Паводле артыкулу, апублікаванага 8 кастрычніка ў амэрыканскай газэце The New York Times, апошнія дзесяць гадоў у Эўропе вядуць падрыўную дзейнасьць вайскоўцы расейскай вайсковай часткі нумар 29155 у складзе вайсковай выведкі ГРУ.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў ужо пракамэнтаваў артыкул у The New York Times. «Такія публікацыі — гэта, скажам так, з разраду "Крымінальнага чытва ", па-ангельску — Pulp Fiction», — заявіў Пяскоў, адзначыўшы, што Расея зацікаўленая ў выбудоўваньні «добрых адносін» з Эўропай.
Мы прапануем азнаёміцца са скарочаным зьместам арыгінальнага артыкулу:
1. Вайсковая частка 29155 — хто яны?
Як сьцьвярджаецца ў артыкуле, вайсковая частка 29155 зьяўляецца аддзелам ГРУ. Яе складаюць вэтэраны Чачні, Аўганістану і вайны на Данбасе. Большасьць апэрацый гэтага падразьдзелу ГРУ, адбываецца за мяжой — а менавіта ў Эўропе.
Гэта вайсковая частка зьяўляецца цалкам засакрэчанай — мяркуецца, што аб яе дзейнасьці ня ведаюць нават іншыя супрацоўнікі ГРУ.
У 2012 годзе частка 29155 была ўзнагароджана Расейскім Міністэрствам абароны за «асаблівыя дасягненьня ў вайсковай службе». Акрамя іх, узнагароду атрымаў атрад 74455, які, верагодна, удзельнічаў ва ўмяшаньні ў апошнія прэзыдэнцкія выбары ў ЗША, а таксама вайсковая частка нумар 99450, якая брала ўдзел у акупацыі Крыму ў 2014 годзе.
Паводле неназванай крыніцы The New York Times, якая ў артыкуле называецца проста як «афіцэр ГРУ ў адстаўцы», галоўнай мэтай часткі зьяўляюцца дывэрсыі — гэта ўключае ў сябе «апэрацыі па забойству, арганізацыі выбухаў, выкраданьні і гэтак далей».
2. Што вядома пра іх апэрацыі?
У нейкім сэнсе, большасьць іх апэрацый прыцягнулі да сябе ўвагу грамадзкасьці.
Мяркуецца, што ў 2015 годзе менавіта гэтыя вайскоўцы зрабілі двойчы няўдалую спробу замаху на баўгарскага гандляра зброяй Эміліяна Гебрэва — спачатку працаўнікі спэцслужб паспрабавалі забіць яго ў сталіцы Баўгарыі Сафіі, а потым у яго доме, што на ўзьбярэжжы Чорнага мора.
Таксама прадстаўнікоў гэтай спэцслужбы вінавацяць у дачыненьні да няўдалай спробы правесьці дзяржпераварот у Чарнагорыі ў 2016 годзе. Іх зьвязваюць і са скандальным атручваньнем былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачки Юліі нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок» 4 сакавіка 2018 года ў мястэчку Солсбэры, што на поўдні Англіі.
3. З кім яны ваююць?
Да нядаўняга часу прадстаўнікі выведак краін Захаду не разглядалі ўсе гэтыя выпадкі як сэрыю скаардынаваных апэрацый — толькі нядаўна спэцыялісты прышлі да высновы, што паміж усімі гэтымі падзеямі існуе сувязь. Ёсьць сьведчаньні, што праца гэтай вайсковай часткі зьяўляецца адным з элемэнтаў агульнай гібрыднай вайны, якую Расея вядзе з краінамі лібэральнага Захаду.
Пуцін ужо раней параўноўваў дасягненьня сучаснай расейскай выведкі з выведкай савецкіх часоў, «намаганьні якой прывялі да перамогі над фашыстамі».
Падчас той жа цырымоніі, якая была прысьвечана Дню вайсковага выведніка, Пуцін заявіў: «На жаль, у сьвеце нарастае патэнцыял для канфліктаў».
«Выкарыстоўваюцца правакацыі і прамая хлусьня, робяцца спробы парушыць стратэгічны парытэт», — дадаў расейскі прэзыдэнт.
4. Што вядома пра ўмяшаньне ГРУ ва ўнутраную палітыку краінаў Захаду?
Насамрэч — зусім ня шмат. Яшчэ за некалькі месяцаў да амэрыканскіх прэзыдэнцкіх выбараў 2016 году, выведка ЗША паведаміла, што прынамсі дзьве часткі ГРУ (26165 і 74455), у спэцыялізацыю якіх уваходзяць апэрацыі ў кібэрпрасторы, узламалі сэрвэры нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі і прэзыдэнцкай кампаніі Гілары Клінтан, а пасьля апублікавалі ўнутраную перапіску працаўнікоў камітэту і кампаніі Клінтан.
У мінулым годзе Робэрт Мюлер, спэцыяльны пракурор ЗША, які кіраваў расьсьледаваньнем умяшаньня Расеі ў выбары 2016 году, абвінаваціў больш за дзясятак афіцэраў з гэтых двух кібэрпадраздзяленьняў. Групы, якія праводзілі ўзлом, працуюць у асноўным з Масквы і фізычна знаходзяцца за тысячы кілямэтраў ад сваіх мэтаў.
Вайсковая частка 29155, у адрозьненьні ад названых вышэй «хакерскіх груп», мае дазвол дзейнічаць за мяжой і прымяняць гвалт пры неабходнасьці. На здымках, апублікаваных расейскім блогерам, сапраўднасьць якіх была пацьверджана былым працаўніком ГРУ, бачна, што ў закінутай сядзібе часткі 29155 можна пабачыць падпісаныя стойкі для зброі. Надпісы на стойках дазваляюць зрабіць выснову, што шпіёны ўзброены ня толькі зброяй расейскай вытворчасьці, але і агнястрэльнай зброяй заходняга паходжаньня.
5. Якія ў іх магчымасьці і ў чым пагроза?
Прадстаўнікоў заходніх выведак больш за ўсё зьдзіўляе тое, што сродкі дзяржаўнага бюджэту, якая выдзяляюцца для такой элітнай групы выведнікаў, даволі малая. Генэрал Авяр’янаў, якога брытанцы лічаць датычным да забойства Скрыпалёў, езьдзіць на старым ВАЗ 21053 і жыве ў доме савецкай пабудовы.
Агенты, якія спрабавалі забіць Скрыпалёў, падчас сваёй вандроўкі ў Англію спыняліся ў танным гатэлі ва ўсходнім Лёндане — у частцы гораду, якая традыцыйна лічыцца досыць дрэннай.
Зьдзіўляе таксама і тое, што большасьць апэрацый, аб якіх вядома, былі выкананы «вельмі неахайна» — Скрыпалі выжылі, баўгарскі гандляр зброяй таксама жывы, пераварот у Чарнагорыі ня толькі не атрымаўся, але фактычна яшчэ і прывёў да таго, што краіна стала сябрам NATO.
Прадстаўнікі заходніх выведальных агенцтваў дагэтуль не ўпэўнены, ці гэта былі правальныя для ГРУ апэрацыі, ці гэта былі заплянаваныя акцыі, своеасаблівая псыхалягічная вайна. Не ўпэўнены яны таксама і наконт таго, колькі такіх апэрацыяў засталося нераскрытымі.