Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел 29 верасьня даў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу СТВ, у якім згадаў пытаньні беларускай аўтакефаліі і замежных настаяцеляў у беларускіх храмах.
Пра аўтакефалію
Карэспандэнт СТВ пытаў мітрапаліта пра тое, як «нашую Праваслаўную царкву разьдзіраюць, як рызы Гасподнія, прычым робяць гэта людзі, далёкія ад Царквы». Мітрапаліт пагадзіўся:
«Вы правільна сказалі: як толькі пачынаюць палітыкі ўмешвацца ў жыцьцё Царквы, усё ідзе наперакасяк, — заявіў Павел. — Пад такім нацыяналістычным, пад палітыканствам хаваецца спроба падзяліць людзей.
Былі спробы прапанаваць або абвясьціць аўтакефалію Беларускай праваслаўнай царквы ці нейкую аўтаномію. Вы ведаеце, я часта апавядаю пра сваю сустрэчу зь мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам.
Я яго пытаўся: „Уладыка, а вы таксама хочаце абвясьціць аўтакефалію Каталіцкай царквы ў Беларусі?“. Ён у адказ: „Не-не-не!“. Я кажу: "Чамусьці нам усе кажуць: Праваслаўная царква павінна абвясьціць аўтакефалію ў Беларусі“.
Сёньня ў Беларусі няма неабходнасьці гэта рабіць, нейкія пераўтварэньні, адміністрацыйныя тым больш, пераўтварэньні ў кананічным праве. Дайце нам жыць у міры і згодзе».
Мітрапаліт не сказаў, калі і хто з «палітыкаў-нацыяналістаў» спрабаваў абвясьціць беларускую аўтакефалію за апошні час. Але, напрыклад, захаваўся дакумэнт з 12 кастрычніка 1923 году, зь якога вынікае, што аўтакефаліі Беларускай Царквы не аспрэчваў Патрыярх Маскоўскі Ціхан. Другая спроба аднавіць аўтакефалію мела месца ў 1927 годзе, трэцяя — у часе Другой сусьветнай вайны.
Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква дзейнічае як рэлігійная арганізацыя, не прызнаная памеснымі Праваслаўнымі цэрквамі, мае прыходы ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Вялікай Брытаніі. 2 лістапада 2018 году прадстаўнік Канстантынопальскага патрыярха пры Сусьветнай радзе цэркваў архіяпіскап Ёў (Геча) заявіў, што не выключае магчымасьці наданьня аўтакефаліі царкве ў Беларусі — калі папросяць царква і дзяржава. 29 траўня 2019 года ў Менску адбыўся суд над сьвятарамі БАПЦ айцом Леанідам (Акаловічам) і ераманахам Вікенціем (Кавальковым). Ім інкрымінавалася «арганізацыя масавага палітычнага дзеяньня» на Дабравешчаньне.
Не хапае сьвятароў, патрэбны іншаземцы
Мітрапаліт згадаў пра пастанову Савету Міністраў аб неабходнасьці прызначаць на пасады настаяцеляў толькі грамадзянаў Беларусі. Паводле яго, гэта «абмяжоўвае нашыя магчымасьці і здольнасьці».
«Я б сказаў, у некаторых выпадках гэта адмоўна ўплывае, — заявіў Павел. — Будзем спадзявацца, што калі-небудзь гэтыя рамкі будуць зьнятыя, таму што гэта перажыткі мінуўшчыны».
Сам мітрапаліт застаецца безь беларускага грамадзянства, хоць абяцаў атрымаць яго (і вывучыць беларускую мову) пяць гадоў таму. Народжаны ў Казахстане, грамадзянін Расеі атрымаў дазвол не мяняць грамадзянства ад Аляксандра Лукашэнкі. Тым часам закон Беларусі «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» у артыкуле 13 забараняе кіраваць рэлігійнымі арганізацыямі іншаземцам.
Хто такі мітрапаліт Павел
Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, патрыяршы экзарх Павел — у сьвецкім жыцьці Георгій Панамароў — нарадзіўся 19 лютага 1952 году ў Карагандзе, што ў Казахстане, у сям’і ссыльных. Пасьля службы ў войску скончыў прафтэхвучэльню, працаваў сьлесарам і кіроўцам, але пасьля пайшоў у Маскоўскую духоўную сэмінарыю, а ў 1977 годзе пастрыгся ў манахі пад імем Павел.
У 1981-м выпраўлены з духоўнай місіяй у Ерусалім, у 1988-м вернуты ў СССР і прызначаны намесьнікам Пскова-Пячэрскага манастыра. У 1992 годзе стаў кіраўніком патрыяршых прыходаў РПЦ у ЗША і Канадзе, у 1999-м — япіскапам Венскім і Аўстрыйскім (затым Венскім і Будапэшцкім). У 2003 годзе быў вернуты ў Расею — на пасаду архіяпіскапа Разанскага (пазьней — мітрапаліта Разанскага). Празь 10 гадоў быў прызначаны ў Беларусь.
Вядомыя беларусы ў 2014 годзе асудзілі прызначэньне мітрапалітам замежнага грамадзяніна, які не валодае беларускай мовай і ня мае беларускага грамадзянства.
Спачатку Павел абяцаў атрымаць беларускі пашпарт і вывучыць беларускую мову, але пазьней займеў ад Аляксандра Лукашэнкі дазвол не атрымліваць беларускага грамадзянства (хоць гэта не адпавядае закону, і ў ім няма ніякіх дадаткаў аб праве на такі дазвол кіраўніка дзяржавы). Падобна, што і моўнымі пытаньнямі ён не цікавіўся: у 2017 годзе яшчэ ня ведаў, што існуе ўжо некалькі перакладаў Новага Запавету на беларускую.
Павел зрабіў шэраг неадназначных выказваньняў як да прызначэньня ў Менск, так і падчас службы патрыяршым экзархам у Беларусі. У 2011 годзе ён выказваўся супраць акцыяў пратэсту, заяўляў пра гатоўнасьць Расеі ўжыць ядзерную і бактэрыялягічную зброю, «адкрыць чарнобыльскі кранік», каб пакараць праціўнікаў. Пазьней ён казаў, што яго няправільна зразумелі, але словаў пра «кранік» не тлумачыў.
Мітрапаліт Павел пра Канчыту: Не люблю сьлізкага
Павел выказваўся супраць нацыянальнай беларускай царквы: называў гэтую ідэю «спакусай д’ябла» і заяўляў, што «для Беларускай праваслаўнай царквы аўтакефалія — сьмерць». Пра ўніятаў ён казаў, што ў іх «свой Бог» — ня той, што ў праваслаўных.
Летам 2018 году Павел прызнаўся, што жыве ў «элітным» раёне Дразды (але зарэгістраваны ў эпархіяльным упраўленьні на вуліцы Вызваленьня) і езьдзіць на люксавай машыне «Майбах», якую яму падарылі на 65-годзьдзе.