Украінскі ўчастак ракі Прыпяць пакуль нельга выкарыстоўваць для суднаходзтва — навукоўцы выявілі небясьпечныя для здароўя людзей і навігацыі зоны.
У прыватнасьці, у рацэ і прыбярэжных палосах выяўлена больш за 20 падводных і 6 паверхневых аб’ектаў, якія ствараюць навігацыйную небясьпеку і небясьпеку навакольлю. Але пакуль няма ўпэўненасьці, што працы па ачышчэньні ад іх не выклікаюць дадатковага забруджваньня ракі радыенуклідамі і рэшткамі нафты з закінутых плывучых сродкаў. Апроч таго, выявілі шэраг месцаў, у якіх для адкрыцьця рачных маршрутаў трэба паглыбляць дно.
«Вынікі дасьледаваньня асноўнага воднага шляху зоны адчужэньня дазволяць прымаць абгрунтаваныя рашэньні аб магчымасьці ўвядзеньня новых турыстычных маршрутаў і выкананьні ўказа прэзыдэнта. Мы ўзялі на сябе ўсю адказнасьць за выкананьне пастаўленых перад намі задач. У рэшце рэшт, жыцьцё і здароўе наведнікаў — нашы галоўныя прыярытэты. Таму перад адкрыцьцём новых маршрутаў мы павінны пераканацца ў іх поўнай бясьпецы», — сказаў старшыня Дзяржаўнага агенцтва Ўкраіны па кіраваньні зонай адчужэньня Віталь Пятрук на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.
У сваю чаргу дырэктар Чарнобыльскага запаведніка Аляксандар Галушчанка дадаў, што трэба яшчэ ацаніць патэнцыйныя рызыкі для флёры і фаўны ахоўваемай тэрыторыі, бо ўсьцяж ракі Прыпяць шмат унікальных месцаў нерасту рыбы ды гнездаваньня і міграцыі птушак.
Паводле навукоўцаў, пасьля стварэньня бясьпечных умоў для навігацыі, навакольля і здароўя людзей на турыстычных водных маршрутах можна будзе выкарыстоўваць толькі малагабарытныя плывучыя сродкі.
Сёлета ў ліпені прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб разьвіцьці турызму ў чарнобыльскай зоне, рэалізацыя якога мусіць стаць пачаткам «пераўтварэньня зоны адчужэньня ў адзін з пунктаў росту новай Украіны». Гэтым дакумэнтам прадугледжвалася распрацоўка і адкрыцьцё водных турыстычных маршрутаў.
«Павінны паказаць Чарнобыль сьвету: навукоўцам, эколягам, гісторыкам, турыстам. На жаль, зона адчужэньня да гэтага часу зьяўляецца сымбалем карупцыі — сілавікі зьбіраюць з турыстаў хабары, нелегальна вывозіцца мэталалом і выкарыстоўваюцца прыродныя рэсурсы», — адзначыў ён.