Хочуць нагадаць беларусам і іншаземцам пра небясьпеку беларускай АЭС, палітвязьняў, фальсыфікацыю выбараў і дыктатуру.
Фармальна гэта пікет для збору подпісаў за вылучэньне актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Васіля Жорава кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Месца пікетаваньня выбралі адмыслова. У гатэлі Marriott сёньня распачынаецца «Менскі дыялёг» — форум, які ўжо другі год зьбірае ў Беларусі экспэртаў і аналітыкаў з усяго сьвету. Сёлетняя тэма форуму — «Эўрапейская бясьпека: адысьці ад краю прорвы». Чакаецца, што ў ім, як і летась, возьме ўдзел Аляксандар Лукашэнка.
«Хочам прыцягнуць увагу ўдзельнікаў канфэрэнцыі, міжнародных і беларускіх грамадзян, да таго, што ў Беларусі пануе дыктатура, фальсыфікуюць выбары; нагадаць пра ядзерную пагрозу ў сувязі з будаўніцтвам АЭС і тое, што ў Беларусі дагэтуль ёсьць палітвязьні», — сказаў Свабодзе актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель.
У пікеце ўдзельнічаюць каля 10 чалавек. Сярод іх актывісты Вольга Мікалайчык, Максім Вінярскі. Праваахоўнікі ў цывільным здымаюць акцыю на відэа, але ня ўмешваюцца.
Да зьбіральнікаў подпісаў падыходзілі прадстаўнікі выбарчай камісіі Цэнтральнага раёну. Яны зрабілі Васілю Жораву заўвагу, што на падпісных аркушах адсутнічае інфармацыя, за каго ідзе збор подпісаў. Сам кандыдат з гэтым не пагадзіўся. Ён ужо мае два папярэджаньні ад выбарчай камісіі.
Актывісты зьвяртаюцца да ўдзельнікаў форуму праз мэгафон. Расказваюць пра зьніклых палітыкаў і кажуць, што ўдзел у такой канфэрэнцыі раўназначны «саўдзелу ў злачынствах», у якіх абвінавачваюць беларускую ўладу.