, на жаль, ніхто пакуль не зьвяртае ўвагі, бо ня ведаюць наймальнікі і ня ведаюць людзі. Але тут важней, каб людзі ведалі і скарысталіся сваімі правамі».
12 чэрвеня ўдзень на менскіх вуліцах можна было сустрэць рамонтнікаў дарог і «зелянбудаўцаў». Як патлумачылі карэспандэнту Свабоды ў «Зелянбудзе», у сьпёку робяцца пэўныя захады: падвозяць халодную пітную ваду, часьцей ладзяць перапынкі (кожныя паўгадзіны), ёсьць спэцадзеньне, кепка, хоць замест курткі работнікі апранаюць «сыгнальную камізэльку».
На «Белаўтадоры» сказалі, што работнікі заўсёды забясьпечваюцца вадой, ёсьць «гарадкі» для адпачынку.
«З прычыны сьпёкі ня робяцца нейкія асобныя захады, бо яны і так увесь час захоўваюцца. Бо працуюць з гарачым асфальтабэтонам, таму ўсе нормы захоўваюцца. Гэта звычайная сыстэмная праца», — сказаў прадстаўнік «Белаўтадора».
Ад пачатку чэрвеня ў краіне было 27 пацярпелых ад цеплавога ўдару
У прэс-службе Міністэрстве аховы здароўя Свабодзе паведамілі, што хуткая дапамога працуе «ў звычайным рэжыме». Сьпёка не прывяла да падвышэньня колькасьці выклікаў.
З 1 па 12 чэрвеня ў Беларусі да пацярпелых зь цеплавым і сонечным ударам хуткая выяжджала 27 разоў (у Менску 4, у Менскай вобласьці 7, у Гомельскай — 11, у Гарадзенскай — 4, у Берасьцейскай — 1).
На сайце міністэрства апублікавана папярэджаньне пра неабходнасьць выконваць «правілы бясьпечных паводзін пры адпачынку і працы са знаходжаньнем на адкрытым сонцы».
Міністэрства рэкамэндуе захоўваць рэжым піцьця і насіць галаўныя ўборы.
«Часьцей за ўсё цеплавы ўдар разьвіваецца пры цяжкай фізычнай працы ва ўмовах падвышанай тэмпэратуры і вільготнасьці навакольнага асяродзьдзя», — гаворыцца на сайце.
Пры цеплавым удары, выкліканым напружанай фізычнай працай, «скура звычайна вільготная, ліпкая».
«Для прадухіленьня першых прыкмет цеплавога ўдару, такіх як цягліцавыя сутаргі, рэкамэндуецца піць больш вадкасьці, спалучаць фізычную нагрузку з адпачынкам, працаваць у памяшканьні, якое добра праветрываецца ці кандыцыянуецца».