Вярхоўная Рада Украіны прыняла законапраект аб імпічмэнце прэзыдэнта. «За» прагаласавалі 245 народных дэпутатаў, зь якіх 244 — прадстаўнікі фракцыі «Слуга народу».
Згодна з дакумэнтам, Вярхоўная Рада зможа зьняць кіраўніка дзяржавы з пасады толькі ў выпадку, калі той учыніць дзяржаўную здраду або іншае злачынства.
Дакумэнт па прапанове старшыні парлямэнту Дзьмітрыя Разумкова быў разгледжаны і прыняты ў цэлым, што не патрабуе падрыхтоўкі да другога чытаньня. Гэта выклікала абурэньне некаторых апазыцыйных дэпутатаў. Дэпутаты заявілі пра парушэньне рэглямэнту Вярхоўнай Рады. Яны заклікалі даць час для азнаямленьня з тэкстам законапраекту і прапановы правак. Разумкоў адхіліў абвінавачваньні, заявіўшы, што рашэньне аб тым, што законапраект не патрабуе дапрацоўкі, падтрымалі больш за 226 дэпутатаў.
29 жніўня дакумэнт аб імпічмэнце ўнёс на разгляд кіраўнік дзяржавы Ўладзімір Зяленскі. Парлямэнт 337 галасамі прыняў законапраект у першым чытаньні.
У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны сфарміравана 6 фракцый і дэпутацкіх груп. Большасьць у заканадаўчым органе складаецца з прадстаўнікоў прэзыдэнцкай партыі «Слуга народу». Яны маюць 254 мандаты.