Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь зацікавілася нафтай з Казахстану. Меркаваны аб’ём — 3,5 мільёна тон на год 


Нафтаперапрацоўчы завод, ілюстрацыйнае фота
Нафтаперапрацоўчы завод, ілюстрацыйнае фота

Беларусь плянуе неўзабаве падпісаць пагадненьне з Казахстанам аб пастаўцы нафты і нафтапрадуктаў, паведаміў намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімер Сізоў.

«Пагадненьне адпрацаванае, яно павінна быць падпісанае ў кастрычніку. Мяркуецца, што гэта адбудзецца падчас візыту кіраўніка Беларусі ў Казахстан», — спасылаецца на чыноўніка БелТА.

Паводле яго, у пагадненьні пазначаны ўмовы паставак, але не агаворваюцца іх аб’ёмы. Паралельна праводзіцца маніторынг эканамічнай эфэктыўнасці паставак нафты на беларускія НПЗ з розных краін.

«Маршруты нам зразумелыя і вядомыя, яны практычна адпрацаваныя — і праз парты Балтыйскага мора, і Чорнага мора. З Казахстану можа быць арганізаваная пастаўка трубаправодным і чыгуначным транспартам. Што тычыцца амэрыканскай нафты, фактар, які вызначыць магчымасьць яе пастаўкі, — эканамічная мэтазгоднасць», — адзначыў намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім».

У той жа час расейскія СМІ са спасылкай на казахстанскіх чыноўнікаў сьцьвярджаюць, што Беларусь праявіла цікавасьць да паставак нафты і нафтапрадуктаў у агульным аб’ёме блізу 3,5 млн тон на год. Такую лічбу 27 верасьня агучылі ў Міністэрстве энэргетыкі Казахстану. Палову з названага аб’ёму можа складаць нафта, астатнюю частку — цёмныя нафтапрадукты ў якасьці сыравіны для нафтаперапрацоўкі.

За 2018 год Беларусь імпартавала з Расеі 2,74 млн т нафтапрадуктаў (на суму 1 млрд даляраў) і 18,25 млн т нафты (на 6,82 млрд), экспартавала за мяжу 11,9 млн т нафтапрадуктаў і 1,64 млн т нафты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG