Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія партыі абавяжуць публікаваць інфармацыю аб крыніцах фінансаваньня


Ілюстрацыйнае фота. Офіс Партыі БНФ
Ілюстрацыйнае фота. Офіс Партыі БНФ

Такая норма запісаная ў зьменах і дапаўненьнях да закону Рэспублікі Беларусі «Аб палітычных партыях». Яе ініцыятарам выступіла Міністэрства юстыцыі. Разам зь іншымі папраўкамі законапраект плянуюць разгледзець на восеньскай сэсіі Палаты прадстаўнікоў.

Паводле міністэрства, гэта робіцца, каб «забясьпечыць празрыстасьць фінансаваньня палітычных партыяў». Іх абавяжуць разьмяшчаць у адкрытым доступе інфармацыю аб крыніцах фінансаваньня. Мяркуецца, што партыі мусяць называць толькі суму ахвяраваньняў, а ня прозьвішчы фундатараў.

Абгрунтоўваючы гэтую норму, у Мінюсце спасылаюцца на рэкамэндацыі Групы дзяржаваў супраць карупцыі (Group of States Against Corruption, GRECO) — міжнароднай арганізацыі, створанай Радаю Эўропы ў 1999 годзе. У яе ўваходзіць і Беларусь.

Янукевіч: Партыя БНФ заўжды была і застаецца празрыстай

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч у камэнтары Свабодзе заявіў, што Партыю БНФ такая навэла ў закандаўстве не палохае.

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

«У нас усе выплаты афіцыйна праходзяць праз рахунак. І калі ў дапаўненьні да закону сапраўды не прапісваецца, што трэба называць канкрэтныя прозьвішчы, то нічога страшнага я тут ня бачу. А калі раскрыцьцё прозьвішчаў зробяць абавязковай нормай, то гэта будзе супярэчыць абароне асабістых правоў грамадзян», — лічыць Аляксей Янукевіч.

На думку палітыка, у заканадаўстве аб партыях ёсьць шмат іншых рэчаў, якія сапраўды патрэбна рэфармаваць.

«Найперш гэта абавязковая рэгістрацыя рэгіянальных партыйных структураў на юрыдычным адрасе. Раней філіі дазвалялі рэгістраваць на кватэрах. Калі гэта забаранілі, мы страцілі амаль палову сваіх арганізацыяў. Гэта — самы балючы момант», — кажа палітык.

Паводле Янукевіча, улады выкарыстоўваюць зьмены, якія ініцыюе Міністэрства юстыцыі, каб дэманстраваць Захаду прагрэс у палітычным жыцьці Беларусі. «Пры гэтым ніякія станоўчыя зрухі насамрэч ня робяцца», — падсумоўвае намесьнік старшыні партыі БНФ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG