Суд Баранавіцкага раёну вынес прысуд у крымінальнай справе пра незаконныя дзеяньні са зброяй і боепрыпасамі. Гаворка ідзе пра рэзанансныя крадзяжы зброі ў адной з частак Баранавіцкага гарнізону. Фігурантамі крымінальнай справы былі 14 чалавек, 4 траўня абвешчана рашэньне ў дачыненьні да двух.
Як паведамляе прэс-служба Берасьцейскага абласнога суду, адзін з абвінавачаных на момант учыненьня злачынства быў вайскоўцам, меў званьне палкоўніка. Ён незаконна набыў у іншай асобы два пісталеты Макарава, вырабленыя заводзкім спосабам, і патроны да іх, а таксама прыдатны для стральбы аўтамат Калашнікава з патронамі. Зброю палкоўнік незаконна захоўваў, перавозіў і насіў пры сабе.
Другі абвінавачаны незаконна захоўваў у кватэры аўтамат Калашнікава, пісталет Макарава і патроны да іх.
Першаму абвінавачанаму прызначанае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на чатыры гады з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці. Ён пазбаўлены вайсковага званьня «палкоўнік».
Другому прызначанае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на два гады з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці.
Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законам парадку.
У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт паведаміў пра расьсьледаваньне крымінальнай справы, распачатай камандзірам адной з вайсковых частак Баранавіцкага гарнізону. Начальнік складу зброі і боепрыпасаў часткі выкраў зброю і боепрыпасы, якія рэалізоўваў як самастойна, так і празь іншых асоб. Пад варту былі заключаныя 14 чалавек, якія мелі дачыненьне да супрацьпраўных дзеяньняў.
Раней паведамлялася, што аднаго з падазраваных затрымалі з выкрадзенай зброяй у Расеі.