Амбасада Вялікай Брытаніі ў Менску паведаміла аб прыезьдзе ў Беларусь новай амбасадаркі Злучанага Каралеўства — Жаклін Пэркінс замяніла Фіёну Гіб, місія якой скончылася 23 жніўня.
Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей сустрэўся з новай амбасадаркай Жаклін Пэркінс 30 жніўня і абмеркаваў пытаньні беларуска-брытанскай супрацы, а таксама «сытуацыю ў рэгіёне»; пажадаў цікавай і прадуктыўнай працы.
У сацыяльных сетках амбасада прапануе вітаць і амбасадарку, і ейных сабакаў — «дыплядогаў» Спаркі і Кэсыдзі.
Як адзначае БелаПАН, Пэркінс прыехала яшчэ 28 жніўня. Пароды «дыплядогаў», як сьцьвярджае агенцтва, — мальтыйскі шнаўцэр і бішон шы-цу.
Да Беларусі Пэркінс працавала ў брытанскіх амбасадах у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Эгіпце, Бахрэйне і Кувэйце. У Кембрыджы яна вывучала нямецкую і расейскую мову. Замужам, мае дваіх дзяцей.
Папярэдняя амбасадарка Вялікай Брытаніі Фіёна Гіб працавала ў Беларусі са студзеня 2016 году. Гіб называла галоўнай мэтай сваёй працы падтрымку незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі, заклікала расьсьледаваць зьнікненьні беларускіх палітыкаў, віншавала са 100-годзьдзем БНР. Яна была адной з куратараў праекту адмены сьмяротнага пакараньня, ня раз выступала ў абарону ЛГБТ-супольнасьці.