Журналістка «Зялёнага парталу» Наста Захарэвіч, якая піша пра берасьцейскі акумулятарны завод, атрымала пагрозы з абразамі ў сацыяльнай сетцы «УКантакце».
Што адбылося
Уначы 19 жніўня карыстальнік «УКанткце» даслаў Захарэвіч паведамленьні з абразамі. Пазьней акаўнт мужчыны выдаліў паведамленьні і падзяліўся навіной пра ДТЗ, якую Захарэвіч успрыняла як завуляваную пагрозу. Скрыншоты паведамленьняў апублікаваў «Зялёны партал».
Захарэвіч зьвярнулася 20 жніўня ў міліцыю.
Свабода сьпісалася з акаўнтам мужчыны, які дасылаў абразы. У аўдыёпаведамленьні ён сказаў, каб Захарэвіч зьвярталася ў міліцыю і суд, пасьля дадаў, што ня лічыць напісанае ім абразай. Паводле мужчыны, ён зараз дамагаецца завядзеньня крымінальнай справы супраць праціўніка заводу Дзьмітрыя Бекалюка, бо «у Польшчы і ЗША, яго даўно б расстралялі і пасадзілі».
Хто пісаў абразы
Паводле Зялёнага Парталу чалавек з такім жа імем і прозьвішчам раней заяўляў у міліцыю на актывіста Дзьмітрыя Бекалюка. Пратэстоўцу абвінавачвалі ў дыскрэдытацыі Беларусі, а суму патэнцыйнай шкоды на экспарце ацэньвалі ў 4,5 мільярда даляраў ЗША. З гэтага ж акаўнту пакідаюцца абразы ў бок пратэстоўцаў у камэнтарах пад навінамі пра акумулятарны завод.
Таксама чалавек з такім жа імем, прозьвішчам, датай нараджэньня і фатаздымкам з аватаркі балятаваўся ў Берасьцейскі абласны савет дэпутатаў як намесьнік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі. З акаўнту мужчыны Свабодзе пацьвердзілі, што ён дагэтуль зьяўляецца сябрам ЛДП.