Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ежедневник» адказаў на абвінавачаньні БТ у замоўных матэрыялах пра карупцыю ў мэдыцыне

абноўлена

Паказаныя на БТ кадры праслухоўваньня офісу бізнэсоўца, на якіх прадстаўніца бізнэсоўца абмяркоўвае даваньне грошай на журналісцкія расследаванні часопісу «Ежедневник» з галоўным рэдактарам Сяргеем Сацуком
Паказаныя на БТ кадры праслухоўваньня офісу бізнэсоўца, на якіх прадстаўніца бізнэсоўца абмяркоўвае даваньне грошай на журналісцкія расследаванні часопісу «Ежедневник» з галоўным рэдактарам Сяргеем Сацуком

У эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» недзяржаўны часопіс «Ежедневник» і ягонага галоўнага рэдактара абвінавацілі ў публікацыі замоўных артыкулаў і «журналісцкім кілерстве».

Тэлеканал паказаў відэа, зьнятае схаванай камэрай у офісе «аднаго вядомага бізнэсоўца» у студзені 2019 году, на якім Сяргей Сацук сустракаецца з прадстаўніцай бізнэсоўца Віктара Мядзьведзкага (ён цяпер адзін з падазраваных у справе аб ухіленьні ад падаткаў). Апошні нібыта прапаноўваў Сацуку 3000 даляраў і інфармацыю для расьсьледаваньня дзейнасьці іншай кампаніі Macopharma і продажы мэдычных тавараў па завышаных цэнах.

БТ сьцьвярджае, што Сацук за 5000 даляраў (першая частка грошай, 2000 даляраў, была перададзеная ў лістападзе 2018 году) падрыхтаваў і апублікаваў артыкул «Коррупция Минздрава: как в Беларуси зарабатывают на крови». Тэлеканал заклікае «ацаніць дзейнасьць журналіста з крымінальна-працэсуальнага боку».

«Ежедневник» рабіў расьсьледаваньні пра карупцыю ў мэдыцыне яшчэ да тэксту, згаданага на БТ. Першы гучны артыкул тычыўся выкарыстаньня ня выпрабаваных належным чынам вакцынаў, у тым ліку скандальнай «Эўпэнты». Ён выйшаў у жніўні 2018 году.

Сацук: Грошы браў не за артыкулы, а на расьсьледаваньні

Сяргей Сацук расказаў Свабодзе, што сапраўды атрымліваў грошы ад Мядзьведзкага, але бачыць сытуацыю ня так, як паказалі на БТ.

На пытаньне аб тым, ці Мядзьведзкі замаўляў публікацыю канкрэтнага студзеньскага артыкулу, Сацук адказвае: «Не». Ён тлумачыць, што падначаленая Мядзьведзкага Тацяна Сергяенка прапаноўвала зьвесткі і пакрыцьцё грошай на расьсьледаваньне.

«Я ёй сказаў: калі хочаце, вось ёсьць збор сродкаў, кідайце грошы і ўсё, — расказаў Сацук Свабодзе. — У межах артыкулу вы нічога ня вінныя, і я не хачу ведаць, хто мне дапамагае. Пасьля падаткі сплачу — і ўсё».

Ён расказвае, што абвяшчаў збор грошай на журналісцкія расьсьледаваньні, як рабілі і іншыя недзяржаўныя СМІ (напрыклад, «Наша Ніва»). Усе грошы, перакананы ён, атрыманыя законна, зь іх будуць сплочаныя падаткі. Пра гэта ён расказваў і на старонках «Ежедневника» — часткова пра гэта згадалі і на БТ.

Сацук дадае, што зьвяртаўся на краўдфандынгавыя пляцоўкі, каб абвясьціць збор на расьсьледаваньні, але тыя адмовілі яму, таму зьбіраў грошы празь іншыя шляхі: праз банкаўскую карту, тэлефон (туды давалі сумы да 100 рублёў) і крыптавалюты (менавіта празь іх ніхто не падтрымаў выданьне).

Процілеглы бок — прадстаўнікі кампаніі Macopharma — таксама прапаноўвалі Сацуку пакрыць грошы на расьсьледаваньні, калі ён запрасіў іх даць камэнтар, сьцьвярджае журналіст. Але яны прапаноўвалі «памяняць галоўнага героя» расьсьледаваньня на кампанію Мядзьведзкага, а ніякіх матэрыялаў да расьсьледаваньняў не далі. Як і Мядзьведзкаму, ён прапанаваў ім падтрымаць выданьне грашыма на расьсьледаваньні, а пісаць замоўныя артыкулы пры нейкіх умовах і патрабаваньнях адмовіўся.

Сацук пакуль не зьбіраецца падаваць у суд на БТ

Скардзіцца на сюжэт БТ Сацук не зьбіраецца: калі БТ заклікала завесьці на яго справу, то «будзе чакаць».

Ён адзначае, што «наезд» на яго пачаўся каля трох месяцаў таму ў іншым дзяржаўным выданьні – у «Советской Белоруссии», дзе яму закідалі, што ён нажываецца на бізнэсоўцах. Але журналіст сьцьвярджае, што ў яго «столькі запазычанасьцей, што ворагу не пажадаеш».

Таксама ён сьцьвярджае: пасьля студзеньскага расьсьледаваньня пра Macopharma і іншых яму пагражалі фігуранты расьсьледаваньня, што яго «грохнуць ці пасадзяць». Яшчэ адзін артыкул пра фінансавыя схемы карупцыі ў мэдыцыне, якія журналісты выкрылі ўжо без матэрыялаў Мядзьведзкага, ён вырашыў адкласьці зь меркаваньняў бясьпекі.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG