На прававым форуме Беларусі апублікаваны для абмеркаваньня праект зьменаў у законы аб дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў, які распрацавала Міністэрства юстыцыі.
Міністэрства прапануе:
- скараціць колькасьць заснавальнікаў, патрэбных для стварэньня партыі, з 1000 да 800, а рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня – з 50 да 40;
- дазволіць падаваць дакумэнты на рэгістрацыю ў электронным выглядзе;
- даць магчымасьць пазначаць не юрыдычны адрас партыі ці арганізацыі, а месца працы кіраўніка (калі працадаўца згодны) у якасьці месца знаходжаньня кіроўнага органа;
- скасаваць дзяржаўную рэгістрацыю гімнаў, значкоў, вымпелаў і гальштукаў партыяў і аб’яднаньняў (рэгістрацыя сьцягоў і эмблем, нагрудных і апазнавальных знакаў застаецца);
- замест хатняга і працоўнага тэлефонаў заснавальнікаў пазначаць толькі адзін нумар;
- абавязаць партыі пазначаць у назьве тэрыторыю, на якой яна дзейнічае (для рэгістрацыі трэба мець структуры ў большасьці абласьцей, хаця б у чатырох, і ў Менску);
- замацаваць магчымасьць абскарджваць рашэньні партыяў і аб’яднаньняў іхнымі чальцамі праз суд;
- дазволіць праводзіць паседжаньні праз інтэрнэт у рэжыме відэа- або аўдыёканфэрэнцыяў;
- забараніць плаціць заробкі работнікам партыі ці арганізацыі, большыя за 40% усіх выдаткаў партыі ці арганізацыі, бо Мінюст бачыць сьведчаньні пра «злоўжываньні з боку работнікаў»;
- абавязаць партыі і арганізацыі штогод да 1 сакавіка публікаваць зьвесткі пра сваю дзейнасьць і фінансавыя справаздачы ў адкрытым доступе (на сваіх сайтах ці ў СМІ);
- «дэкляратыўна пажадаць» дзяржаве падтрымліваць партыі і аб’яднаньні інфармацыйна, мэтадычна і празь «дзяржаўную сацыяльную замову»;
- даць магчымасьць грамадзкім аб’яднаньням аказваць дзяржаве паслугі на дамоўнай аснове без утварэньня ці ўдзелу ў камэрцыйных арганізацыях.
Чаго прасіла апазыцыя
Беларускія апазыцыйныя партыі, рухі і аргкамітэты стварэньня партыяў у чэрвені падпісалі супольную заяву, у якой прасілі іншага спрашчэньня. Яны прасілі:
- скараціць колькасьць заснавальнікаў, неабходную для рэгістрацыі (гэта ў законапраекце прапануюць скараціць на 20%);
- увесьці паведамляльны прынцып пастаноўкі на ўлік арганізацыйных структураў (законапраект гэта не прадугледжвае);
- забясьпечыць дзяржаўнае фінансаваньне статутнай дзейнасьці палітычных партыяў (у законапраекце прапануюць дэкляраваць просьбу аб падтрымцы, ня згадваючы наўпрост фінансаваньне);
- спрыяць прадастаўленьню партыям памяшканьняў у дзяржаўнай уласнасьці (фактычна ў законапраекце прапануюць працаваць без памяшканьня);
- абавязаць дзяржаўныя органы і органы самакіраваньня даваць роўныя магчымасьці ўсім палітычным партыям, у тым ліку гарантаваць ім права доступу да дзяржаўных СМІ (у законапраекце прапануюць дэкляратыўна папрасіць дзяржаву даваць інфармацыйную падтрымку).
Апошняя партыя была зарэгістраваная ў Беларусі амаль 20 гадоў таму — 13 верасьня 1999 году Міністэрства юстыцыі зарэгістравала Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю БНФ пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка, якая аддзялілася ад партыі «Беларускі народны фронт» (на той момант старшынём быў Вінцук Вячорка, цяпер — Рыгор Кастусёў).
Некаторыя палітыкі шмат разоў спрабавалі зарэгістраваць новыя партыі. Так, «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» сем разоў атрымлівала адмову ў рэгістрацыі, заяўляла пра ціск і пагрозы сябрам аргкамітэту, але працягвае спробы зарэгістравацца, каб пазьбегнуць крымінальнай адказнасьці за «дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі».