Зварот на Petitions.by аб неабходнасьці дагляду палацава-паркавага ансамблю Горватаў у Нароўлі быў апублікаваны ўвечары 28 жніўня. Ён ужо сабраў каля 640 подпісаў.
Аўтар пэтыцыі занепакоены станам палацу. Сьцьвярджаецца, што «ў выніку бязьдзеяньня і адсутнасьці дбайнага гаспадара» ў палацы першай паловы XIX стагодзьдзя нядаўна абваліўся дах, разбурыліся перакрыцьці між паверхамі і пачалі разбурацца муры.
Раённую ўладу просяць або неадкладна прывесьці помнік архітэктуры (прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасьцю нацыянальнага значэньня) у належны стан, або выставіць будынак на аўкцыён.
Раней зацікаўленасьць у палацы выказваў пісьменьнік Андрусь Горват («Радзіва Прудок», «Прэм’ера»), але выканкам не пагадзіўся проста перадаць яму комплекс. Летась пісьменьнік казаў пра куплю палацу як пра «самы вар’яцкі ўчынак, які наперадзе».