Мастачка Ніка Сандрас, чый муж адсядзеў 14 месяцаў у СІЗА, эмацыйна адрэагавала на рэзкую крытыку Аляксандра Лукашэнкі дзейнасьці сілавых структураў. Ніка Сандрас, якая больш за год змагалася за вызваленьне мужа праз скаргі, заявы і рэгулярныя пасты ў Фэйсбуку, ня верыць, што пасьля гучнага разносу нешта зьменіцца да лепшага.
Хто такія Ніка Сандрас і яе муж Андрэй Мішэлутаў
- Ніка Сандрас — беларуская мастачка, у мінулым тэле- і радыёвядучая, аўтарка і арганізатарка фэстывалю для мастакоў-самавукаў «Мы ёсьць!». Ніка вельмі папулярная ў Фэйсбуку, ня стала хаваць арышт мужа і актыўна дамагалася ягонага вызваленьня.
- Муж мастачкі Андрэй Мішэлутаў — мэнэджэр аддзелу закупак групы кампаній Fenox, дзе старшыня савету дырэктараў — вядомы бізнэсовец Віталь Арбузаў. Вясной 2017-га Арбузава і шэраг супрацоўнікаў затрымалі па падазрэньні ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў. У студзені 2018 года быў арыштаваны Андрэй Мішэлутаў, якога абвінавацілі ў спрыяньні ўхіленьню ад сплаты падаткаў. У выніку ўсе падаткі былі сплачаныя разам са штрафам і пеняй. Пасьля ўсе фігуранты крымінальнай справы былі вызваленыя, акрамя мужа Нікі Сандрас, які правёў за кратамі 14 месяцаў. Яго вызвалілі сёлета ў сакавіку. Крымінальная справа не закрытая. Суду не было.
«Калі туды трапляеш, як авечка чакаеш, што будзе далей. Няма ніякіх інструмэнтаў шукаць справядлівасьць»
«Пакуль мой муж сядзеў у СІЗА, было некалькі заяваў генэральнага пракурора, кіраўніка Сьледчага камітэту пра тое, што пасадзіць чалавека ў СІЗА — гэта ня наша мэта. Калі пагасіў страты, то не павінен сядзець у СІЗА. Аднак у майго мужа і страты былі пагашаныя, і асабліва цяжкага злачынства ўвогуле не было, а яго трымалі ў СІЗА 14 месяцаў. — расказвае Ніка Сандрас. — Цяпер кажуць, што больш за 6 месяцаў могуць трымаць у СІЗА толькі асабліва небясьпечных, цяжкіх злачынцаў. Мне і адвакаты казалі, што 6 месяцаў — гэта мяжа. Гэта не мяжа. Яны могуць колькі заўгодна падаўжаць утрыманьне пад вартай, прычым чалавек можа сядзець, а да яго не прыходзяць, сьледчых дзеяньняў няма. Ён раз на два ці тры месяцы атрымлівае ліст пра тое, што яму падоўжылі арышт. Так гэта і адбываецца, колькі б хто не заяўляў, не крычаў і ня грукаў нагамі».
Ніка Сандрас пытаецца, за што яе мужа трымалі ў СІЗА 14 месяцаў. «Розныя прэсавыя сакратары на мае публічныя пытаньні тлумачылі, што мужу ня могуць зьмяніць меру стрыманьня, таму што ён можа паўплываць на хаду расьсьледаваньня. Якая хада расьсьледаваньня, якога няма? Кіраўнік кампаніі на волі, дакумэнты канфіскаваныя, усе дапытаныя, страты пагашаныя, а чалавек 14 месяцаў сядзіць. А потым яго вызваляюць і цішыня. Ён выйшаў 19 сакавіка сёлета, і нічога не адбываецца. Я хачу, каб быў нейкі суд. Крымінальная справа не закрытыя, вісіць у паветры».
Ніка Сандрас хоча, каб «людзей перасталі марнаваць у СІЗА. Мне б хацелася, каб працу сьледчых органаў таксама нехта мог правяраць, каб у людзей, якія трапілі ў такую сытуацыю, як я, быў хоць адзін інструмэнт, калі ты можаш сябе абараніць, каб хоць нехта мог адказваць на нашыя пытаньні. У мяне вельмі мала веры ў тое, што нешта зьменіцца ў лепшы бок. Можа быць, нейкіх маленькіх сьледчых па нейкіх маленькіх справах звольняць».
Паводле мастачкі муж таксама ўжо ня верыць у правасудзьдзе. «Пакуль ішлі падатковыя праверкі, ён хваляваўся, я хвалявалася, але мы гаварылі, што нічога дрэннага ня можа здарыцца. Жах у тым, што да кожнага могуць прыйсьці, нават калі ты нічога не парушыў, ні ў чым не ўдзельнічаў, ні ў чым не вінаваты. Мой муж быў спакойны, нават жартаваў. Але пасьля таго, як ён прасядзеў 14 месяцаў у СІЗА ні за што, ён кажа, што нічога ня можа быць добрага».
«Ад імя гэтых жанчын умаляю, каб хаця б нешта зьмянілася»
Ніка Сандрас просіць зьвярнуць увагу на тое, што ў Беларусі «велізарная колькасьць няшчасных жанчын бясконца езьдзяць па СІЗА і ўмаляюць хоць нешта зьмяніць. Усе кажуць пра людзей, якія за кратамі, але ніхто не гаворыць пра людзей, якія засталіся тут, зь якімі жахлівымі рэчамі ім даводзіцца сутыкацца — зь неверагодна дарагімі адвакатамі, зь перадачамі ў СІЗА, з поўнай невядомасьцю».
«Ты не разумееш, што адбываецца, разумееш толькі, што твой родны чалавек сядзіць у закладніках, і няма ніякай надзеі на справядлівасьць. Велізарная колькасьць жанчын гэта ўсё перажывае. Я ад іх імя ўмаляю, каб хаця б нешта зьмянілася ў гэтай справе» — заклікае Ніка Сандрас.
- У аўторак 20 чэрвеня кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка выступіў з гучным дакладам пра дзейнасьць праваахоўных органаў Беларусі. Цытата пра «некаторых у пагонах, якія прыбурэлі і абарзелі настолькі, што не павінны іх насіць», — далёка ня самы яскравы момант зь ягонага выступу. Лукашэнка расказаў пра супрацьзаконныя мэтады вядзеньня сьледзтва, фальсыфікацыі доказаў віны, злоўжываньне ўладай, арышты невінаватых, падкідваньне наркотыкаў і іншыя злачынствы супрацоўнікаў міліцыі і Сьледчага камітэту. Пры гэтым абвінавачваньні былі агульныя, без канкрэтных прыкладаў. А большая частка нарады прайшла за зачыненымі дзьвярыма.