Перакладчык і актывіст РЭП Леанід Шчукін, які праходзіў сьведкам у так званай «справе прафсаюзу РЭП», напісаў адкрыты ліст кіраўніцы адміністрацыі Лукашэнкі Натальлі Качанавай, папрасіў яе ўмяшацца і вырашыць пытаньне аб вяртаньні яму і іншым сьведкам канфіскаванай аргтэхнікі.
Тэкст звароту апублікаваны на сайце praca-by.info.
У звароце актывіст адзначае, што «па незразумелых капрызах фінансавага дазнаўцы С. Дзьмітрыева» яго зрабілі сьведкам у крымінальнай справе над старшынём прафсаюзу РЭП Генадзем Фядынічам і бухгальтарам прафсаюзу Ігарам Комлікам. 7 жніўня 2017 году ў ягонай кватэры правялі ператрус і канфіскавалі тры кампутары і мабільны тэлефон. І хоць крымінальную справу даўно закрылі, яму дасюль не вярнулі канфіскаваную тэхніку.
Паводле Шчукіна, у матэрыялах справы ёсьць заключэньне экспэртаў Сьледчага камітэту, што ў ягоных кампутарах і тэлефоне не знайшлі нічога, што магло б датычыцца справы. Таксама ён атрымаў адказ з Вярхоўнага Суду Беларусі, у якім сказана, што «ў рамках згаданай крымінальнай справы названая маёмасьць рэчавымі доказамі не прызнавалася».
У студзені 2019 году Леанід Шчукін зьвяртаўся з аналягічнай просьбай у адміністрацыю Лукашэнкі, але ягоны электронны зварот быў перанакіраваны ў Генпракуратуру, якая ў сваю чаргу пераслала зварот у пракуратуру Менску, а тыя — у Сьледчы камітэт. Сьледчыя ж адказалі актывісту, што маёмасьць канфіскавалі «ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку», без «парушэньняў пры выманьні і вызначэньні месца захоўваньня маёмасьці».
У жніўні 2017 году ў офісе прафсаюза РЭП, а таксама дома ў лідэраў і актывістаў арганізацыі прайшлі ператрусы, падчас якіх была канфіскаваная асабістая тэхніка. Тады ж ператрусы з канфіскацыяй тэхнікі прайшлі ў офісе прафсаюза БНП у Салігорску і ў кватэрах старшыні і сакратара-скарбніка. Нягледзячы на тое, што з моманту абвяшчэньня прысуду па «справе прафсаюзаў» прайшоў амаль год, забраныя рэчы дагэтуль не вярнулі іх уладальнікам.
«Справа РЭП». Што важна ведаць
- Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017-га. Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах.
- Прафсаюзных актывістаў абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў.
- У межах справы сьледчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
- 24 жніўня лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП Фядыніча і Комліка асудзілі на 4 гады «хатняй хіміі».
- Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».
- Праваабаронцы, якія сачылі за судовым працэсам, адзначалі, што многія доказы здабытыя ў межах «таямнічых працэдураў».
- З заявамі пра неабходнасьць адмены абвінаваўчага прысуду Фядынічу і Комліку выступаюць беларускія праваабарончыя і міжнародныя арганізацыі. Так, на думку міжнароднай праваабарончай арганізацыі Front Line Defenders, перасьлед прафсаюзных лідэраў зьвязаны выключна зь іхнай мірнай і законнай працай у галіне абароны правоў чалавека.
- З патрабаваньнем адмяніць пакараньне лідэрам РЭП зьвярнуліся да прэзыдэнта Беларусі Глябальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў.