Студэнцкае прадстаўніцтва Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні анансавала страйк — 1 кастрычніка а 10-й гадзіне яны зьбіраюцца выйсьці да галоўнага ўваходу ва ўнівэрсытэт і пратэставаць супраць больш жорсткіх фінансавых правілаў для навучэнцаў, а таксама «дыктатарскіх» рэформаў кіраўніцтва.
Новыя правілы такія: каб вучыцца бясплатна, трэба мець сярэдні бал 9,61 з 10 і вышэйшы, а калі бал ніжэйшы за 8,8, студэнт будзе плаціць за вучобу 2 тысячы эўра. Гэта значыць, што для чатырох зь пяці студэнтаў кошт навучаньня вырас у сярэднім на 400 эўра на сэмэстар, пішуць студэнты. Прадстаўнік ЭГУ раней тлумачыў: памер платы не зьмяніўся, толькі крытэры пасьпяховасьці, а пасьпяховы студэнт можа вучыцца і бясплатна.
«Ва ўмовах падзеньня якасьці адукацыі мы лічым узмацненьне жорсткасьці фінансавых правілаў для студэнтак і студэнтаў неапраўданым, — піша Студэнцкае прадстаўніцтва. — Рашэньне аб узмацненьні жорсткасьці фінансавых правілаў кіраўніцтва ЭГУ прыняла ў аднабаковым парадку без удзелу прадстаўнікоў студэнцтва. Студэнцкае самакіраваньне ў ЭГУ выключанае з працэсу прыняцьця важных рашэньняў».
Студэнты пішуць пра «дыктатарскую пазыцыю» кіраўніцтва: ім не даюць права голасу на паседжаньнях Рэктарату і Агульнага сходу саўладальнікаў, у 2016 годзе пазбавілі права голасу ў Кіраўнічай радзе, а ў 2018-м абмежавалі паўнамоцтвы Сэнату ўнівэрсытэту.
Перад пачаткам навучальнага году, дадаюць яны, «без усялякіх падставаў» не падоўжылі кантракты шэрагу «ключавых» выкладчыкаў.
Студэнты патрабуюць:
- скасаваць узмацненьне жорсткасьці фінансавых правілаў для студэнтак і студэнтаў;
- вярнуць беспадстаўна звольненых выкладчыц і выкладчыкаў;
- зрабіць кадравую палітыку ЭГУ празрыстай;
- вярнуць вырашальны голас студэнцкай і акадэмічнай супольнасьці ва ўсіх органах кіраваньня;
- зрабіць выбары ў Сэнат ЭГУ адкрытымі і вярнуць яму паўнамоцтвы.
Як расказалі Свабодзе ў Студэнцкім прадстаўніцтве, страйк у ЭГУ мае адбыцца ўпершыню ў гісторыі ўстановы — «супраць адміністрацыі толькі звольненыя выкладчыкі раней пратэставалі і мітынгавалі».
Адміністрацыя ЭГУ: заявы «не адпавядаюць рэчаіснасьці»
Прадстаўнік адміністрацыі ЭГУ адказаў Свабодзе, што пра страйк ім не паведамлялі, а публікацыі пра зьмены фінансавых правілаў «не адпавядаюць рэчаіснасьці» (пазыцыя ўнівэрсытэту апублікаваная тут).
Заявы пра звальненьне выкладчыкаў таксама «не адпавядаюць рэчаіснасьці», бо ў іх цяпер скончыліся 5-гадовыя кантракты: «Натуральна, што за гэтыя 5 гадоў зьмянілася дэмаграфічная сытуацыя ў Беларусі, зьмяніліся найбольш папулярныя праграмы: замест палітычных навукаў і права цяпер большасьць студэнтаў вучацца па кірунках „дызайн“ і „камунікацыя“».
«Нарэшце, Стратэгія ЭГУ на 2019–2024 замацоўвае інтэрнацыяналізацыю як адну з асноўных мэтаў, таму і выкладчыцкі склад фармуецца на падставе гэтых крытэраў», — дадаюць у ЭГУ.
Што да кіраваньня ўнівэрсытэтам, адміністрацыя адзначае, што ў Сэнаце цяпер 16% чальцоў — студэнты, і яны карыстаюцца ўсёй паўнатой правоў. Таксама студэнты ўваходзяць як паўнапраўныя чальцы ў камісіі разгляду спрэчак, акадэмічнай этыкі і іншых.