Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі архітэктар з Горадні: «Зямля твая — будуй што хочаш». ФОТА


Максім Коўтун у Горадні
Максім Коўтун у Горадні

Архітэктар Максім Коўтун з Горадні пераехаў у Амэрыку падлеткам. За час эміграцыі ён упершыню наведаў родны горад і расказаў, чым адрозьніваецца будаўніцтва ў ЗША і Беларусі, як там ставяцца да старадаўніх будынкаў, і падзяліўся поглядам на аднаўленьне фары Вітаўта ў Горадні.

«Ляцеў, бо трэба было»

Максіму 31 год. Ён зьехаў з Горадні пасьля 9-й клясы. Тады яму было 15 гадоў. Ягоны бацька яшчэ раней эміграваў у Амэрыку, у сталіцу штату Джорджыя Атланту. Там хлопец скончыў школу і атрымаў дыплём аб сярэдняй адукацыі.

У горадзенскай школе Максім зь першай клясы вучыў ангельскую мову. Кажа, што меў добры лексычны запас. Аднак на месцы выявілася, што разумець мясцовых ня так проста. Яшчэ ў самалёце нэрваваўся, як складзецца будучыня.

«Але ляцеў, бо трэба было. Куды падзенесься, трэба было вучыцца. Калі быў маладым, усё атрымлівалася лягчэй. Вучыў мову ў камунікацыі зь людзьмі. Як чуеш, так і гаворыш», — дзеліцца Максім.


Ягоная жонка-амэрыканка потым зьдзіўлялася, як Максім здолеў скончыць школу і ўнівэрсытэт, бо ў граматыцы ён дагэтуль ня надта разьбіраецца. Аднак, паводле яе, размаўляе без акцэнту, як мясцовы. Сябры з Горадні заўважылі, што Максім «іначай гучыць».

«Мая амэрыканская ангельская на ўзроўні маёй цяперашняй расейскай», — мяркуе мужчына.

Аддаваў за ўнівэрсытэт 5 тысяч даляраў штогод

Пасьля школы Максім вырашыў паступаць на архітэктара. Ягоная маці таксама працуе архітэктаркай у Горадні.

У Джорджыі знаходзяцца тры архітэктурныя ўнівэрсытэты. Навучаньне ў самым прэстыжным каштавала 45 тысяч даляраў за год. Для параўнаньня, сярэдні амэрыканскі заробак складае 45-60 тысяч даляраў. Максім выбраў самую танную ўстанову — за 5 тысяч даляраў на год. На ягоную думку, яна давала найлепшае спалучэньне цаны і ўзроўню ведаў.

Максім з жонкай Ліндай у Горадні
Максім з жонкай Ліндай у Горадні

Самым цяжкім на той момант было фінансавае пытаньне. Хлопец утрымліваў сябе сам. Жыў у студэнцкім гарадку, асобна ад бацькі. Пасьля заняткаў ён падпрацоўваў касірам у краме агародніны па 15-20 гадзін на тыдзень, дапамагаў разгружаць тавар і выстаўляць на паліцы.

«Трэба ведаць мову, добра ставіцца да чалавека, хутка сканаваць прадукты і даваць рэшту», — так мужчына апісвае патрабаваньні да першай працы.

Максім зь дзецьмі
Максім зь дзецьмі

Ва ўнівэрсытэце Максім вучыўся 5 гадоў. Там пазнаёміўся са сваёй жонкай Ліндай. Яна родам з Тэхасу. Цяпер у сямʼі гадуюцца двое дзяцей, неўзабаве чакаюць нараджэньня трэцяга.

«Я быў гатовы працаваць бясплатна»

Па спэцыяльнасьці Максім працуе восьмы год у невялікай праектнай фірме. Праектуе жытло, прыпынкі, музэі, рэстарацыі.

«Калі толькі пачынаў, я быў гатовы працаваць бясплатна, абы толькі мяне ўзялі. Мне было важна ўсунуць нагу ў дзьверы. У мяне пачатковая стаўка была 35 тысяч за год», — кажа суразмоўца.

Адзін з архітэктурных праектаў Максіма
Адзін з архітэктурных праектаў Максіма

Цяпер ягоны заробак складае 73 тысячы за год. Адпачынак — 15 дзён.

На думку Максіма, галоўная розьніца паміж жыцьцём у Амэрыцы і Беларусі — у хуткасьці жыцьця.

«Тут [у ЗША] час ляціць, больш нагрузак. Усё робіцца хутчэй. Горадня здалася ціхім гістарычным горадам», — кажа мужчына.

Дома ў сямʼі Коўтун
Дома ў сямʼі Коўтун

Родны горад праз 15 гадоў яму спадабаўся і здаўся лепшым. Ён з гонарам паказваў яго сваёй жонцы, а ў будучыні плянуе прывезьці сюды дзяцей. Кажа, што рад быў сустрэцца з аднаклясьнікам і сябрамі дзяцінства.

Рэканструкцыю Савецкай плошчы 2005–2006 гадоў, калі высеклі дрэвы, Максім ня лічыць кепскай. Лічыць, яна стала больш пешаходнай і турыстычнай, бо цяпер транспарт не абʼяжджае яе наўкола. Дрэваў, па ягоную думку, і цяпер дастаткова як для сквэру ў цэнтры гораду. Да таго ж мінакоў улетку асьвяжае фантан на плошчы.

Савецкая плошча ў Горадні
Савецкая плошча ў Горадні

Новы гатэль бізнэсоўца Сямашкі побач з Савецкай плошчай, які некаторыя гарадзенцы асуджалі за празьмерную пампэзнасьць і безгустоўнасьць, таксама ня выклікаў у амэрыканскага архітэктара адчуваньня дысгармоніі.

«Будынак быў шэры [да рэканструкцыі]. Яго пафарбавалі, павесілі на яго сьвятло. Пешаходам лягчэй хадзіць, адчуваць сябе ў бясьпецы ў прыцемках. Гэта пазытыў», — мяркуе Максім.

На думку архітэктара, варта было б пафарбаваць і паднавіць драматычны тэатар, які зьяўляецца візытоўкай гораду.

«Добра, калі будынак мае фінальную кропку»

Што да гістарычных будынкаў, то спэцыяліст пагаджаецца: іх варта берагчы. Аднак прызнаецца, што старога ня любіць. Любіць «новыя, модныя будынкі, якія глядзяць у будучыню».

«Архітэктура — дзіўны прадмет. Часам сёньняшнія будынкі хочуць зрабіць пад стыль мінулага. У ніякай іншай індустрыі няма такога, каб, прыкладам, стваралі кампутары, якія б выглядалі, як 60 гадоў таму. Робяць будынак з новых матэрыялаў, паводле новых тэхналёгіяў, але лепяць на фасад фальшывыя элемэнты зь мінулых часоў. Яны няшчырыя. Я ў гэтым ня бачу каштоўнасьці. Дамы спальных раёнаў на Дзевятоўцы, на Фолюшы шчырыя. Яны ёсьць, якія ёсьць. Ня тое, каб я такія любіў. Але мне не падабаецца фальш», — кажа Максім.

На аднаўленьне фары Вітаўта, галоўнага горадзенскага касьцёла, які камуністы зьнішчылі каля 60 гадоў таму, Максім мае падобны погляд.

Фара Вітаўта
Фара Вітаўта

«Гэты будынак служыў у мінулым. Ён меў шмат цудоўных момантаў. Адна з частак гісторыі гэтага будынка, што ён быў зруйнаваны. Для мяне няма больш паэтычнага этапу, калі будынак застанецца ў памяці такім, якім быў. Адбудаваць яго ў такім жа выглядзе мне здаецца фальшывым. Калі чалавек памірае, то гэта фінальны этап чалавека. Гэтак жа сама добра, калі будынак мае фінальную кропку. Новы будынак будзе мець сваю гісторыю», — мяркуе архітэктар.

У ЗША будуюць шматпавярховікі з дрэва

Розьніцу ў архітэктуры дзьвюх краін Максім бачыць у матэрыялах, зь якіх робяць будынкі. У Беларусі гэта пераважна бэтон і жалезабэтон, у ЗША — бэтон, жалезабэтон, сталь, шкло, дрэва.

Як дрэва выкарыстоўваюць у будаўніцтве ў ЗША
Як дрэва выкарыстоўваюць у будаўніцтве ў ЗША

Драўляныя будынкі ў ЗША распаўсюджаныя. Сасна — самы танны матэрыял. Зь яе можна пабудаваць нават шасьціпавярховік, але вышэй ужо нельга. Дзеля прафіляктыкі пажараў у драўляных будынках прадугледжваюць супрацьпажарныя сьцены зь іншых матэрыялаў, якія гараць некалькі гадзін, а яшчэ трубы ў столі, каб хутчэй заліць агонь пры неабходнасьці, і некалькі выхадаў.

«Ёсьць думка, што шкада дрэвы. Але сасна хутка расьце. Дрэва вырасла, яго сьсеклі, новае вырасла. А бэтон забруджвае навакольле», — камэнтуе спэцыяліст.

Стальныя канструкцыі
Стальныя канструкцыі

Аднак, каб акупіць участак у цэнтры, звычайна на ім будуць хмарачосы са сталі або бэтону.

«Большасьць будынкаў у маім раёне — з бэтону і зашклёныя ад падлогі да столі», — кажа Максім.

Стаўленьне да старога ў Амэрыцы

Максім адзначае, што нават у досыць маладой Амэрыцы клапоцяцца пра старыя будынкі.

«Краіна зьявілася ў 1776 годзе. Тут няма Каложы (горадзенская царква ХІІ стагодзьдзя — РС). Але ёсьць старыя будынкі. Ёсьць дзяржаўны аддзел, які ставіць палкі ў колы, калі хочаш нешта зруйнаваць. Не дазваляюць зруйнаваць ня толькі каштоўныя будынкі, але і тыя, якія не пагаршаюць выгляд вуліцы», — тлумачыць экспэрт.

Цяпер Максім праектуе будынак побач з былой стайняй 1922 году, якая, як ён лічыць, ня мае мастацкай каштоўнасьці і падобная да хлява. Каб зьнесьці будынак, трэба даказаць, што ён перашкаджае, нязручны або шкодны.

Стайня 1922 году
Стайня 1922 году

«Можа, яна забруджвае асяродзьдзе. Або там была запраўка і захаваўся бэнзінавы бак пад зямлёй. Усё трэба даказаць дакумэнтамі», — кажа архітэктар.

У гэтым выпадку Максім на баку кліента і будзе спрабаваць зьнесьці спаруду. Аднак некаторыя гістарычныя будынкі ён сам стараецца захаваць. Прыкладам, 17-павярховік 1905 году, які быў самай высокай пабудовай у горадзе.

«Ён быў спраектаваны архітэктарам, які ведаў, што рабіў. Там была база, тулава і галава, захоўваліся прапорцыі. Але будынак будынку ня роўны... Вядома, мы хочам адстаяць свайго кліента. Ён дае нам заказ, плаціць грошы. Калі мы адстаім ягоныя інтарэсы, то ён прыйдзе да нас зноў», — тлумачыць Максім.

«Найгоршае для суседзяў — шмат машын і школа»

У Амэрыцы, як і ў Беларусі, здараюцца пратэсты супраць пабудовы. Розьніца ў тым, што горад загадзя падзелены на зоны: жылую, паркавую, для заняткаў спортам, офісных будынкаў, аэрапорты звычайна будуюцца за горадам.

«Калі чалавек набывае ўчастак, то можа на ім будаваць тое, што тут дазволена. Або можна прайсьці працэс перазанаваньня гэтага ўчастку. Звычайна такі дазвол даюць. Ладзіцца сход, прыходзяць суседзі. Распаўсюджаныя два віды скаргаў: будзе больш машын і зьявіцца школа, а значыць, шмат людзей будзе прыходзіць у раён», — кажа Максім.

Будынак, які рэканструяваў Максім
Будынак, які рэканструяваў Максім

Найгоршае ў горадзе, на думку архітэктара, — пусткі, якія нічым не забудаваныя і ніяк не выкарыстоўваюцца.

Максім прытрымліваецца такога погляду: зямля твая — будуй што хочаш. Хаця ад гэтага часам выходзяць недарэчныя будынкі.

«Часам можна ўбачыць дом, дзе паналеплена ўсяго. Мы тады кажам, што такі дом праектавала камісія. Адзін сказаў: „Я хачу трохкутнае акно“, другі: „Я хачу квадратнае“, трэці: „Я хачу цэглу“, чацьвёрты: „Мне такі колер не падабаецца“. Атрымліваецца негарманічна, бо архітэктар паддаўся на патрабаваньні кожнага, каб палегчыць сабе працэс. Але архітэктар — як доктар. Ніхто доктару ня кажа, як рабіць апэрацыю на сэрцы. Трэба даць архітэктару магчымасьць думаць. Тады атрымаецца прыгожы будынак з цэнтральнай ідэяй», — мяркуе Максім.

Вярнуцца жыць у Горадню ён не зьбіраецца, але плянуе часьцей наведваць краіну дзяцінства.

«Я прыехаў у Амэрыку, калі мне было 15 гадоў, калі я пачынаў станавіцца мужчынам, дарослым чалавекам. Карані майго дарослага жыцьця там. Мне трэба было б цалкам перабудаваць сваё жыцьцё», — кажа ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG