Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці аштрафавалі мужчыну, які пабіў актывістку «сьвінцовай варты»


Акумулятарны завод пад Берасьцем, чэрвень 2018 году
Акумулятарны завод пад Берасьцем, чэрвень 2018 году

Аляксандра Аўтуховіча, які 14 жніўня каля прахадной акумулятарнага завода пабіў актывістку «сьвінцовай варты» Марыю Галалюк, пакаралі штрафам у 306 рублёў, паведамляе «Брестская газета». Актывістка тады атрымала закрытую чэрапна-мазгавую траўму.

Адміністрацыйны працэс прайшоў у судзе Берасьцейскага раёну 10 кастрычніка. Судзьдзя Сяргей Маручак прызнаў Аляксандра Аўтуховіча вінаватым і аштрафаваў яго на 12 базавых велічыняў (306 рублёў) у даход дзяржавы (санкцыя артыкулу прадугледжвае штраф ад 10 да 30 базавых).

Дзеяньні Аўтуховіча праваахоўнікі кваліфікавалі як «наўмыснае прычыненьне цялеснага пашкоджаньня, якое не пацягнула за сабой кароткачасовага расстройства здароўя або нязначнай стойкай страты працаздольнасьці» (артыкул 9.1 КаАП).

У Марыі Галалюк пасьля зьбіцьця былі дыягнаставаныя закрытая чэрапна-мазгавая траўма, удар мяккіх тканак левай скроневай вобласьці і ўдар крыжа. Яна расказала выданьню, што пасьля таго, як рашэньне суду набудзе моц, мае намер падаваць пазоў на матэрыяльную кампэнсацыю маральнай шкоды.

Марыя Галалюк — актывістка руху супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем. За сваю актыўную пазыцыю ў пытаньні заводу жанчына ня раз зазнавала ціск.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG