Савецкая ўлада масава пераймяноўвала старажытныя гарады й мястэчкі Беларусі, назвы якіх здаваліся ёй «немілагучнымі» і палітычна сумнеўнымі. Але выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны пачалі яшчэ ў Расейскай імпэрыі — пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863–64 гадоў. Свабода сабрала зьвесткі пра шэраг гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх зьмяніліся пад вонкавым уплывам.
Афіцыйная назва — Навагрудак
Беларуская народная назва — Нава́градак
Першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага. Паводле археалягічных дасьледаваньняў, у канцы Х стагодзьдзя на тэрыторыі сучаснага места ўзьнікла паселішча, умацаванае да сярэдзіны ХI стагодзьдзя — першы пісьмовы ўпамін пра Наваградак датуецца 1044 годам.
Традыцыйная гістарычная назва ўтварылася ад асноваў «новы» і «гарадок» — *Нава́гарадак. Зь цягам часу другая частка скарацілася на адзін склад. Дзіўны на першы погляд націск на злучальны галосны А часам бывае ў беларускіх тапонімах, параўнайце Бяла́ручы.
Цяперашняя форма Навагрудак польскага паходжаньня, але яе замацаваў мэханічны перанос польскага Nowogródek у расейскі афіцыйны стандарт:
«Присоединивъ на вѣчныя времена къ Имперіи Нашей Области Великаго Княжества Литовскаго, въ нижеозначенной чертѣ лежащія, а именно: начиная отъ предѣловъ Волынской Губерніи внизъ по теченію рѣки Буга до Бржеста Литовскаго, и спускаясь далѣе по теченію сей рѣки до предѣловъ Подляхіи, потомъ простираясь по рубежамъ Воеводствъ Бржестскаго и Новогрудекскаго къ рѣкѣ Немену противъ Гродны, откуда продолжаясь внизъ по сей рѣкѣ до того мѣста, гдѣ прывый берегъ сей рѣки входитъ въ Области Прусскія, (...) всѣ земли, города и округи, въ сей чертѣ находящіяся, навсегда имѣютъ состоять подъ скипетромъ Россійской Державы, жители же тѣхъ земель всякаго роду, пола, возраста и состоянія въ вѣчномъ подданствѣ онаго (...)».
Гэта маніфэст Кацярыны ІІ ад 14 сьнежня 1795 г., якім зацьвярджаўся чарговы этап акупацыі Беларусі. З акупацыяй да нас прыйшла і завядзёнка называць нашыя ж гарады русыфікаванымі польскімі тапонімамі. Да грудкоў зямлі назва Наваградак ня мае дачыненьня.
У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь», зацьверджаным Дзяржаўным камітэтам па маёмасьці і ўзгодненым з Тапанімічнай камісіяй пры Савеце Міністраў Беларусі, форма Наваградак фіксуецца як варыянтная. Гэта значыць пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа быць прызнаная нарматыўнаю.
Як пераймяноўвалі беларускія гарады
Поруч з імёнамі беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак, якія прымусам замяніла савецкая ўлада, вось ужо пару соцень гадоў існуюць і «тапонімы з памылкамі».
Перайменавалі старажытныя гарады й мястэчкі, назвы якіх былі «немілагучныя» або палітычна сумнеўныя для зрусыфікаванага бальшавіцкага вуха.
• Койданава (Койданаў) зрабілі Дзяржынскам,
• Рудобелку — Акцябарскім,
• Дрысу — Верхнядзьвінскам,
• Ігумен — Чэрвенем,
• Кабыльнік — Нараччу,
• Качэрычы — Кіраўскам,
• Прапойск — Слаўгарадам,
• Шацілавічы — Сьветлагорскам.
Вёсак такіх значна больш. Агулам блізу 450 беларускіх паселішчаў пацярпелі ад радыкальнай рэвізіі аўтэнтычных тапонімаў.
Раней, у пару Расейскай імпэрыі, назвы не мянялі радыкальна, а «карэктавалі» адпаведна моўным густам новых гаспадароў.
Спачатку наагул не зважалі на мясцовыя тапанімічныя традыцыі.
«Калі Беларусь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, ні дакумэнталісты, ні гісторыкі, ні картографы таксама не парупіліся пра дакладнасьць перадачы беларускіх айконімаў на расейскую мову, — пісала выбітная беларуская тапанімістка Валянціна Лемцюгова. — Яны запазычвалі ўжо гатовыя польскія формы і запісвалі іх кірыліцкай графікай. У выніку шэраг беларускіх айконімаў увайшоў у гісторыю ў чужамоўнай ці скажонай форме, зь неўласьцівымі для іх гукавымі, граматычнымі і словаўтваральнымі рысамі».
Але пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага ўлады Расейскай імпэрыі пачалі выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны — дзеля зьмены ідэнтычнасьці жыхароў заваяваных земляў. У 1866 годзе яны ўзяліся мяняць назвы вуліц беларускіх гарадоў ды склалі сьпіс паселішчаў, назвы якіх «подверглись извращению во время польского господства в здешнем крае» і якім неабходна было надаць «местные русские названия». Толькі ў Горадзенскай губэрні такіх паселішчаў было 558, сьведчыць гісторык Іна Соркіна. За часамі СССР практыку працягнулі.
Пэўныя спрадвечныя назвы былі змадыфікаваныя адміністрацыйным чынам, іншыя — стыхійна, але ўсе такія зьмены аддалялі аблічча беларускіх тапонімаў ад першаўзору. Свабода сабрала зьвесткі пра купу гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх пад вонкавым уплывам памянялі выгляд.
- Беразіно ці Бярэзань?
- Брэст ці Берасьце?
- Вілейка ці Вялейка?
- Воранава ці Вярэнаў?
- Гродна ці Горадня?
- Дзятлава ці Зьдзецел?
- Драгічын ці Дарагічын?
- Іванава ці Янаў?
- Калінкавічы ці Каленкавічы?
- Ліёзна ці Лёзна?
- Міёры ці Мёры?
- Мінск ці Менск?
- Мсьціслаў ці Амсьціслаў?
- Навагрудак ці Наваградак?
- Полацк ці Полацак?
- Хойнікі ці Хвойнікі?