Упершыню падчас перапісу насельніцтва ў Беларусі, які пачаўся 4 кастрычніка, можна адказаць на пытаньні праз інтэрнэт. Аднак зайсьці на сайт перапісу не ўдалося адразу, толькі пасьля некалькіх спробаў.
Цягам 4–30 кастрычніка ў Беларусі праходзіць перапіс насельніцтва пад лёзунгам «Погляд на рэчаіснасьць — крок у будучыню». Папярэдняя кампанія праводзілася 10 гадоў таму.
Перапісаць сябе можна на сайце па двух адрасах: Census.by і Перепись.бел (адрасу на беларускай мове не прапануюць). Сайт мае дзьве моўныя вэрсіі — на беларускай і расейскай мовах.
У Нацыянальным статыстычным камітэце Беларусі прызналі, што праблема з доступам да сайтаў 4 кастрычніка ёсьць.
«Гэта зьвязана з тым, што вельмі шмат людзей адначасова ўваходзяць на сайт. І тыя, хто хацеў бы перапісацца, і тыя, хто хоча проста паглядзець ці пачытаць. Кампанія, якая абслугоўвае сайт, падлічыла, што заходзяць 70 тысяч чалавек за сэкунду», — сказала Свабодзе прэс-сакратарка Тацяна Лапкоўская.
Апоўдні перапіс прайшлі ўжо амаль 24 тысячы чалавек.
«Мы прасілі, каб людзі заходзілі на сайт паступова. Калі ў першы дзень усе ламануліся, то сыстэма ня вытрымала. І такой сыстэмы нават у сьвеце няма, каб яна вытрымала. Ва ўсіх краінах, дзе праводзіцца інтэрнэт-перапіс, таксама былі такія праблемы. Таму ня трэба хвалявацца, усе змогуць перапісацца», — сказала прадстаўніца Белстату.
Ёсьць тры спосабы паўдзельнічаць у перапісе:
1. Самастойна запоўніць апытальныя лісты праз інтэрнэт.
2. Запоўніць іх на стацыянарных участках.
3. Дома пры вусным апытаньні (перапісчыкі будуць хадзіць 21–30 кастрычніка).