Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмовіў «АйПауэр», якая скардзілася на праціўнікаў акумулятарнага заводу

абноўлена

Акумулятарны завод пад Берасьцем, здымак 2019 году
Акумулятарны завод пад Берасьцем, здымак 2019 году

Эканамічны суд Берасьцейскай вобласьці 3 кастрычніка адхіліў пазоў кампаніі «АйПауэр» супраць праціўнікаў акумулятарнага заводу Дзямʼяна Лепясевіча, Дзьмітрыя Бекалюка, Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава. Пра акалічнасьці сытуацыі Свабодзе расказаў Аляксандар Кабанаў.

Што адбылося?

У чэрвені на YouTube-канале «Народный репортёр» выйшла відэа, дзе Лепясевіч і Бекалюк зачытвалі дакумэнты, якія тычацца дзейнасьці акумулятарнага заводу «АйПауэр» пад Берасьцем.

Што было на судзе?

«АйПауэр» падаў пазоў аб абароне «дзелавой рэпутацыі» ў Эканамічны суд Берасьця. Спачатку пазоў быў супраць Лепясевіча і Бекалюка. Пазьней суд задаволіў хадайніцтва «АйПауэр», і адказьнікамі таксама сталі аўтары YouTube-канала Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў.

Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін
Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін

Пасьля гэтага доўга цягнуліся слуханьні, і ўрэшце суд адхіліў пазоў «АйПауэр». Кабанаў лічыць, што такое рашэньне суду пацьвярджае сапраўднасьць дакумэнтаў, якія цытуюцца ў відэа.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG