Вярхоўная Рада Ўкраіны падтрымала ініцыятыву прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага аб датэрміновым роспуску Цэнтральнай выбарчай камісіі.
«На працягу выбарчага працэсу ў часе пазачарговых выбараў народных дэпутатаў 21 ліпеня Цэнтральная выбарчая камісія неаднаразова дэманстравала недастатковую ўзважанасьць або нават палітычную перадузятасьць у вырашэньні асобных пытаньняў, вынікам чаго сталі шматлікія судовыя працэсы, у якіх рашэньні ЦВК былі прызнаныя супрацьпраўнымі», — заявіў першы віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны Руслан Стэфанчук, прадстаўляючы ініцыятыву Зяленскага.
Гэтую ініцыятыву, зарэгістраваную ў парлямэнце 10 верасьня, падтрымалі 341 з 403 зарэгістраваных у сэсійнай зале дэпутатаў.
Цяперашні склад Цэнтральнай выбарчай камісіі быў сфармаваны напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2019 году. Згодна з заканадаўствам, чальцоў ЦВК прызначае Вярхоўная Рада на падставе прапаноў прэзыдэнта пасьля кансультацый з парлямэнцкімі фракцыямі, якія, як і прэзыдэнт, мусяць дэлегаваць у Цэнтральную выбарчую камісію свах прадстаўнікоў. Старшыню камісіі выбіраюць яе чальцы на першым арганізацыйным пасяджэньні.
Згодна з артыкулам 31 Закону аб ЦВК, Вярхоўная Рада Ўкраіны можа датэрмінова спыніць паўнамоцтвы ўсяго складу камісіі на падставе матываванага звароту прэзыдэнта. Але для гэтага неабходна канстытуцыйная большасьць галасоў — ня менш як 300 дэпутатаў павінны падтрымаць такую ініцыятыву.
Па выніках выбараў 21 ліпеня партыя Ўладзіміра Зяленскага «Слуга народу» сфармавала ў парлямэнце найбольшую фракцыю (252 дэпутаты), што дазволіла ёй стварыць манапольную большасьць і прызначыць урад.